П’янства, адсутнасць працы, нежаданне развівацца – асноўныя прычыны, што садзейнічаюць фарміраванню негатыўных тэндэнцый у сельскай мясцовасці. Каб зменшыць гэтыя з’явы, супрацоўнікі міліцыі прадпрымаюць дадатковыя прафілактычныя меры сярод насельніцтва.
Так, падчас гутарак высвятляецца, хто ў вёсцы злоўжывае алкаголем, квапіцца на чужое, учыняе сямейныя сваркі, гатуе брагу і гандлюе самагонам, а таксама займаецца вырабам самагонных апаратаў, захоўвае і выкарыстоўвае незарэгістраваную зброю.
Супрацоўнікі міліцыі рэгулярна нагадваюць жыхарам вёсак пра меры, якія дапамагаюць абараніць сябе і каштоўныя рэчы (у гэтым можа паспрыяць раённы аддзел Дэпартамента аховы МУС Беларусі).
Падчас сустрэч з адзінокімі і адзінока пражываючымі людзьмі супрацоўнікі міліцыі абавязкова высвятляюць, што непакоіць жыхароў, а з падлеткамі – чым яны заняты ў вольны ад вучобы і работы час.
Асобная катэгорыя – асобы, што стаяць на ўліку ў аддзеле ўнутраных спраў. Ім не лішне нагадаць, што “жарты” з законам могуць скончыцца сумна, аматарам выпіць лішняга прапануецца “пуцёўка” ў ЛПП. Калі вясковец не працуе, высвятляецца, на якія сродкі ён жыве.
Зараз на Жабінкаўшчыне пражывае 78 асоб, што стаяць на прафілактычным уліку ў міліцыі і злоўжываюць алкаголем. З пачатку года ў раёне зарэгістраваны чатыры факты парушэння антыалкагольнага заканадаўства.
Паважаныя жабінкаўцы! Калі вам што-небудзь вядома аб супрацьпраўных дзеяннях, паведамляйце ў дзяжурную часць Жабінкаўскага РАУС (тэл.: 102, 2-12-76). Ваш званок можа выратаваць нечае жыццё!
Ілля ХВАЛЬКО, першы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%