У апошнія гады бацькам усё часцей даводзіцца сутыкацца з дзіцячай упартасцю і нежаданнем атрымліваць новую інфармацыю, вучыцца нешта майстраваць і г. д. Некаторыя лічаць, што такія паводзіны выкліканы камп’ютарнай залежнасцю, з-за чаго падлетак лянуецца самастойна сябе абслугоўваць, губляе інтарэс да тых задач, якія ставіць перад ім грамадства.
Аднак корні праблем “растуць” у сямейным выхаванні. Чаму, калі маленькі САМ пачынае карыстацца лыжкай ці робіць першыя крокі, то гэта выклікае бурныя эмоцыі ў мамы. Чаму ж потым мама замест падлетка САМА прыбірае са стала нямыты посуд, пазбаўляючы тым самым яго самастойнасці?
Самастойнасць – гэта дзеянні падлетка без удзелу дарослых. Псіхолагі выдзяляюць самастойнасць дзеянняў, жыццёвую і вучэбную самастойнасць. Усе гэтыя ступені дзіця не можа ахапіць адразу. У гэтым фарміраванні значная роля належыць бацькам.
Да мяне на кансультацыю бацькі прывялі дзяўчынку чатырох з паловай гадоў і паскардзіліся, што яна адмаўляецца прыбіраць цацкі, раніцай кепска апранаецца ў садзік і інш.
А праблема ў чым? У сям’і на адно дзіця – трое дарослых, якія любяць яго бязмерна, аднак хочуць бачыць у ім адказнага чалавека. “Песцяць?” – спытаецеся вы. Не. Проста яны часта не могуць назіраць “пакуты” свайго дзіцяці – ім не церпіцца хутчэй дапамагчы. Зручней жа апрануць дзіця на прагулку, а не стаяць доўга ў калідоры ў чаканні яго зробіць гэта самастойна. Часам гэтымі клопатамі бабулі і дзядулі спрабуюць заваяваць любоў унукаў. А ў выніку атрымліваецца, што несвядома разбураюць прыроднае намаганне дзіцяці да самастойнасці.
Які вывад? Дарагія дарослыя, не варта кідацца на дапамогу дзіцяці кожны раз, калі ён адчувае складанасці. Трэба сабраць сваё цярпенне і не ўмешвацца, пакуль дзіця само не папросіць дапамогі. Тое ж самае і з падлеткамі ў падрыхтоўцы ўрокаў. Магу параіць дарослым прыдумаць з сынам (дачкой) гульню “Хто хутчэй?”: “Хто хутчэй збярэ цацкі – я ці ты? З’есць кашу – дзядуля ці ты? Апранецца – бабуля ці ты?”. Пасля чаго абавязкова пахваліце дзіця, што яно зрабіла гэта добра.
Падлеткаў таксама трэба хваліць за новыя дасягненні: “У цябе атрымалася гэта нават лепей, чым у мяне”, ці “Сам Напалеон пазайздросціў бы, каб пабачыў, як ты рашыў гэту задачу”, ці “Вось такіх адказных людзей бяруць у касманаўты”.
Або іншы прыклад з практыкі. На кансультацыю прывялі хлопчыка шасці гадоў. Мама паскардзілася, што не можа аднаго пакінуць яго ў пакоі, ужо не гаворачы аб тым, каб ён застаўся адзін дома – у хлапчука слёзы і паніка. Раней кепска апранаўся ў садзе, сёння праблемы ў зносінах з аднагодкамі ў школе. Як я бачу гэтую праблему? Страхі хлопчыка ці мамы. Калі ў мамы не адбываецца своечасова сепарацыя (аддаленне ад малога), то нашчадак становіцца залежным ад яе меркавання і нават ад фізічнай блізкасці. Як правіла, такія дзеці доўга спяць з мамай у ложку, узнікаюць іншыя складанасці. Калі ў самой мамы шмат страхаў, то і дзіця акаляючае асяроддзе бачыць як небяспеку. Абавязкова трэба “прапрацаваць” страхі ў псіхолага як дзіцяці, так і бацькам.
Што можна парэкамендаваць дарослым? Дайце заданне малому. Пакуль мамы няма, няхай чытае кнігу, малюе карціну, палівае кветкі, выцірае пыл, глядзіць мульцік. І што ў выніку? Мама вярнулася, а яно нават і не заўважыла, як адыходзіла! Вось маленькая перамога на шляху да самастойнасці! Раскажыце, якую ежу сын (дачка) можа паесці, пакуль вас няма, растлумачце, што чужым нельга адчыняць дзеры, выходзіць на балкон, уключаць электрапрыборы і г. д.
Памятайце: самастойнасць дзіцяці – гэта свабода мамы!
Іна МАРТЫНЮК, педагог-псіхолаг студыі развіцця “Час перамен”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%