Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Як прыемна вярнуцца дадому ў кватэру, закутацца ў мяккі плед з пультам ад тэлевізара, раз-пораз паглядаць з цёплага пакоя ў акно на сняжынкі, што кружацца ў зімовым танцы.
Аднак цэнтральнае ацяпленне ў жыллі маюць не ўсе – у горадзе і раёне яшчэ нямала гаспадароў, якім даводзіцца падтрымліваць цёплы “дух” з дапамогай печаў ці ацяпляльных катлоў.
Работнікі Жабінкаўскага РАНС актыўна праводзяць рэйды, падчас якіх сустракаюцца з домаўладальнікамі, нагадваюць аб правілах супрацьпажарнай бяспекі ў быце.
У мінулую нядзелю, напрыклад, намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце Аляксандр Кулік пабываў у некаторых дамах на вуліцы Лугавой у Жабінцы. Пад асаблівай увагай сем’і, што стаяць на ўліку як сацыяльна няўдалыя, адзінока пражываючыя пажылыя людзі, інваліды. Інспектар цікавіўся, ці ўстаноўлены аўтаматычны пажарны апавяшчальнік, з кім застаюцца дзеці, калі дарослым даводзіцца адлучацца па справах, ці спраўная электраправодка ў доме. У дамах з печамі інспектар уважліва аглядаў іх стан (ці няма трэшчын), раіў не вешаць на печы вопратку і фіранкі, не складзіраваць дровы непасрэдна ля топкі, бо іскры ці вугалёк могуць стаць прычынай пажару.
У сваю чаргу, начальнік Жабінкаўскага РАНС Алег Бутрым двойчы выступаў на вясковых сходах грамадзян.Усе прысутныя на іх атрымалі лістоўкі і памяткі па правілах пажарнай бяспекі. На жаль, ігнараванне іх прыводзіць да бяды: сумная ахвяра агню ўжо зафіксавана ў Крыўлянскім сельсавеце, а трагедыю, як вядома, лепей папярэдзіць.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%