ФАУ “Зорны” сустракаў “зорных” аграрыяў

ФАУ “Зорны” сустракаў “зорных” аграрыяў

 

Не паспелі сціхнуць хваляванні ўдзельнікаў ІХ раённай галіновай спартакіяды работнікаў АПК, як пераможцаў паклікаў ФАУ “Зорны”, што ў аграгарадку Тамашоўка Брэсцкага раёна. Тут у першыя летнія дні ладзіліся вясковыя спартыўныя гульні сярод работнікаў АПК. У іх прынялі ўдзел 23 каманды раённых і аб’яднаных арганізацый Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Каманда Жабінкаўшчыны была адной са шматлікіх – 27 чалавек – і адной з нямногіх, што ўдзельнічала ва ўсіх відах спаборніцтваў.
Пасля ўрачыстага адкрыцця сельскіх гульняў удзельнікі разышліся па секцыях, каб змагацца за званне лепшага па 11-ці відах спорту: футболе і валейболе, настольным тэнісе, гіравым спорце, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе плаванні, більярдзе, шашках, лёгкай атлетыцы, спартыўна-турысцкіх спаборніцтвах па праграме комплексу ГТА.
Для нашай каманды пляцоўкі “Зорнага” сталі сапраўды зорнымі! Сярэбраным прызёрам турніру стала жабінкаўская каманда па валейболе, бронзу ва ўпартай барацьбе заваявалі футбалісты.
Высокую трапнасць праявілі Віктар Якубук і Ірына Ануфрыюк у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – яны занялі ў асабістых заліках другое і трэцяе месцы, тым самым папоўнілі скарбонку каманды першым месцам у гэтым відзе спорту. Упорна змагаліся тэнесісты Ганна Данільчанка і Сцяпан Кавальчук (занялі чацвёртае каманднае месца). Чацвёртымі па выніках асабістых спаборніцтваў і змешанай эстафеце сталі і нашы плыўцы: Таццяна Давідчук, Алена Казак, Анатоль Касянкоў і Ілля Цалапаў. Дарэчы, нашы мужчыны-плыўцы да таго ж аказаліся і бронзавымі прызёрамі спартакіяды ў асабістых заплывах на дыстанцыі 100 метраў. Яшчэ два бронзавыя медалі ў більярдзе (Сяргей Пятручык) і дартсе (Наталля Карпук) папоўнілі скарбонку ўзнагарод жабінкаўцаў. Годна выступілі гіравікі Мікалай Царук і Мікалай Будзяркевіч, шашыст Міхаіл Чарнецкі.
Неверагодную мужнасць праявілі нашы дзяўчаты Таццяна Давідчык і Марына Кавальчук: нягледзячы на атрыманыя траўмы падчас лёгкаатлетычнай эстафеты, на наступны дзень яны ўсталі ў шэрагі і ў камандзе з Андрэем Салеем, Сяргеем Супруном, Віктарам Якубуком, Андрэем Іванюковічам годна выступілі ў спартыўна-турысцкіх спаборніцтвах па праграме комплексу ГТА, заняўшы чацвёртае месца.
Такім чынам, у агульнакаманднай скарбонцы Жабінкаўскай каманды аказалася 51 ачко, і мы сталі сярэбранымі прызёрамі вясковых спартыўных гульняў 2018 года, саступіўшы лідару – кіруючай кампаніі холдынгу “Канцэрн Брэстмясамалпрам” толькі 6 ачкоў! На трэцім месцы аказалася каманда Камянецкай раённай прафсаюзнай арганізацыі.
Гэты грандыёзны поспех адбыўся дзякуючы адзінству і згуртаванасці нашай каманды, што аддала максімум у барацьбе за перамогу.
Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць генеральнаму дырэктару ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктару Міронаву і дырэктару ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васілю Волку за аказаную дапамогу ў забеспячэнні каманды спартыўнай формай і транспартам, а таксама за стварэнне выдатных умоў для заняткаў спортам і творчасцю работнікам.
Наталля КАРПУК, старшыня Жабінкаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top