Будзьце асцярожныя! Кляшчы!

Будзьце асцярожныя! Кляшчы!

З кляшчамі мы часцей сутыкаемся ў змешаных лясах. Прычым, яны скачуць не з дрэў, а перапаўзаюць (чапляюцца) з травы. Наогул, кляшчы жывуць там, дзе ёсць жывёлы-пракарміцелі — грызуны, дробныя млекакормячыя. Вось на іх яны і паразітуюць, чалавек у гэты ланцужок трапляе выпадкова.
У горадзе з кляшчамі можна сутыкнуцца ў лесапаркавых зонах, а яшчэ яны трапляюць у дом разам з хатнімі жывёламі, букетамі лясных кветак і лекавымі травамі. Самі па сабе ў кватэрах яны не жывуць.
Чалавек не адчувае болю, калі клешч прысмоктваецца, бо ў яго сліне ўтрымліваюцца абязбольвальныя рэчывы. Ён не ўпіваецца імгненна: каля 15-20 хвілін шукае зручнае месца, дзе скура больш тонкая — у падпахавых упадзінах, за вушамі, на згібе локця і г. д. Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі такіх захворванняў, як клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз.
Каб не падвяргацца рызыцы заражэння клешчавымі інфекцыямі, неабходна захоўваць элементарныя правілы. Ідучы на прыроду, патрэбна так прадумаць сваё адзенне, каб засталося як мага менш адкрытых участкаў цела. Перад паходам у лес пажадана апрацаваць адзенне і адкрытыя ўчасткі цела спецыяльнымі сродкамі, якія адпуджваюць кляшчоў-паразітаў. Прыйшлі дамоў — абавязкова агледзьце сваё цела і адзенне, а калі былі ў лесе з сабакам — агледзьце і яго. Хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.
Пры ўкусе кляшча, у тым ліку пры зняцці яго самастойна, чалавек павінен звярнуцца да ўрача ў паліклініку па месцы жыхарства (да інфекцыяніста, тэрапеўта, педыятра) альбо да дзяжурнага ўрача-спецыяліста ў прыёмнае аддзяленне для атрымання экстранага прафілактычнага лячэння лекавымі прэпаратамі. Урач з улікам анамнезу, узросту пацярпелага і наяўнасці супрацьпаказанняў павінен назначыць экстраную хіміяпрафілактыку (лячэнне пачаць не пазней за 72 гадзіны з моманту ўкусу).
Кляшчы могуць быць даследаваны на Лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт у Брэсцкім абласным ЦГЭіАЗ па адрасе:
г. Брэст, плошча Свабоды, 11А (3 паверх, каб. № 3), у рабочыя дні з панядзелка па пятніцу з 8.30 да 17.00, перапынак на абед з 13.00 да 14.00. Знятага кляшча неабходна памясціць у закрыты крышкай флакон з кавалачкам ваты, змочанай у вадзе. Да моманту дастаўкі захоўваць у халадзільніку. Даследаванні кляшчоў право-дзяцца, у асноўным, на платнай аснове. Для асобных катэгорый грамадзян прадугледжаны зніжкі ў памеры 30 працэнтаў.
Іна БАЙЦУН, памочнік урача-паразітолага Жабінкаўскага райЦГЭ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top