Іскры ад музычнага металу

Іскры ад музычнага металу

Анатоль БЕНЗЯРУК.

20 гадоў таму ў Жабінцы нарадзіўся першы музычны гурт, што “прапаведаваў” хэві-метал. Сённяшнія права-пераемнікі тых рокераў — “Black Dogs Band” — нават імкнуцца да звання народнага калектыву. Што ж, культура раёна рознабаковая. Чаму ж паміж фальклорнымі, эстраднымі, акадэмічнымі калектывамі не ўзнікнуць яшчэ і групе, здольнай высякаць іскры з музычнага металу?

ЗА ДВА ДЗЯСЯТКІ гадоў неаднойчы мяняліся назвы, склад удзельнікаў, пакуль восенню 2006-га музыкі з калектыву (тады ён зваўся “Аблада”) не аб’ядналіся ў жаданні ствараць па-сапраўднаму сваю рок-музыку. Новае дыханне прынёс 2016 год, калі да гітарыста Рамана Галавенкі і барабан-шчыка Яўгена Цімашука далучыўся бас-гітарыст Віктар Смалюк. Даволі доўга шукалі вакалістку. Нарэшце выбар упаў на Лілію Дашкевіч, якая здолела сваім высокім гожым голасам насыціць музычныя кампазіцыі сапраўды яркім сэнсам і гучаннем. Ёй у дапамогу — цудоўная бэк-вакалістка Аксана Пракошына. Год таму да жабінкаўцаў далучыўся гітарыст Сяргей Данілевіч з Чарнаўчыцаў. Ёсць яшчэ віртуоз на клавішных Аляксандр Маргевіч.
— Калектыў, дарэчы, сабраўся не дзеля нейкага звання, а для атрымання душэўнага задавальнення, нават асалоды. Бо музыка — тое святло, што дае чалавеку мажлівасць жыць паўнавартасна, — перакананы Раман Галавенка (на здымку). — Тэксты і мелодыі — цалкам аўтарскія, створаны мною і Сяргеем, аранжыроўкі — агульная справа. Асобна дзякуем Валерыю Няменьшаму за запісы вакалу і бэк-вакалу.
Выканаўцы з “Блэк Догз Бэнда” актыўнічаюць у сваёй творчасці, удзельнічаюць у сустрэчах байкераў, розных рок-фэстах. Адзін з буйнейшых — “Лідскі злёт” — штогод у жніўні ладзіцца паблізу старажытнага замка.
Напрыканцы красавіка ў Жабінку на канцэрт гурту завіталі не толькі шматлікія сябры-байкеры, але й спецыялісты абласнога грамадска-культурнага цэнтра, што выносяць вердыкт, ці годны той або іншы калектыў звання “народны”. Дарэчы, гэта ўпершыню, калі сярод жабінкаўскіх самадзейных артыстаў за такое высокае званне гатовы паспрачацца рок-музыканты — прадстаўнікі класічнага хэві-металу.
Падчас канцэрта ў ГДК прайшла прэзентацыя дэбютнага альбома “Новая эра”, які складаецца з дзесяці твораў, напісаных удзельнікамі гурту. Двум дзясяткам аматараў пашчасціла атрымаць у падарунак дыскі, майкі і кепкі з лагатыпамі “Блэк Догз Бэнда”.
Падтрымаць сяброў прыехалі дзве вядомыя “металічныя” групы — лаўрэаты шматлікіх рок-конкурсаў і фестываляў: “Алгарытм” і “Вольф-шэйд” (апошніх Раман Галавенка лічыць “дыназаўрамі цяжкага року Брэсцкай вобласці, бо іграюць яны даўно, шмат і надзвычай удала”).
Што ж да рашэння камісіі? Агульная ацэнка — станоўчая. Аднак пакуль ёсць яшчэ над чым працаваць, лічыць журы. Наступная сустрэча, мабыць, налетась. Між іншым няпроста зламаць стэрэатып, што беларусы могуць не толькі скакаць праз купальскае вогнішча, а яшчэ й іскры высякаць сваёй музыкай з металу. А таму патрабаванні да тых, хто хоча мець званне “народны” ў гэтым нязвыклым жанры, асабліва высокія.

Popularity: 1%

Top