Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
На мінулым тыдні ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адбылося пасяджэнне міжведамаснага круглага стала па пытаннях прафілактыкі і лячэння наркатычнай залежнасці, барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў у Рэспубліцы Беларусь. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі райЦГЭ, раённай бальніцы, РАУС, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РК ГА “БРСМ” і праваслаўнай царквы.
Адкрыла круглы стол галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Жабінкаўскага раёна Надзея Шосцік. Надзея Палінараўна адзначыла, што пасяджэнне прымеркавана да Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі, яно ладзіцца ў рамках раённай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі “Скажы наркотыкам не!”. Такія акцыі праходзяць па ўсёй Брэстчыне, іх мэта – прапаганда здаровага ладу жыцця сярод моладзі, прафілактыка ўжывання наркатычных сродкаў. Праблема наркаманіі сёння актуальная не толькі для аховы здароўя, але і для грамадства ў цэлым. Гэта абумоўлена цяжкімі медыцынскімі і сацыяльнымі наступствамі злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі: уплыў на здароўе маладога пакалення, пагаршэнне дэмаграфічных паказчыкаў, распад сем’яў і самога чалавека як асобы і многія іншыя. Надзея Палінараўна прывяла і некаторыя лічбы. Так, на 1 студзеня бягучага года на Брэстчыне колькасць тых, хто злоўжывае псіхаактыўнымі рэчывамі, паменшылася на 12,3 % і склала 1303 чалавекі (для параўнання ў 2016 годзе – 1486), з іх на дыспансерным уліку знахо-дзяцца 798 чалавек. Пераважная колькасць спажыўцоў такіх рэчываў – людзі ва ўзросце ад 21 да 40 гадоў (73,2 %), у тым ліку 4,1 % (54 чалавекі) – маладыя людзі ва ўзросце 19-20 гадоў. У гэтай сувязі неабходна актывізаваць прафілактычную работу на аснове цеснага міжведамаснага ўзаемадзеяння па папярэджанні ўжывання наркатычных рэчываў у моладзевым асяродку.
Аб прафілактычнай рабоце, якая вядзецца сярод насельніцтва нашага раёна, лячэнні наркатычнай залежнасці расказала прысутным урач псіхіятр-нарколаг Жабінкаўскай ЦРБ Марыя Вайцюк. Так, летась на дыспансерным уліку ва ўрача-нарколага стаялі пяць наркаманаў і два таксікаманы, на прафілактычным – восем наркаманаў. Усе асобы маладога ўзросту, сярод якіх пераважаюць 20-гадовыя. Таксама ў мінулым годзе пяць чалавек прайшлі стацыянарнае лячэнне ад нарказалежнасці. Хтосьці добраахвотна, а некаторыя і прымусова. Гаварыла Марыя Уладзіміраўна і пра санітарна-асветніцкую работу. Пацвярджэнне таму – леташняя акцыя “Мой выбар – жыць з пазітывам!”, якая прайшла ва ўстановах адукацыі раёна. Падчас яе вучні мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні спецыялістам, атрымаць кансультацыі, прайсці медыцынскае абследаванне, паглядзець відэаролікі па прафілактыцы ўжывання псіхаактыўных рэчываў і прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Жабінкаўскага РАУС Аляксандр Хівук пачаў сваё выступленне з лічбаў. Так, летась па вобласці было выяўлена 587 злачынстваў па лініі наркакантролю, з іх 253 – цяжкія. Апошнім часам іх колькасць зніжаецца. Гэта звязана з дзеяннем Дэкрэта № 6
“Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Аляксандр Анатольевіч расказаў пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць, якую прадугледжвае Дэкрэт і яго новаўвядзенні. Ён спыніўся на тых відах наркотыкаў, якія застаюцца папулярнымі ў моладзевым асяродку. У іх ліку курыльныя сумесі-спайсы, а таксама сінтэтычны стымулятар Альфа-ПВП. Выпадкі ўжывання яго былі выяўлены летась і ў нашым горадзе. Оперупаўнаважаны расказаў, як выглядаюць дадзеныя наркотыкі, даў ім характарыстыку і паведаміў пра наступствы іх ужывання.
Аб узаемасувязі праблем наркаманіі і ВІЧ-інфекцыі гаварыў урач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Лапус, бо ін’екцыйныя наркотыкі – адзін са шляхоў перадачы інфекцыі. З такімі выпадкамі Уладзімір Ханонавіч сустракаўся падчас сваёй работы ў Брэсцкім абласным цэнтры прафілактыкі ВІЧ/СНІДа. Яны былі характэрныя для Пінска, Баранавічаў, Брэста, іншых гарадоў вобласці. У нашым раёне з 15 выпадкаў заражэння ВІЧ 8 чалавек захварэлі на яго таксама праз ін’екцыю наркатычных рэчываў. На сённяшні дзень гэты шлях перадачы інфекцыі саступіў месца палавому, які дасягнуў амаль 70 %.
Урач гаварыў, што жыццё наркаманаў недаўгавечнае, яно заканчваецца ў маладым узросце па прычыне перадазіроўкі наркотыкаў. І гэта вельмі сумна. Пасля сябе яны пакідаюць хворых дзяцей, а гэта балюча ўдвая. У канцы Уладзімір Ханонавіч зазначыў: толькі разам і агульнымі намаганнямі мы зможам справіцца з наркаманіяй і вызваліць грамадства ад гэтай праблемы.
Дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэй Сергій Петрусевіч звярнуў увагу прысутных, што на такія сустрэчы патрэбна запрашаць маладых людзей і далучаць іх да гутаркі, каб яны расказалі аб праблеме знутры, бо мы бачым яе звонку. Моладзь заўсёды вельмі актыўная і крочыць наперадзе, але, на жаль, не жыве рэальным жыццём, а перавагу аддае віртуальнаму, сацыяльным сеткам, дзе прапаноўваюцца розныя спакусы, у тым ліку і наркотыкі – і маладыя людзі трапляюць у гэтыя пасткі. Дапамогуць мінаваць іх бацькі, якія павінны надаваць пэўную ўвагу выхаванню сваіх дзяцей, цікавіцца іх інтарэсамі, асабістым жыццём. Бяда здараецца ў тых сем’ях, дзе дзеці прадастаўлены самі сабе. Патрэбна, каб удзел у іх выхаванні прымалі і хросныя бацькі, якія давалі Богу абяцанне, што яны зробяць усё, каб дзіця, за якое яны ў адказе, прайшло жыццёвы шлях згодна з той верай, у якую яно ахрышчана.
У размове прыняла ўдзел і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Закірава. Таццяна Мікалаеўна адзначыла: ва ўстановах адукацыі раёна вядзецца актыўная работа па пытаннях прафілактыкі шкодных звычак, у тым ліку ўжывання наркотыкаў, і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Па дадзенай тэматыцы праводзяцца класныя і інфармацыйныя гадзіны, лекцыі, гутаркі, віктарыны, трэнінгі, кіналекторыі, псіха-сацыяльнае анкетаванне вучняў. Ладзяцца сустрэчы са спецыялістамі: урачамі раённай бальніцы і райЦГЭ, супрацоўнікамі РАУС, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Яна падкрэсліла: цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне адыгрывае вялікую ролю ў папярэджанні ўжывання наркатычных рэчываў сярод моладзі, бо, каб бяда адступіла, патрэбна дзейнічаць разам.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%