З кагорты першых

Святаслаў Рыгоравіч Кажадуб нарадзіўся ў Нароўлі, але лічыць сваёй другой Бацькаўшчынай Брэсцкую вобласць, дзе пражыў звыш паўвека. Калі больш канкрэтна, то Жабінкаўскі ды Івацэвіцкі раёны, дзе сустрэў сваю суджаную, дзе стварылася сям’я, а сам ён адбыўся як педагог і журналіст. Ён з кагорты першых, каму выпала стаяць ля вытокаў нашай “Сельскай праўды”.

Нарыс

Дзяцінства, апаленае вайной

У чэрвені сорак першага, як да Нароўлі дакацілася нямецкая навала, хлапчуку паспела споўніцца пяць гадоў. Аднак больш яскрава сёння ён уяўляе сабе восень сорак трэцяга, як вайна, ненажэрная і крывавая, ужо вярталася назад, калі сталі вызваляць беларускія землі.
Яна стаяла ля варот, і мястэчка поўнілася чуткамі аб тым, што зараз немцы асабліва злосныя: нішчаць усё, што трапляецца на шляху, а людзей – забіваюць. Значыць, трэба кінуць пасёлак і перачакаць бойню дзе-небудзь у лесе.
У сям’і Кажадубаў засталіся трое хлопчыкаў: Уладзік і браты-блізняты Святаслаў і Міколка, бо перад вайной старэйшая сястра Галя з сяброўкай паехалі ў Ленінград на працу і лёс яе быў невядомы.
Кажадубы таксама сабраліся ў дарогу, але ў апошні момант бацька заўпарціўся:
– Не паеду я! Каму я патрэбен, калі гады мае коцяцца да шасцідзесяці?! А без мяне ўсё, што нажылі такой працай, расцягнуць!..
Кацярына Іванаўна рушыла ў дарогу з хлапчукамі, а ён застаўся за вартаўніка. Сям’я Кажадубаў разам з іншымі, такімі ж няшчаснымі, знайшла прытулак у лесе ля вёскі Фізінкі. Спачатку жылі ў будане, зробленым з галля, а пасля людзі і зямлянку выкапалі.
Больш як праз месяц вызвалілі мястэчка і нараўлянцы сталі вяртацца да родных сядзіб. Прыязджалі і не пазнавалі сваіх мясцін. У доме Кажадубаў апошнім часам жылі немцы. Яны спалілі ў печцы ўсю мэблю, што была ў хаце, разабралі сенцы, а самі, мусіць, тут грэліся і балявалі: навокал валяліся курынае пер’е ды абгрызеныя косткі. А што сталася з гаспадаром?
Ягоны лёс стаў вядомы, калі зайшоў сусед Яўхім. Ён таксама не выязджаў з пасёлка, туляўся ля дома, каб не трапіць захопнікам на вочы. Калі чужынцы пасяліліся ў крайняй, Кажадубавай хаце, яны, напэўна, не жадалі, каб нехта перашкаджаў ім гаспадарыць. Рыгора Дзмітрыевіча назвалі партызанам, збілі да паўсмерці, завалаклі на бераг Прыпяці і кінулі ў ваду. Там напаўжывога яго адшукаў сусед, занёс у свой хлеў, даглядаў, але праз некалькі дзён Рыгор Дзмітрыевіч памёр.
Яўхім паказаў на могілках месца, дзе пахаваў суседа. Ён вярнуў Кацярыне Іванаўне мужаву скрыпку, якую ўдалося ўратаваць ад чужынцаў. Сям’і Кажадубаў трэба было ладзіць жыццё без бацькі.

