Пад эгідай грамадскага аб’яднання “БРСМ” на Жабінкаўшчыне ладзіцца нямала цікавых мерапрыемстваў. Першы сакратар РК “БРСМ” Марыя Сянішына лічыць, што важна клапаціцца, каб моладзь была здаровай, ініцыятыўнай, кемлівай, актыўнай. Трэба падтрымліваць пачынанні, садзейнічаць яе замацаванню на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.
– Марыя, раскажыце, калі ласка, як арганізуецца работа з юнакамі і дзяўчатамі ў нашым раёне?
– Мы дапамагаем стварыць умовы для ўсебаковага інтэлектуальнага, духоўнага, фізічнага развіцця моладзі і раскрыцця яе творчага патэнцыялу. У нашым райкаме “БРСМ” усяго 986 сяброў: 744 – школьнікі, 242 – працуючая моладзь. Ёсць актыўныя, цікаўныя, захопленыя асобы, якія дабіваюцца сваіх мэтаў. Пад эгідай БРСМ праводзяцца шматлікія прафілактычныя акцыі. Сярод іх “Моладзь супраць наркотыкаў”, “Асцярожна, тонкі лёд!”, мерапрыемствы да Сусветнага дня адмовы ад курэння, да Дня барацьбы са СНІДам. Сумесна з інспекцыяй па справах непаўнагадовых праводзім інфармацыйна-прафілактычную работу па праграме “Клопат” з падлеткамі, якія збочылі з правільнага жыццёвага шляху. Цікава прайшлі адкрытыя дыялогі моладзі з кіраўніком раёна Дзмітрыем Гарадзецкім і на тэму “Фінансавая адукаванасць” з моладзевым аб’яднаннем прафсаюзаў і актыву райкама ГА “БРСМ”.
– Чаго чакае моладзь ад БРСМ?
– Дзейнасць нашай арганізацыі не прадугледжвае ўзнагароджанні. Хаця за кошт узносаў БРСМ летась фінансаваў прызы для многіх спаборніцтваў.
Многія памятаюць эфектны конкурс “Аўталедзі”, прысвечаны Дню моладзі. Стала добрай традыцыяй праводзіць сельгаспраект “Уладар вёскі”, фотаконкурс “Я і мама ў аб’ектыве”, спартакіяды сярод міліцыянераў і актывістаў БРСМ, турніры па боулінгу і більярдзе, чэмпіянаты па лазертагу сярод школьнікаў. Дарэчы, старшакласнікам палюбілася гульня “Арляня”, раённае свята “Дзень абароны дзяцей з БРСМ”, акцыі “У школу – з “Добрым сэрцам”, “Карысныя канікулы” і многія-многія іншыя.
– Ці часта юныя жабінкаўцы звяртаюцца да вас з ідэямі?
– На жаль, ідэй не так шмат, як хацелася б. Хаця мы заўжды адкрыты для абмеркавання новых фарматаў працы. Напрыклад, ідэя правесці моладзевы квэст узнікла ў Яўгена Васілевіча, Рамана Андраюка і Аляксандры Сівухінай. І квэст, прысвечаны Дню Перамогі, яны арганізавалі практычна самастойна, ён вельмі спадабаўся падлеткам-удзельнікам. Пасля з’явіўся наступны гарадскі квэст “Ведай нашых!”, у якім мы ўлічылі пажаданні юнакоў і дзяўчат. У цікавай форме нагадалі і расказалі маладым пра гістарычныя аб’екты і падзеі мінулага Жабінкаўшчыны. Пераможцай гэтага квэсту стала дружная каманда Жабінкаўскага РСПЦ у складзе Лідзіі Лінік, Ганны Шэйда і двух Сяргеяў – Андраюка і Шэйды.
Заўважыла, што калі пачынаем зай-мацца нейкім праектам, то процьма ідэй з’яўляецца ў працэсе падрыхтоўкі. Галоўнае, знайсці аднадумцаў. Так што заклікаю нашу моладзь смела агучваць свае пажаданні і прапановы!
– Якія вашы планы на бягучы год?
– Іх нямала. Хочацца захаваць добрыя традыцыі і прапанаваць нешта новае. Плануем правесці турыстычны злёт сярод працуючай моладзі, інтэлектуальны турнір “Гульні розуму”, спаборніцтвы па лазертагу і інш. Здорава, што ўсе пачынанні падтрымлівае кіраўніцтва раёна. Спадзяюся, юнакі і дзяўчаты прымуць актыўны ўдзел ва ўсіх запланаваных мерапрыемствах, арганізаваных РК “БРСМ”.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам!
Лідзія ІВАНІХІНА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%