Зіхаціць раён чысцінёю

 

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
У мінулым годзе ў рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел звыш трох мільёнаў чалавек. Арганізацыі краіны пералічылі больш за 7 мільёнаў рублёў на аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падтрымку тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, падрыхтоўку дзіцячых лагераў да летняга сезона.

Сёлета традыцыю наводзіць чысціню і парадак у гарадах і вёсках падтрымалі амаль тры мільёны беларусаў. Вясновая “талака” аб’яднала працоўныя калектывы, кіраўнікоў, моладзь. Па папярэдніх падліках, заробленыя на рэспубліканскім суботніку грошы (звыш 7 мільёнаў рублёў), будуць накіраваны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, мясцін воінскіх захаванняў, на абнаўленне медыцынскай інфраструктуры да ІІ Еўрапейскіх гульняў.
Жабінкаўцы таксама не засталіся ўбаку ад гэтай важнай падзеі рэспубліканскага ўзроўню: тэма добраўпарадкавання і навядзення чысціні на зямлі аб’яднала 6850 чалавек, у тым ліку амаль 1000 школьнікаў Працоўныя калектывы выйшлі на суботнік 21 красавіка. Адны займаліся выпускам прадукцыі, іншыя – добраўпарадкаваннем горада і сельскіх населеных пунктаў, наводзілі парадак ля адміністрацыйных будынкаў. Так, работнікі цукровага завода паклапаціліся аб чысціні ля гаражных масіваў і вакол возера Візжар. Частка калектыву камбікормавага завода навяла чысціню на тэрыторыі прадпрыемства, астатнія займаліся рамонтам абсталявання. Працаўнікі ДРБУ № 103 фарбавалі агароджу на аўтамабільным мосце паблізу Рагозна, а таксама пашырылі праезную частку ў вёсцы Бусні. На вуліцы Камянецкай у райцэнтры з’явіліся зялёныя насаджэнні – некалькі дзясяткаў бярозак (замест спілаваных дрэў). Прыгажосць і непаўторны каларыт на тэрыторыі навялі прадстаўніцы калектыву сельгастэхнікі: сярод туй, ядлоўца, “беларускай” сакуры і кустоўя барбарысу на клумбах з’явіліся квітнеючыя пеларгоніі, бягоніі і вяргіні. Увогуле, гэтая тэрыторыя дзякуючы шматгадоваму догляду і клопату жанчын, стала пераможцай сярод райаграсэрвісаў краіны за самае лепшае афармленне кветкавых кампазіцый.
Каманда райвыканкама, якую ўзначаліў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі, ачышчала ад кустоўя і хмызняку Ацячызненскі парк у аграгарадку Ленінскі. Праз некалькі гадзін парк было не пазнаць: ён, здаецца, ажно пасвятлеў і стаў больш прывабным. Думаецца, цяпер жадаючых прагуляцца па парку, прайсціся па адноўленым сіламі ЖКГ мосціку над сажалкай бу-
дзе больш. Шкада толькі, што сапраўдны асілак, своеасаблівы сімвал Ацячызны – дуб-волат, некалькі гадоў таму “здаўся” і ўпаў на зямлю. Прыемна, што прыбіраць парк прыйшлі і мясцовыя жыхары. Галіна і Уладзімір Зарэмба, Галіна і Руслан Паповы, Міхаіл Трафімук, Віталь Абрамук, Ганна Яцынюк і нават дзесяцігадовы Радыён Ігнацюк. Былая настаўніца Галіна Зарэмба падзялілася, што на добраўпарадкаванне паклікала сяброў-суседзяў.
– Пра суботнік даведаліся з газеты. Ну, як заставацца ўбаку? Вясной работы ўсім хопіць. Вунь колькі сухіх дрэў, галін трэба прыбраць! Мы рады навесці парадак хаця б там, дзе жывём, тым болей і трактар з прычэпам мясцовы фермер Руслан Папоў выдзеліў. Рупіліся з радасцю, шчыра, бо гэта патрэбна нам і нашым дзецям. Вывезлі некалькі прычэпаў хмызняку – і як прыгожа стала, проста любата!
У гэты дзень работнікі райвыканкама прыбіраліся і на другіх аб’ектах. Так, каманда на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алай Ануфрыюк ачышчала ад смецця бераг Мухаўца. Каманда ідэолагаў пад кіраўніцтвам Веры Бортнік фарбавала плот ля помніка Тадэвушу Касцюшку ў Малых Сяхновічах, ачышчала дарожкі за музеем.
Прадстаўнікі сельгасупраўлення райвыканкама пад камандаваннем Аляксандра Кучынскага фарбавалі агароджу ля фермы “Грыцэвічы” ў ААТ “Мацеевічы”. У бялютка-ружовы колер “апранулася” карункавая агароджа ля Хмелеўскага Дома культуры дзякуючы дзяўчатам з аддзела культуры.
У сакавіта-фісташкавы колер пафарбавалі плот падчас суботніка работніцы ПМК-19. Вугальна-чорнымі сталі турнікеты і сметніцы на вуліцы Кірава – гэта пастараліся працаўніцы Жабінкаўскай ЖКГ.
…Увогуле, работы на суботніку хапіла ўсім. І не важна, праводзіўся ён на працоўным месцы ці з пэндзлямі і фарбамі ў руках. Заробленыя жабінкаўцамі грошы – звыш 15 тысяч рублёў (найбольш пералічылі цукравары – каля 2 тысяч рублёў) будуць накіраваны на карысныя справы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.