Галоўны жыццёвы прынцып –дапамагаць іншым

Галоўны жыццёвы прынцып –дапамагаць іншым

 

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

На 7 чэрвеня 531 жыхар нашага раёна выступіў у якасці донара крыві, з іх 201 чалавек – на бязвыплатнай аснове. Дні донара на Жабінкаўшчыне арганізоўвае і праводзіць у адпаведнасці з зацверджаным графікам Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві. Сёлета такіх дзён запланавана 10. Падчас іх забор крыві ажыццяўляецца на базе раённай бальніцы, а таксама цукровага і камбікормавага заводаў. Сярод тых жабінкаўцаў, якія з’яўляюцца дзеючымі донарамі, трое носяць высокае званне Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь. У іх ліку работнікі райбальніцы Вера Цярэшчанка і Святлана Карпучык, цукровага завода – Сяргей Жураўлёў. Каб атрымаць такое званне, на рахунку донара павінна быць больш за 40 крываздач. Ёсць сярод жабінкаўцаў і пачынаючыя донары. Сярод іх інспектар па кадрах Жабінкаўскага камбікормавага завода Святлана Быкава (на здымку).
У Святланы Валянцінаўны быў вопыт донарства яшчэ ў студэнцкія гады, калі вучылася на юрыста ў Гарадоцкім саўгасе-тэхнікуме. І вось яна вырашыла вярнуцца да гэтай добрай справы. Сваю скарбонку жанчына папоўніла дзвюма крываздачамі на бязвыплатнай аснове, якія ажыццявіла ў лістападзе 2016-га і летась у кастрычніку. Тлумачыць гэта душэўным парывам, жаданнем дапамагчы людзям. Да слова, кожны месяц жанчына тэлефануе на пэўны нумар, і з яе рахунку здымаюцца грошы, якія ідуць на лячэнне хворых дзетак. Дбаць пра іншых – галоўны прынцып маёй суразмоўніцы, з якім яна ідзе па жыцці.
Святлана Валянцінаўна расказала, як яна рыхтуецца да здачы крыві. За тры дні не есць тлустага мяса, перавагу аддае малочным прадуктам, п’е шмат вадкасці. Пасля працэдуры дапамагаюць аднавіцца салодкі гарачы чай, сокі, шакалад. У размове жанчына адзначыла: каб здаваць кроў, патрэбна быць абсалютна здаровым, не мець хранічных захворванняў. Гэта павінна пацвярджаць даведка ад участковага ўрача.
Святлана Быкава і далей плануе здаваць кроў. У чэрвені на базе прадпрыемства пройдзе чарговы Дзень донара, у якім яна абавязкова прыме ўдзел.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Top