Наркаманія – гэта ўжыванне чалавекам наркатычных рэчываў, ад якіх ён упадае ў залежнасць і адчувае непераадольную цягу да іх. Наркотыкі выклікаюць прывыканне як псіхалагічнае, так і фізічнае. У перапынках паміж іх прыёмамі ў наркамана ўзнікае хваравіты стан, так званая ломка. А наркатычныя рэчывы дазваляюць яму атрымаць часовую ілюзію задавальнення.
Наркаманія распаўсюджваецца хутка. Сёння практычна не існуе ніводнага рэгіёна, дзе б не фіксаваліся выпадкі ўжывання наркотыкаў. Праблема заключаецца ў тым, што залежны ад іх чалавек ніколі не прызнае сябе наркаманам. Ён не звяртаецца па дапамогу да медыкаў, хоць згубныя рэчывы ўжо адмоўна дзейнічаюць на яго арганізм, разбураючы псіхіку і здароўе. Наркаманія прыводзіць чалавека да дэградацыі, хваробаў і смерці. Таму з гэтай бядою неабходна змагацца ўсім разам.
Судом Жабінкаўскага раёна ў выязным судовым пасяджэнні, што адбылося ў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні жыхара райцэнтра Х. у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У перыяд з 1 па 15 верасня мінулага года Х. незаконна, без мэты збыту, на ўчастку мясцовасці, размешчаным непадалёк ад цукровага завода ў накірунку вёскі Сакі, сарваў тры шышкі канопляў, здрабніў і сушыў на балконе сваёй кватэры. Пасля высушвання захоўваў небяспечную “траўку” ў карабку ад запалак за трубой пад рукамыйнікам на кухні. 18 сакавіка сёлета з дапамогай інтэрнэту Х. даведаўся спосаб вырабу самаробнага апарата для ўжывання марыхуаны з пустой палімернай бутэлькі і тут жа прымяніў яго на справе. Нядоўга музыка гучала… ў галаве, таму што на наступны дзень, 19 сакавіка, скрутак з 0,50 грама марыхуаны і прыстасаванне для курэння былі канфіскаваны супрацоўнікамі міліцыі.
Судом Жабінкаўскага раёна Х. асуджаны за незаконнае набыццё і захоўванне наркатычнага сродку, яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін адзін год шэсць месяцаў без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%