Калі барвовыя лісты…

Анатоль РОСТАЎ.

Тая яркая і непаўторная пара года, калі барвовыя лісты свой шаматлівы след пакідаюць на зямлі, заўсёды святочная пад дахам дома Людмілы і Уладзіміра Дземідзюкоў. Да таго ж сёлета гэта 35-я, сапраўды каралавая восень у іх агульным сямейным “заліку”. Што казаць, прыемна ісці поруч, калі жыццёвая сцяжына багата ўсланая барвамі ды золатам пражытых гадоў. А яны, тыя гады, дадаюць вопыту, мудрасці, простага сямейнага шчасця, якім ёсць з кім, дзякуй богу, падзяліцца.
ЦІ БЫВАЕ ДАЛЁКІМ шлях да шчасця? Звычайна на гэтае пытанне кожны адказвае самастойна. Як памылішся — век гараваць, знойдзеш правільны адказ — дзякуй шчыра за ўдачу. Аднаму — на край свету па шчасце бегчы, другі — у дарозе яго выпадкова сустрэне, у трэцяга тая самая ўдача да пары да часу на суседняй вуліцы або ў блізкай хаце гушкаецца.
У лёсах Людмілы і Уладзіміра выпаў апошні варыянт. Нарадзіліся і жылі ў адной вёсцы, якая здаўна звалася, дый завецца Глыбокае. Там упершыню, як час прыйшоў, і глыбіні сваіх пачуццяў змералі.
Ён і яна пазнаёміліся-спаткаліся летам восемдзесят першага, як толькі званок у Крыўлянскай школе абвясціў для Людмілы аб заканчэнні чарговага навучальнага года.
Тады сапраўдным цэнтрам вясковага “сусвету” быў вялікі клуб. Ён ніколі не пуставаў, спяваў, гаманіў людскімі галасамі, найчасцей маладымі. Сюды збіраліся, каб падзяліцца навінамі і гожа адпачыць. Заўжды было шматлюдна, бо тагачаснае сяло поўнілася моладдзю. Вось і збіраліся чалавек сорак юнакоў ды дзяўчат вечарамі на вячоркі. Вяршыняй усялякай культурнай праграмы былі, вядома ж, танцы.
Час ад часу на іх заходзіла і прыгажуня Люда Мышкавец. Аднаго разу, нібыта ў той даўняй песні пяецца, сустрэлася дзяўчына “пад гукі вальса, што ніколі не старыцца”, з будучым суджаным. Хлопец ужо адслужыў у войску, як гаворыцца, свет пабачыў, быў працавіты, гаваркі. Адным словам, прыглянуўся дзяўчыне — разумным паказаўся, са сваімі поглядамі, перакананнямі, зусім дарослымі планамі на жыццё. Вось і паабяцаў дзяўчыне аднойчы:
— Як толькі школу закончыш — адразу сватоў чакай!
І слова сваё, канечне, неўзабаве стрымаў. Ды не адразу, бо Людміле пасля таго, як школьны развітальны званок прагучаў, яшчэ год давялося адвучыцца ў Брэсце на бухгалтарскіх курсах, а потым практыку прайсці ў тэхнікуме.
Аднак ці гэта закаханым перашкода? Калі выпадаў вольны дзень, хлопец спяшаўся ў горад над Бугам, дзе яго чакала дзяўчына. А як прыходзіў выхадны, ужо яна вярталася дамоў, у роднае Глыбокае. Тут маладыя бавілі разам час, кожны раз шкадуючы перад расстаннем, наколькі ж ён бывае хуткаплынным… Пачалі складаць агульныя планы на жыццё. І першым пунктам значылася, канечне, вяселле. Адклад не ідзе на лад. Навошта далей цягнуць, калі прайшлі свой шлях да шчасця ды ўпэўніліся: адшукалі кожны сваю палавінку?! А каб назаўсёды запомнілася вяселле, дні для яго абралі не звычаёвыя, а святочныя.
