Многія псіхічныя расстройствы, якія назіраюцца ў дарослых людзей, узнікаюць у дзіцячым узросце. Адным з такіх захворванняў з’яўляецца аўтызм – парушэнне псіхічнага развіцця, якое характарызуецца расстройствамі маторыкі і маўлення, прыводзіць да парушэння сацыяльнага ўзаемадзеяння. Гэта параўнальна рэдкая форма паталогіі ўпершыню была апісана амерыканскім псіхіятрам Канерам і аўстрыйскім вучоным Аспергерам. У апошні час гэтае захворванне сустракаецца даволі часта – 5-20 выпадкаў на 10 тысяч дзяцей.
Асноўныя праяўленні яго: парушэнне камунікацыі, выражаная недастатковасць ці поўная адсутнасць патрэбы ў кантакце з тымі людзьмі, якія побач, эмацыянальная халоднасць або абыякавасць да блізкіх, аднастайныя паводзіны са схільнасцю да стэрэатыпных рухаў. Захворванне найбольш выразна праяўляецца ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў.
Паводзіны дзяцей з сіндромам аўтызму аднастайныя. Яны гадзінамі могуць здзяйсняць адны і тыя ж рухі: перасыпаць што-небудзь, перабіраць паперы. Яны актыўна імкнуцца да адзіноты, адчуваюць сябе лепш, калі іх пакідаюць адных, не даюць адэкватную эмацыянальную рэакцыю на з’яўленне мамы ці таты, або калі яны выходзяць з пакою, часта бываюць раўнадушнымі да блізкіх.
Пры дзіцячым аўтызме адзначаецца нераўнамернасць развіцця псіхічных функцый: памяці, увагі, мэтанакіраванасці. Як правіла, маецца значная затрымка фарміравання элементарных навыкаў самаабслугоўвання: пры ежы, умыванні, адзяванні і раздзяванні. Маўленне можа развівацца нармальна і з затрымкай, больш пакутуе яго камунікатыўная функцыя, а “аўтаномная” мова дастаткова развітая. Інтэлект у такіх дзяцей бывае або звычайным, або ў іх могуць назірацца нязначныя адставанні ў псіхічным развіцці.
У канцы дашкольнага ўзросту паступова адбываецца сціранне некаторых праяўленняў ранняга дзіцячага аўтызму, а ў малодшым школьным узросце адбываецца трансфармацыя вышэйназваных сімптомаў у іншыя. Прагноз пры сіндроме ранняга дзіцячага аўтызму разнастайны: пры найбольш спрыяльным цячэнні можа пераходзіць у псіхапатыю, а ў больш горшым выпадку – у атыповую форму разумовай адсталасці.
Дзецям з расстройствам аўтычнага спектра неабходна сістэма спецыялізаванай дапамогі. Ім патрэбны асобныя ўмовы, формы і метады навучання, выхавання. Важным фактарам лячэбна-рэабілітацыйнага працэсу з’яўляецца ступень удзелу бацькоў і эфектыўнасць узаемадзеяння спецыялістаў з бліжэйшым акружэннем дзіцяці. Сямейнае кансультаванне і сямейная псіхатэрапія з’яўляюцца неад’емнай часткай дапамогі такім дзецям. Карэкцыйная работа з імі павінна насіць комплексны характар. Сюды ўваходзяць медыкаментозная, псіхалагічная і лагапедычная дапамога. Для кожнага аўтычнага дзіцяці неабходны індывідуальны падыход па падборы як фармакалагічных прэпаратаў, так і псіхолага-педагагічных стратэгій.
Марыя ВАЙЦЮК, урач псіхіятр-нарколаг Жабінкаўскай ЦРБ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
