“Іды, зыма, до кучэра, бо ты нам надокучыла”

Святлана БЯЛЯК.
Фота Віктара Яцэвіча.
У праводную нядзелю, праз тыдзень пасля Вялікадня (яе яшчэ называюць Чырвоная Пасха, або Антыпасха), у вёсцы Агдэмер Драгічынскага раёна адрадзілі старажытны абрад праводзінаў зімы – “Дзеркачы”. Як расказвалі мясцовыя старажылы, зусім не важна, што сады патанаюць у квецені, усё навокал зазелянела – могуць яшчэ быць начныя маразы і снег нечакана пасыпацца.
Абрад “Дзеркачы” вядомы толькі ў гэтай вёсцы, і ўдзельнічаюць у ім толькі дзеці. Для правядзення гэтага цікавага аўтэнтычнага абраду сёлета запрасілі не толькі “мясцовых”, але й гасцей з Жабінкаўшчыны – удзельнікаў узорнага дзіцячага ансамбля “Дараносіца” з аграгарадка Хмелева. Дзетвара са старымі, “сцёртымі” дзеркачамі выбягала з двароў агдэмераўцаў і на мясцовым дыялекце выгуквала: “Іды, зыма, до Кракова, вырнысь до нас однакова! Іды, зыма, до Кіева, ты нам всэ сено выела! Іды, зыма, до кучэра, бо ты нам надокучыла!”
Ларыса Быцко, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, з “лёгкай рукі” якой гэты абрад рэканструяваўся ў нашы дні, узгадала з успамінаў старажылаў вёскі такі факт. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі дзеці высыпалі на вуліцы з венікамі (або “дзеркачамі”, адсюль і назва абраду), фашысцкія захопнікі стаялі, здзіўленыя, нікога не чапалі, а, наадварот, з гергетаннем фатаграфавалі басаногую малечу і фотакарткі адпраўлялі родным у Германію.
Хлопчыкі і дзяўчынкі прайшлі праз усю вёску “ад крыжа да крыжа”, а ў канцы, на вялікім лузе, пакідалі ў вогнішча свае дзеркачы. Затым вадзілі карагод, “крычалкі крычалі”, спявалі “вяснянкі”. Пасля малечу чакаў пачастунак – яечня на патэльні (дарэчы, без яе абрад “Дзеркачы” не абыходзіцца).
Дзятва падсілкавалася і арганізавала сапраўдны канцэрт. Так, нашы юныя артысты з “Дараносіцы” (а прадстаўнікоў з Жабінкі налічвалася ажно 23 чалавекі) спявалі песні “Лытів, бусел, чырыз вулыцю”, “Вэрба, вэрба зэлэнэнькая”, танцавалі “Базар”, “Падыспань” і інш. Самыя маленькія артысткі з “Дараносіцы”: сястрычкі Дашанька і Сафійка Яскіч (4 і 5 годзікаў) і Манечка Яцэвіч –
паланілі ўсіх сваім артыстызмам (дарэчы, Манечка чытала байку пра Курачку Чубатку, ды так, што ўсе слухачы за жываты ад смеху трымаліся). Затым выступленне малых падхапілі дарослыя: радавалі і весялілі народ песнямі, жартамі і анекдотамі народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, узорны ансамбль фальклорнага танца “Ліпачкі” з вёскі Ліпнікі, народны сямейны фальклорна-этнаграфічны калектыў сясцёр Лук’яновіч з вёскі Леснікі Драгічынскага раёна і інш. Вяселле і песні не сціхалі ў Агдэмеры да апоўначы.
– Вельмі здорава, што адра-джаюцца даўно забытыя абрады і традыцыі, – кажа кіраўнік “Хмелеўскіх валацуг” Наталля Дырман. – Яны не павінны сысці ў нябыт – гэта наша з вамі гісторыя. – Узгадайце, хаця б, абрад “Ваджэнне куста”, які каторы год запар збірае людзей на “Хмелеўскую Сёмуху”. Гэта цікава, пазнаваўча, адметна і надае “разынку” родным мясцінам. Дарэчы, абрад “Дзеркачы” на Драгічыншчыне я асабіста пабачыла ўпершыню. Хлопчыкі і дзяўчынкі з “Дараносіцы” з задавальненнем прынялі ўдзел у яго рэканструкцыі, для іх гэта была своеасаблівая этнаграфічная экспедыцыя.
Мы атрымалі асалоду ад удзелу ў абрадзе, а яшчэ маральнае задавальненне: народныя традыцыі жывуць і будуць мець працяг у нашых дзецях.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.