Развітанне з бацькавай скрыпкай

Смерць Рыгора Дзмітрыевіча не стала адзінай трагедыяй для сям’і. Напрыканцы лета 1944 года старэйшаму сыну Уладзіку, як і яго аднагодкам, уручылі позву з ваенкамата. Хоць усе жылі бедна, але людзі разумелі, куды адпраўляюць сваіх сыноў, і па традыцыі арганізоўвалі праводзіны.
Суседкі ведалі, як цяжка будзе ўдаве сабраць развітальную вячэру, і прынеслі, хто што мог. Прызыўнікі рашылі ўнесці свой уклад у провады і паплылі цераз Прыпяць на азёры лавіць рыбу. Блізіўся поўдзень, калі прыбегла цётка Вольга, плачучы:
– Каця, Каця, Уладзіка няма!
Маці якраз несла вёдры з вадою, кінула іх, і жанчыны пабеглі на другі канец мястэчка ў бальніцу. Як пасля расказалі сябры, хлопцы вырашылі глушыць рыбу. Уладзік узяў нямецкую гранату, заклаў капсуль, вырваў чаку, але кінуць не паспеў: граната разарвалася ў руцэ.
Некалькі гадзін доўжылася аперацыя, але хлопца ўратаваць не ўдалося: ён страціў шмат крыві і памёр у той жа вечар. Так што праводзіны ў войска ператварыліся ва Уладзікава пахаванне…
Дачакаўшыся восені, меншыя браты Кажадубы пайшлі ў першы клас. Каб хлапчукі маглі наведваць школу, сусед дзед Ахрэм сплёў ім прыгожыя лапці-пасталы, а маці перашыла Уладзікава адзенне для Славіка з Міколкам. Не было ні падручнікаў, ні сшыткаў, нават адзін на двух аловак, так што пісалі на кавалачках паперы па чарзе.
Дужа даймаў голад. Адкуль стала вядома, што ў доме Кажадубаў захоўваецца цудоўная скрыпачка, але і раз, і другі прыязджалі купцы, каб купіць яе. Яны, мусіць, разбіраліся ў музычных інструментах і па заслугах ацанілі скрыпку, прапанавалі грошы. Але Кацярына Іванаўна не спяшалася расставацца з дарагой сэрцу рэччу. Толькі як стала зусім немагчыма, абмяняла яе на два пуды жыта.
Цяжка было расставацца і братам. Яны памяталі, як бацька браў у рукі скрыпку. Бывала, правядзе смычком і скамандуе малым:
– Ану, хлопцы, рукі ў бокі!
Святаслаў з Міколкам скачуць, а ён глядзіць на сыноў з усмешкаю, радуецца. Як казала маці, Рыгор Дзмітрыевіч быў музыкам на ўсю акругу: яго часта запрашалі на вяселлі граць.
Развітваючыся са скрыпкай, хлапчукі плакалі і цалавалі дарагую памяць пра бацьку…
Як сястра Галіна, якая ў сорак першым паехала ў Ленінград, вярнулася дамоў (з першых дзён вайны яна працавала ў ваенным шпіталі) і выйшла замуж за мясцовага сувязіста, як з’явілася свая карова, сям’і стала жыць лягчэй. Браты скончылі Нараўлянскую школу, і кожны выбіраў сабе жыццёвую дарогу: Святаслаў вучыўся лепей і вырашыў падаць дакументы ў педінстытут, а Мікалай – у мясцовае прафтэхвучылішча, каб стаць механізатарам. Асабліва парадавала Кацярыну Іванаўну Мікалаева рашэнне:
– Гэта ж свой трактарыст у доме, і мне будзе жыць лягчэй!..

У палескай глыбінцы

Святаслаў вельмі любіў кнігі і выбраў для сябе філалагічны факультэт Мазырскага педінстытута. Вучоба ў інстытутах на той час (адменяць толькі праз год) была платная. Ці ж мог юнак прасіць грошай у маці, у якой капейка капейку не даганяла. Не, Святаслаў імкнуўся зарабіць сам: хадзіў на чыгуначную станцыю разгружаць вагоны, а ў порт – баржы. У 1958 годзе з’ездзіў са студэнцкім будатрадам на цаліну, вярнуўся з медалём “За асваенне цалінных і абложных зямель”.
Адно лета ўладкаваўся карэспандэнтам у нараўлянскую раённую газету “Прыпяцкая праўда”. Рэдактару Майсею Дварэцкаму спадабаліся матэрыялы, падрыхтаваныя Святаславам, і ён прапанаваў хлопцу перавесціся на завочнае навучанне і застацца ў газеце. Юнак не ведаў, як яму быць, і паабяцаў параіцца з маці. Кацярына Іванаўна катэгарычна была супраць.
– Славік, ты спачатку атрымай вышэйшую адукацыю, а затым будзеш працаваць! – разумна разважыла жанчына, і Святаслаў паехаў у Мазыр.
З дыпломам настаўніка мовы і літаратуры Святаслаў Рыгоравіч па размеркаванні паехаў ледзь не на край свету – у былы Лагішынскі раён, які размяшчаўся ў цэнтры брэсцкага Палесся.
Накіравалі ў вёску Сташаны. Адразу скажам, што Сташанскай школе шанцавала на добрых педагогаў. Пазней беларускую мову і літаратуру выкладаў пісьменнік Мікола Купрэеў. Нездарма з гэтай школы выйшлі свае два паэты: Мікола Антаноўскі і Анатоль Шушко.
Святаславу Рыгоравічу прапанавалі пасаду завуча, а затым і дырэктара школы. Прайшоў год, як раптам у райкаме партыі спахапіліся, што дырэктар Кажадуб, аказваецца, беспартыйны. Разбірацца прыязджаў другі сакратар райкама. Ён лічыў пасаду дырэктара школы наменклатурай РК КПБ і прапаноўваў напісаць заяву, на што Святаслаў Рыгоравіч адказаў:
– Я падумаю!
Адказ не спадабаўся сакратару, і пачалося “апрацоўванне” незгаворлівага дырэктара: тэлефанавалі інструктар РК КПБ, загадчык райана, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі, а сакратар партарганізацыі мясцовага калгаса “Беларусь” заходзіў для размовы, і ў рэшце рэшт угаварылі напісаць заяву.
У гэты час у жыцці Кажадуба адбыліся і прыемныя перамены. У час жнівеньскай нарады настаўнікаў у гарадскім пасёлку Целяханы, які тады ўваходзіў у Лагішынскі раён, арганізавалі свята кветак. Разглядваючы мудрагелістыя букеты, створаныя рукамі педагогаў, Святаслаў Рыгоравіч адшукаў і сваю “кветачку”. Гэта была выпускніца Брэсцкага педінстытута Таццяна Іванаўна Лаўранюк.
У маладых людзей аказалася шмат агульнага: абое любілі кнігі і дзетак, у радасць было праводзіць урокі мовы і літаратуры, таму сустрэчы былі для абаіх прыемнымі і ўрэшце прывялі да вяселля. Калі ж скончыўся тэрмін адпрацоўкі пасля інстытутаў, Таццяна Іванаўна павезла мужа на сваю радзіму, у Азяты, дзе таксама патрэбны былі настаўнікі.

