У аграгарадку Ленінскі напярэдадні святкавання раённых “Дажынак-2017” некалькі дзясяткаў метраў бетоннай агароджы, што за школай, маладыя мастакі ператварылі ў своеасаблівыя палотны. Арыгінальныя малюнкі на сельскагаспадарчую тэматыку ўпрыгожылі аграгарадок.
А чаму б не працягнуць пачатую справу, толькі ўжо ў райцэнтры, на плоце, які ўстаноўлены ўздоўж чыгуначнага палатна пад мастом? Штодня ў накірунку Брэста і Мінска праходзяць дзясяткі саставаў, і пасажыры бачаць сумную белую агароджу. Чаму б не ўпрыгожыць яе? На Жабінкаўшчыне нямала гістарычных мясцін, якія можна было б адлюстраваць на агароджы. Да таго ж на ёй маглі б “пасяліцца” вясёлыя жабкі (Жабінку па-іншаму часам называюць Квакенбургам). Гэта было б значна цікавей, чым мазаніна юных графітыстаў… Няхай бы актывісты “БРСМ” правялі конкурс на лепшы эскіз, каб малюнкі гарманіравалі між сабою і ўпрыгожылі горад. Хочацца, каб у гасцей Жабінкі і пасажыраў цягнікоў засталося прыемнае ўражанне ад нашага маленькага і ўтульнага гарадка.
Таццяна, жыхарка райцэнтра.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%