Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Каб захапіцца вышываннем карцін алмазамі, Вользе Дземідзюк спатрэбілася стварыць сям’ю, добраўпарадкаваць дом, вырасціць дзяцей, займець ката Клёпу і папугая Філю, а заадно – і шмат вольнага часу для хобі. Затое канчатковы вынік зачароўвае кожнага, хто трапляе ў карцінную галерэю ў прасторным і ўтульным доме. Але ўсё па парадку.
…Вольга нарадзілася ў Астрахані, хаця дзяцінства прайшло ў Калмыкіі. Напярэдадні яе паўналецця мама адправіла дачку да сястры ў Брэст – вучыцца. Рамантычнай дзяўчыне прыйшоўся даспадобы горад над Бугам, хоць і знаходзіўся за некалькі тысяч кіламетраў ад радзімы. Неўзабаве ў абласны цэнтр пераехалі бацькі і брат. Вольга паступіла ў каледж сувязі, абзавялася знаёмымі і сябрамі.
Маладосць, летуценні… Не ведала тады яшчэ Вольга, што на трэцім курсе лёс рыхтуе ёй сустрэчу з разважлівым і спакойным хлопцам. Сяброўкі тройчы спрабавалі пазнаёміць Вольгу з Леанідам, аднак толькі на вяселлі адной з іх гэта ўдалося ажыццявіць. Леаніду адразу “запала” ў душу чарнабровая, спрытная, вострая на язык дзяўчына, і праз тры месяцы прапанаваў стаць яго жонкай. “Калі кахаеш – пачакаеш! Вось атрымаю дыплом – тады падумаю!”, – адказала маладому чалавеку Вольга.
Леанід цярпліва чакаў. Затое на вяселлі быў, мабыць, самым шчаслівым жаніхом на планеце.
…А вось праверыць каханне на трываласць давялося, калі маладая сям’я пасялілася ў драўляным доме ў Курпічах.
– Во-о-й, мне, звыклай да выгод, давялося навучыцца печку тапіць, ваду з калодзежа насіць, у прыбіральню на вуліцу хадзіць… Аднак побач з Леанідам жыццёвыя нязручнасці пераадольваліся лягчэй, – кажа Вольга. – Ён па максімуму ўзяў бытавы цяжар на сябе. У яго ніколі не было падзелу на “жаночую” і “мужчынскую” работу. Трэба – і дровы паколе, і посуд памые, і падлогу падмяце, жывёлу накорміць, у дзяцей урокі праверыць.
Асабліва праявіў сваю гаспадарлівасць Леанід, калі атрымалі ўчастак пад будаўніцтва ўласнага жылля. Вось ужо сёмы год сям’я Дземідзюкоў жыве ў прыгожым, прасторным доме на вуліцы Матыкальскай. Гаспадар (дарэчы, ён працуе муляром у ЖКГ) сам зрабіў усе ўнутраныя работы: атынкаваў сцены “караедам”, зрабіў падвясныя столі, паклаў плітку на падлозе, у кухні змайстраваў камін, які надае ёй яшчэ большую ўтульнасць і вельмі падабаецца дамачадцам, сябрам і родным.
Цяпер па светлых, прасторных пакоях нячутна разгульвае персідскі кот Клёпа (ён – шаноўны доўгажыхар, адзначыў сваё 15-годдзе. Гэта нямала па каціных мерках) і раніцай заліваецца звонкім шчабятаннем папугай-карэла Філя. Дзеці Дземідзюкоў ужо дарослыя, абодва студэнты: Даша вучыцца на трэцім курсе ўніверсітэта імя Пушкіна ў Брэсце, а Максім – у тэхнічным, толькі на курс ніжэй. Дадому яны прыязджаюць на выхадныя.
– Дзеці вучацца, муж раненька ад’язджае на працу, – кажа Вольга. – Мая работа адміністратарам у ФАУ “Бадзёрасць” пазменная, таму маю шмат вольнага часу. Сяброўка прапанавала заняцца рукадзеллем і параіла звярнуць увагу на карціны, якія вышываюць алмазамі. Першую купіла самую маленькую. Паспрабавала і зразумела: гэта здорава! Ніколі не думала, што так спадабаецца карпець над карцінай, выкладваць алмазікі на схему (а іх можа быць да 10 тысяч (!) штук). Гэтая работа патрабуе нямала сіл, цярпення і часу.
– Ага, над цюль-панамі амаль два месяцы сядзела да дзвюх гадзін ночы, каб спаць ісці – угаворваў, – з усмешкаю ўключаецца ў гутарку Леанід. – Ды куды там! Толькі тады згаджалася, калі вочы самі зліпаліся ад стомы і ўжо не магла адрозніваць адценні алмазаў. А іх у карцінах вой як многа – у сярэднім да паўсотні. Затое вынік таго каштуе…
Алмазная вышыўка трывала ўвайшла ў жыццё Вольгі. Многія карціны яна падарыла сябрам, дома засталося толькі некалькі работ. Яны занялі ганаровыя месцы насупраць фотагалерэі і вышытых крыжыкам карцін мамы-нябожчыцы ў прасторным калідоры. Самая каштоўная работа – выкладзенае алмазікамі фота дзяцей Дашы і Максіма. (Вольга адправіла ў Кітай любімы фотаздымак, і ёй даслалі схему-вышыванку па ім. Атрымалася здорава і арыгінальна). Цяпер збіраецца заказаць карціну для вышыўкі, зробленую на аснове фотаздымка родзічаў мужа. Думаецца, гэта будзе выдатны і арыгінальны падарунак. Ужо зараз Вольга прыглядваецца да іншых схем-карцін, якія ўпрыгожаць дом.
Вольга Дземідзюк сваім захапленнем яшчэ раз даказвае: калі ёсць хобі – заўжды знойдзеш і час для яго. Паспееш справіцца з усімі хатнімі справамі, якіх у жанчын, як правіла, безліч.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%