Журналіст Кажадуб

Падышоў 1966 год. Адраджаецца Жабінкаўскі раён. З пачатку новага года стала выходзіць газета “Сельская праўда”, хаця да канца калектыў рэдакцыі яшчэ не быў укамплектаваны.
У Святаслава Рыгоравіча была звычка час ад часу дасылаць допісы ў газеты, а то падрыхтаваў вялікі артыкул “Маладосць старых Азятаў”. Напісанае зацікавіла рэдактара “Сельскай праўды” Барыса Брэўдо, і ён паклікаў няштатнага аўтара да сябе для размовы.
Барыс Абрамавіч гарантаваў наведвальніку цікавую працу, нават уладкаваць карэктарам жонку. Аднаго не мог паабяцаць рэдактар – жылля для сям’і, бо ён сам і яго намеснік здымалі кватэры і, калі атрымаюць свае, ніхто не ведаў.
Святаславу Рыгоравічу дастаўся аддзел пісьмаў – самы цікавы ў газеце, бо закранаў інтарэсы кожнага жыхара. Загадчык часта выязджаў у раён па аўтарскіх лістах, рыхтаваў матэрыялы. Крытычныя пісьмы пасылаліся ў працоўныя калектывы, каб кіраўнік адрэагаваў на заўвагі ў лістах, каб памог людзям. Праца захапіла маладога журналіста. Кажадубы дружна ўліліся ў новы калектыў. Святаслаў Рыгоравіч заняў сваё месца ў толькі што створаным літаб’яднанні “Плынь”. Не, ён не часта цешыў чытачоў дакладнай рыфмай – у яго была свая творчая ніша: ён на старонцы “Плынь” імкнуўся пазнаёміць з кнігамі маладых пісьменнікаў. У 60-я – пачатку 70-х гадоў Святаслаў Кажадуб надрукаваў водгукі на аповесць Мікалая Гарулёва “Сябры-таварышы”, паэтычныя зборнікі Сымона Блатуна “Радаслоўнае дрэва” і Міхася Рудкоўскага “Сінія Брады”, першую празаічную кнігу Ігара Хадановіча “За акном дождж”, а таксама некалькі аглядаў паэтычнай пошты ў “Сельскую праўду”.
Карэспандэнты шмат пісалі пра штодзённае жыццё раёна і сучасныя праблемы, але многія разумелі, што выхоўваць падрастаючае пакаленне можна і трэба на прыкладах гераічнага мінулага. Таму Святаслаў Рыгоравіч часта сустракаўся з ветэранамі вайны, пісаў пра іх.
Святаслава Кажадуба заўважылі як журналіста і нават прыязджалі з абкама КПБ агітаваць паступаць у Вышэйшую партшколу. Ды хіба ён мог кінуць адну Таццяну Іванаўну з двума маленькімі дзецьмі ў хаце, дзе зімой, пакуль не запаліш у грубцы, вада ў вядры замярзала?..
Сям’і Кажадубаў выпала яшчэ доўга шукаць, дзе канчаткова, як кажуць, кінуць якар. Святаслаў Рыгоравіч папрацаваў у Жабінцы і інспектарам райана, перш чым канчаткова пасяліцца ў Івацэвічах. Ды пра гэта ў наступным раздзеле.

