Святлана БЯЛЯК.
У Жабінкаўскім райвыканкаме адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”.
Першай аб рабоце, што праводзіцца па прафілактыцы сямейнай нядбайнасці ў рамках рэалізацыі Дэкрэта, гаварыла загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Андрасюк. Яна адзначыла, што за 2017 год у іх аддзел паступіла 108 паведамленняў (у 2016 – 97) аб пражыванні дзетак у неналежных умовах. Інфармацыя паступіла ад райаддзела ўнутраных спраў, судоў вобласці, устаноў аховы здароўя, РАНС і нераўнадушных жабінкаўцаў. У мінулым годзе па выніках сацыяльнага абследавання 28 дзетак з 12 сем’яў былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным стане, адно немаўля па рашэнні КСН было адабрана ў бацькоў. У цэлым, на пачатак бягучага года ў раённым банку дадзеных у сацыяльна небяспечным стане (СНС) знаходзілася 101 дзіця з 36 сем’яў (у адпаведны перыяд папярэдняга года – 79 хлопчыкаў і дзяўчынак з 41 сям’і). З іх 32 – дашкольнікі.
Што можа стаць прычынай пастаноўкі дзіцяці ў СНС? Бацькі не выконваюць сваіх абавязкаў па выхаванні, навучанні дзяцей, злоўжываюць алкаголем, сварацца, не працуюць, не падтрымліваюць санітарны стан жылля. Аналізуючы работу з няўдалымі сем’ямі, Наталля Міхайлаўна падкрэсліла: важна на раннім этапе выявіць, ухіліць прычыны і фактары сямейнага недабрабыту.
– З бацькамі праводзяцца лекторыі, індывідуальныя гутаркі і кансультацыі, – расказала Наталля Андрасюк. – Запрашаем іх на пасяджэнні савета прафілактыкі ўстаноў адукацыі, камісіі па справах непаўнагадовых Жабінкаўскага раёна, у сацыяльна-педагагічны цэнтр, на сустрэчы ў клуб “Гармонія”. Кантралюем, каб бацькі своечасова аплачвалі камунальныя паслугі, электраэнергію, газ.
Летась без апекі бацькоў у раёне засталіся 8 хлопчыкаў і дзяўчынак. Шасцёра выхоўваюцца ў сем’ях, яшчэ двое – у Пінскім доме дзіцяці. Усяго ў раёне 16 дзетак гадуюцца ў апякунскіх сем’ях, 11 – у прыёмных, 6 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Дарэчы, летась у раёне былі створаны чатыры апякунскія сям’і і дзве прыёмныя, чацвёра дзяцей былі ўсыноўлены. Значыць, яны атрымаюць любоў і пяшчоту, нармальныя ўмовы для выхоўвання – усё тое, чаго былі пазбаўлены з біялагічнымі бацькамі.
Выступоўца агучыла шэраг праблем, якія яе вельмі турбуюць. Так, зменшылася колькасць дзяцей, знятых з уліку па прычыне паляпшэння становішча ў сям’і (15 у 2017-м супраць 52 у 2016-м); не зніжаецца колькасць бацькоў, якія маюць запазычанасць па аплаце за камунальныя паслугі. Захоўваецца вялікая колькасць малых, што знаходзяцца ў СНС звыш года, няшмат вернута іх у біялагічныя сем’і (адабрана 11).
Другі выступоўца па абмяркоўваемым пытанні начальнік аддзела прымусовага выканання ў Жабінкаўскім раёне Ірына Тэадаровіч прааналізавала кампенсацыйныя выдаткі абавязаных асоб на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Так, на пачатак 2018 года на кантролі і выкананні ў згаданым аддзеле было 95 выканаўчых дакументаў у адносінах да 53 абавязаных асоб.
Летась было спагнана на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, 115000 рублёў, вернута дзяржаве 78,23 %.
Ірына Генадзьеўна патлумачыла, што ў мінулым годзе 13 абавязаных асоб знаходзіліся ў выпраўленчай калоніі, лячыліся ад цягі да алкаголю ў ЛПП. Пагашаць запазычанасць на ўтрыманне дзяцей 44 гора-бацькам даводзіцца па месцы працы, з пенсіі і дапамог па доглядзе за дзіцём.
На сённяшні дзень у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца шэсць абавязаных асоб, яшчэ двое – на прымусовым лячэнні ў ЛПП.
Начальнік ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Любоў Селівонік расказала прысутным, якая сітуацыя склалася з працаўладкаваннем абавязаных асоб.
– Такія асобы пад асаблівым кантролем. Яны працуюць у 21 арганізацыі Жабінкаўшчыны. Каб гора-бацькі маглі хутчэй выплаціць запазычанасць дзяржаве, наймальнікам раім павялічыць зарплату згодна з патрабаваннямі дэкрэта. Гэта можа быць сумяшчальніцтва, звыштэрміновая праца, перавод на 1,5 стаўкі, павышэнне аб’ёмаў і відаў работ. Напрыклад, Анціпаровіч, якой знайшлася работа на ферме (зарплата ў жніўні склала 268 рублёў), прапанавалі дадатковую работу – чысціць клеткі і вапнаваць памяшканні. Заробак у выніку прынятых мер павялічыўся на 52 %. Падобныя прапановы гучалі і ў адрас іншых абавязаных асоб. Іншая справа, што выплаціць сваю запазычанасць хочуць, заробак высокі патрабуюць, а вось працаваць не вельмі спяшаюцца, а то і ўвогуле на рабочым месцы не з’яўляюцца, п’юць. Ці шмат карысці ад такіх “рупліўцаў”? Адзін галаўны боль наймальнікам.
– Летась абавязаныя асобы здзейснілі 845 прагулаў, з якіх толькі 160 адпрацаваны, – расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Лагота. – Толькі ў трох арганізацыях, дзе яны працавалі, такіх фактаў не было: ААТ “Рагазнянскі”, ДУП “Санаторый “Буг”, УЗ “Брэсцкая абласная бальніца”. Бясспрэчныя лідары па прагулах – Макарэвіч (169), Вуек (97), Бардукова (75), Лісафьева (54), Жук (55). Іх і іншых “герояў-рупліўцаў” дастаўлялі на працу, а яны там доўга не затрымліваліся, сыходзілі. Да кожнай абавязанай асобы міліцыянера не прыставіш… У людзей, якім хочацца выпіць, ахвоты працаваць няма, іх не вельмі палохаюць пратаколы-папярэджанні. Лечацца ў ЛПП і зноў бяруцца за старое… “Дабудзіцца” да іх сумлення, затуманенага алкаголем, немагчыма.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які вёў пасяджэнне каардынацыйнага савета, падкрэсліў, што трэба і далей праводзіць сістэмную работу па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18 і прыняць адпаведныя рашэнні, каб кожнае дзіця на Жабінкаўшчыне жыло і выхоўвалася ў любові і камфорце, а не было сведкай п’яных “разборак” і сварак.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%