Будзь, пазычальнік, акуратным, альбо Калі зух – не пачынай рух

Будзь, пазычальнік, акуратным, альбо Калі зух – не пачынай рух

 

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
У апошні школьны тыдзень старшакласнікі спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната сталі гасцямі ў аддзеле прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна.

Сустрэча ладзілася сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй. Рабілася гэта нездарма: вартаўнікі спакою нашых дарог, з якімі актыўна супрацоўнічаюць спецыялісты АПВ, у канцы мая – пачатку чэрвеня праводзілі на Жабінкаўшчыне спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Увага – дзеці!”. Таму зараз, у рамках адзінага дня бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Зробім лета бяспечным разам”, часова выконваючы пасаду начальніка АДАІ Жабінкаўскага райаддзела міліцыі Сяргей Пятручык звярнуўся да дзяцей з пагоршаным зрокам з просьбай надзвычай акуратна ставіцца да дарожнага руху.
Уся даверлівая размова была накіравана на прафілактыку дзіцячага траўматызму. Яна хутка ператварылася ў дыялог, паколькі школьнікі ахвотна задавалі пытанні. І атрымлівалі на іх вычарпальныя адказы ад супрацоўніка аддзела ДАІ. Прынамсі, Сяргей Мікалаевіч патлумачыў, наколькі важным бывае ведаць, а галоўнае выконваць патрабаванні ПДР, што напісаны, на жаль, “на слязах ды крыві, бо за кожным пунктам правілаў – трагічныя выпадкі, нярэдка са смяротным зыходам, якіх можна было б пазбегнуць пры выкананні элементарных рэчаў”. Для прыкладу вучням былі паказаны кароткія відэаролікі, дзе яскрава засведчана, наколькі кволым бывае жыццё, як лёгка яно можа абарвацца з-за свавольства, адсутнасці нават на імгненне ўвагі, зухаватасці на дарозе. Бо яна, як вядома, не надта песціць тых, хто адносіцца зняважліва да правілаў дарожнага руху.
Не меншую цікавасць у юных гасцей выклікаў расповед начальніка аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна Ірыны Тэадаровіч. Прычым, калі з дзейнасцю супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі многім даводзіцца сутыкацца літаральна штодня, дык справы, якімі займаюцца спецыялісты АПВ, не толькі для дзяцей, але і шматлікіх дарослых застаюцца за сямю пячаткамі. Бо, як патлумачыла Ірына Генадзьеўна, у поле зроку аддзела, які яна ўзначальвае, перш-наперш трапляюць нядобрасумленныя грамадзяне, што маюць запазычанасці перад дзяржавай, юрыдычнымі або прыватнымі асобамі, таму галоўны абавязак АПВ – стаяць на ахове інтарэсаў дзяржавы і сумленных грамадзян, дабівацца вяртання ім грошай ды маёмасці. Ірына Генадзьеўна расказала, якімі спосабамі несумленных неплацельшчыкаў прымушаюць вяртаць пазычаныя імі сродкі.
Напрыканцы вучняў школы-інтэрната чакала кароткая экскурсія па ўстанове, знаёмства з супрацоўнікамі. На памяць пра карысную сустрэчу дзеці атрымалі так званыя флікеры і падпіску на дзіцячыя перыядычныя выданні, якую аформілі для іх супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання.
На здымках: маёр міліцыі Сяргей ПЯТРУЧЫК дорыць флікеры юным гасцям; здымак на добрую памяць пра карысную сустрэчу.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top