Такім чынам, 6 лістапада 1983 года ў Жабінкаўскім загсе для новаўтворанай сям’і прагучаў знакаміты “Марш Мендэльсона”. Вяселлі раней, як правіла, вечарынай не абмяжоўваліся, ды і дня было мала, каб з усімі запрошанымі гасцямі павітацца. Таму ажно тры дні на дзве хаты гудзела вёска. Вядома, найбольш за дзяцей радаваліся бацькі маладога Мікалай Сямёнавіч і Марыя Антонаўна ды маладой — Іван Ігнатавіч і Любоў Аляксееўна.
Што да гэтага дадаць? Бяседа атрымалася цалкам сялянская. Таму нярэдка згадваліся звычаі, што ад продкаў дасталіся. Як гаворыцца, і каравай дзялілі, і карагод вадзілі. Кожны ў Глыбокім цудоўна ведаў, чаму на падворках Дземідзюкоў ды Мышкаўцоў так гучна музыка грае. Многія заходзілі, каб маладым добрыя словы сказаць, ад усяе душы пажадаць шчасця, радасці ды, вядома ж, хуткага прыбаўлення… Мо адна з самых частых прапаноў:
— Хай будзе вам цёпленька, сонечна. Каб ваша жыццё было падобна на гэтае надвор’е!
І сапраўды, хоць позняя восень ужо і ўступіла ў свае правы, ды надвор’е выдалася ў тыя лістападаўскія дні надзвычай цяплюткім. Быццам шчодрая прырода таксама далучалася да пажаданняў шчасця маладым.
Адразу як пажаніліся, перасяліліся ў Жабінку, дзе Уладзімір Мікалаевіч трэці год працаваў у сельгастэхніцы, а Людміла Іванаўна ўладкавалася ў райспажыўтаварыства.
Час прыйшоў — і сыны нарадзіліся. Першынец Раман цяпер служыць у праваахоўных органах, малодшы Юрый працуе на цукровым заводзе. Дзецьмі сваімі Дземідзюкі ганарацца. Завітаўшы надаўна ў рэдакцыю, Уладзімір Дземідзюк пабачыў кастрычніцкі нумар “Сельскай праўды”, дзе на першай паласе змешчаны партрэт малодшага сына. Па ягонай шырокай усмешцы няцяжка было здагадацца: бацьку вельмі цешаць Юравы поспехі.
Яшчэ больш прыемных хвілін прыносіць адчуванне, што ў сыноў склаліся добрыя сем’і. Раман ажаніўся на Алене (дарэчы, іх вяселле згулялі таксама ў пачатку лістапада). Нявестка працуе ў дзіцячай школе мастацтваў, вучыць юных жабінкаўцаў ігры на фартэпіяна. У іх гадуецца дачка Даша. Юрый стварыў сям’ю з Вольгай, якая працуе інспектарам на Брэсцкай мытні. Іх маладая сям’я, у якой таксама ёсць дачка Маргарыта, будуецца, а пакуль жыве разам з дзядулем і бабуляй.
— Месца ўсім хапае, — гаворыць старэйшы Дземідзюк. — У 1989 годзе ўзвялі хату. Бадай, тады і атрымалася зрабіць самы вялікі падарунак да чарговай гадавіны вяселля. Кожны займеў уласны пакой. Прыемна, калі дом маладымі галасамі поўніцца, спачатку дзяцей, потым унучак. Нават шкадуем з жонкаю, што прыйдзе хутка час, калі яны толькі на святы будуць да нас прыязджаць.
Адно такое свята — агульнае для ўсіх — сабрала 7 лістапада за вялікім сталом адразу тры сям’і Дземідзюкоў. Сёлета гэты дзень тройчы афарбаваны для іх у чырвоныя колеры. На дзяржаўным календары — свята, на сямейным — таксама. Ды і восень усё яшчэ радуе барвовымі лістамі, што шамацяць у парку пад нагамі…
На здымку: Уладзімір і Людміла ДЗЕМІДЗЮКІ з сынамі Юрыем і Раманам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.