“Кастрычнік” і кніга пра подзвіг

Ішлі сямідзясятыя гады. У журналісцкіх кадрах мела патрэбу не толькі жабінкаўская “Сельская праўда”, але й івацэвіцкі “Кастрычнік”. Рэдактар Хаванскі паехаў у Брэсцкі педінстытут угаварыць хлопцаў, хто піша і стаў бы журналістам, перавесціся на завочнае аддзяленне і працаваць у газеце.
Выбар паў на брата Таццяны Іванаўны Аляксандра Лаўранюка і Віктара Рэчыца. Аляксандр быў прызначаны адказным сакратаром рэдакцыі, а Віктар – загадчыкам аддзела. Швагер і ўгаварыў сям’ю Кажадубаў пераязджаць у Івацэвічы, так што Святаслаў Рыгоравіч у 1974 годзе стаў працаваць у газеце “Кастрычнік”.
Вопыт, атрыманы ў Жабінцы, згадзіўся на новым месцы. Святаслаў Кажадуб разумеў, што пакаленне ветэранаў спешна, адзін за адным, пакідае гэты свет, таму карэспандэнт апантана збіраў звесткі пра байцоў Вялікай Айчыннай вайны, тады яшчэ не думалася пра кнігу.
Пасля работы ў “Кастрычніку” журналіст Кажадуб пяць гадоў адпрацаваў у рэгіянальнай “Газеце для вас”, якая таксама выдавалася ў Івацэвічах. Канчаткова пайшоўшы ў адпачынак, Святаслаў Рыгоравіч не раз задумваўся над сваім жыццём. Ён усё больш пераконваўся, што напісанае раней ім, журналістам, будзе цікава зараз для моладзі, і засеў за кнігу.
Летась яна ўбачыла свет у выдавецтве “Брэсцкая друкарня”. У кнігу “Жывая гісторыя” ўвайшлі публікацыі, пачынаючы з 1967 года. Яшчэ ў 1970-м у “Сельскай праўдзе” з’явіўся нарыс “Змагар” пра слаўнага партызана Міхаіла Чарнака, а таксама інтэрв’ю яго пляменніцы.
У Кажадубавых творах падзеі ў Жабінкаўскім ды Івацэвіцкім раёнах часам пераплятаюцца. Напрыклад, Раіса Пшанай нарадзілася ў Старым Сяле, а свой гераічны подзвіг у 1943 годзе здзейсніла ў Івацэвічах. Ціхан Мікітавіч Кавецкі працаваў у Жабінцы першым сакратаром райкама партыі, а пазней – старшынёй выканкама Івацэвіцкага раённага і гарадскога Саветаў, займеў званне Ганаровага грамадзяніна г. Івацэвічы і г. д.

Першая кніга прыйшла да чытача, а Святаслаў Рыгоравіч задумваецца над новай. Колькі на журналісцкіх сцежках яму трапілася адважных людзей у міліцэйскіх шынялях! Збіраючы матэрыял, Кажадуб нядаўна прыязджаў у Жабінку. Калісьці ён напісаў пра Дзям’яна Шубскага, які пасля вайны лавіў банды ва Украіне, а яго сын Мікалай пасля стаў таксама міліцыянерам.
Першым у “Сельскай праўдзе” Кажадуб напісаў нарысы пра Аляксея Дзмітрука і Сяргея Ануфрыюка, чые імёны выбіты на мемарыяльнай дошцы на будынку Жабінкаўскага райаддзела міліцыі. Імя Аляксея Данілавіча засталося і ў назве вуліцы горада.

Свята дзвюх пяцёрак. Эпілог

У мінулым годзе Святаслаў Рыгоравіч і Таццяна Іванаўна Кажадубы адзначылі 55 гадоў сумеснага жыцця. Выказваючы ўдзячнасць, тры дачкі павіншавалі бацькоў, якія шмат зрабілі для таго, каб выраслі яны добрымі людзьмі і атрымалі вышэйшую адукацыю. Дачакаліся Кажадубы і семярых унукаў.
Мы далучаемся да віншавання юбіляраў і зычым ім здароўя і доўгіх гадоў жыцця ў пары, а Святаславу Рыгоравічу – новых кніг, якія б служылі выхаванню патрыятызму ў душах падрастаючага пакалення.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.