Галоўнае – ідэя і жаданне яе ўвасобіць

 

Ірына Дзям’яненка – чалавек творчы. Яна не любіць сядзець без справы, нават калі глядзіць тэлевізар, і тады вяжа альбо вышывае. Як тлумачыць сама Ірына Аляксееўна, галоўнае – ідэя і жаданне яе ўвасобіць, а цікавых і творчых задумак у жанчыны вельмі многа. Для таго, каб прыступіць да справы, нічога асаблівага не патрэбна, усё неабходнае зной-дзецца ў шафе ў любой беражлівай гаспадыні. Напрыклад, каб пашыць панчошную ляльку, спатрэбяцца старыя панчохі, ніткі, пража, гузікі, пацеркі, напаўняльнік для падушак, карункі і фарбы, а далей – толькі твая фантазія і ўменне.
Неяк вырашыла Ірына Дзям’яненка асвоіць дэкупаж бутэлек – атрымалася. А для гэтага ўсяго толькі і патрэбна прыкмеціць бутэлькі незвычайнай формы ды набыць сурвэткі з цікавымі малюнкамі. У гэтай тэхніцы зрабіла і набор для сыпучых прадуктаў і спецый. Убачыла ў інтэрнэце коўдру з лапікаў, спадабалася, паспрабавала зрабіць – і зноў атрымалася.
– Большую частку сваіх работ я дару, – кажа Ірына Аляксееўна, – і яны потым упрыгожваюць сцены пакояў у дамах і кватэрах маіх сяброў і знаёмых.
Дома ў Ірыны Дзям’яненка таксама шмат яе работ. Асабліва вылучаюцца карціны, вышытыя крыжыкам. Ёсць вялізная карзіна з ружамі з восеньскага кляновага лісця.
Ірына Аляксееўна ўмела спалучае працу і сваё хобі. Яна – старшы інспектар па рэжыме сакрэтнасці групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. За 2012 год прызнана лепшай па прафесіі сярод работнікаў рэжымна-сакрэтнай дзейнасці аховы вобласці. У яе хапае часу і на сям’ю. Мае дарослых сына і дачку. Аляксандра – эканаміст, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, Мікіта – малодшы навуковы супрацоўнік “БелНІІС”. Калі дзеці былі маленькімі, часта творчасцю займаліся разам. Напрыклад, шылі навагоднія цацкі, якімі і цяпер штогод упрыгожваюць ёлку.
– Зараз хачу асвоіць лепку з халоднага фарфору, – кажа Ірына Аляксееўна. – Гэта дазволіць ствараць прыгожыя кветкі, сувеніры і нават лялькі.
Да слова, вышыўкі Ірыны Дзям’яненка былі прадстаўлены на выставе народнай творчасці ў Брэсцкім абласным упраўленні Дэпартамента аховы МУС Беларусі. Адна яе карціна дасюль захоўваецца ў яго музеі.
24 красавіка Ірына Аляксееўна адзначыла 50-годдзе. Шчасця, здароўя, дабрабыту і творчых дасягненняў Вам, паважаная калега!
Юлія ВОЛК, спецыяліст па кадрах Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.