Неабходна скарачаць выдаткі і нарошчваць аб’ёмы вытворчасці

(Выступленні ў спрэчках)

Як паведамляла “Сельская праўда” ў № 10 за 7 лютага, на пашыраным пасяджэнні Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта з дакладам аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўшчыны ў 2017 годзе выступіў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Выступленне кіраўніка раёна дапоўнілі генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, дырэктары: ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васіль Волк, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Павел Заграй, ААТ “Мацеевічы” Мікалай Кавальчык і ААТ “Хмелева” Барыс Парафянюк.
Віктар МІРОНАЎ, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”:
– Нягледзячы на больш познія тэрміны пачатку перапрацоўкі цукровых буракоў (з ураджаю 2017 года іх перапрацавана 995 тыс. тон, што на 90 тыс. тон больш, чым у пазамінулым го-дзе), выраблена 129 тыс. тон цукру, што супараўнальна з мінулагоднім – лепшым за ўсю гісторыю прадпрыемства – паказчыкам (130 тыс. тон). Гэта стала магчымым за кошт росту сярэднясутачнай прадукцыйнасці да 8,8 тыс. тон у суткі, нягледзячы на тое, што выхад цукру знізіўся амаль на адзін працэнт.
У сілу аб’ектыўных фактараў цукровы завод не выканаў даведзеныя паказчыкі эфектыўнасці фінансава-гаспадарчай дзейнасці: рэнтабельнасць продажаў пры заданні 13 % склала 2,6 %, выдаткі на 1 рубель таварнай прадукцыі склалі 99 капеек (павялічыліся на 22 % пры даведзеным зніжэнні на 1 %). Прычына гэтага – у павелічэнні ў мінулым годзе закупачных цэн на цукровыя буракі пры адначасовым абвале коштаў на цукар на асноўных рынках прадпрыемства з прычыны яго перавытворчасці ў Расійскай Федэрацыі.
З улікам поўнай адмовы сёлета ад перапрацоўкі цукру-сырцу нашаму прадпрыемству неабходна будзе правесці сур’ёзную работу па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці бураковага цукру як за кошт павелічэння вытворчых магутнасцяў і зніжэння страт у вытворчасці, так і за кошт сумеснай работы з гаспадаркамі, якія вырошчваюць салодкія караняплоды, над павышэннем якасці сыравіны. Гэта работа нароўні з устанаўленнем рыначнага цэнаўтварэння на цукровыя буракі ў залежнасці ад кан’юнктуры цукровага рынка павінна стаць залогам павышэння канкурэнтаздольнасці жабінкаўскага цукру як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.
Васіль ВОЛК, дырэктар ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”:
– У мінулым годзе наша прадпрыемства вырабіла 117,7 тыс. тон камбікормавай прадукцыі, ці 112,6 % да ўзроўню 2016-га. Удзельная вага ў агульным аб’ёме вытворчасці сярод аналагічных прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці склала 25,1 %, у рэспубліцы – 4,6 %.
Парадаваў летась тэмп росту экспарту тавараў – 130,9 % пры даведзеным заданні 111,5 %. Рэнтабельнасць продажаў за мінулы год склала 14,5 % пры заданні 9,0 %.
Па выніках працы за 2017 год таварыства атрымала выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ і паслуг) 40,1 млн. рублёў, што на 10,4 млн. рублёў больш, чым у 2016 годзе. Атрыманы прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі (работ і паслуг) у суме 5,8 млн. рублёў – у два разы больш, чым у аналагічным перыядзе пазамінулага года.
За студзень-снежань прадукцыя свінагадоўлі склала 4,2 тыс. тон, атрыманы прыплод парасят 37,1 тыс. галоў. Летась рэалізавана 35 тыс. свінняў. Выручка ад іх рэалізацыі склала 12,2 млн. рублёў, прыбытак – 3 млн. рублёў.
Асноўная задача Жабінкаўскага камбікормавага завода ў бягучым годзе – рост прыбытку пры зніжэнні выдаткаў. Таварыствам таксама будуць прыняты вычарпальныя меры па выкананні даведзеных ключавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і забеспячэнні апераджальнага росту прадукцыйнасці працы па выручцы ад рэалізацыі на аднаго сярэдняспісачнага работніка над ростам налічанай сярэднямесячнай заработнай платы.
Таварыству даведзены такія ключавыя паказчыкі, як: рэнтабельнасць продажаў – 9,0 %; зніжэнне ўзроўню выдаткаў на вытворчасць прадукцыі –мінус 2 %; экспарт прадукцыі – 100,1 %.
У бягучым годзе плануем вырабіць 123,5 тыс. тон прадукцыі ў натуральным выражэнні, загрузіць вытворчыя магутнасці на 69,8 %, атрымаць прыбытак ад рэалізацыі 3,8 млн. рублёў, чысты прыбытак 1,6 млн. рублёў.
Асноўная праблема для нас на сённяшні дзень – недахоп уласных абаротных сродкаў, і мы актыўна працуем над яе вырашэннем.
Мікалай КАВАЛЬЧЫК, дырэктар ААТ “Мацеевічы”:
– Па выніках работы нашага таварыства за 2017 год аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі ў супастаўных коштах склаў 103,1 % (6651,1 тыс. руб.) да мінулагодняга ўзроўню. Прадукцыйнасць працы на аднаго сярэднегадавога работніка па валавой вытворчасці прадукцыі зменшылася на 3,2 % і склала 41,9 тыс. руб. пры павелічэнні агульнай колькасці працаўнікоў прадпрыемства са 153 чалавек да 163. Памяншэнне прадукцыйнасці найперш звязана са зніжэннем вытворчасці прадукцыі раслінаводства – 95,3% да ўзроўню мінулага года (зменшылася вытворчасць зерня кукурузы, нарыхтоўка кармоў (сянаж – 5098 тон (–855 тон), сілас – 16413 тон (–5673 тоны)). Памер выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ў мінулым годзе склаў 5955 тыс. руб., што на 26 % вышэй за ўзровень 2016-га. Рост выручкі абумоўлены павышэннем якасці вырабленай прадукцыі, у прыватнасці малака (рост выручкі ад рэалізацыі малака склаў 33,6 %), а таксама павышэннем закупачных коштаў на малако.
Далейшае зніжэнне ўзроўню расходаў на вытворчасць прадукцыі і нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці – вось задача нашага сельгаспрадпрыемства на бягучы год. Так, плануем павялічыць вытворчасць малака мінімум на 415 тон у параўнанні са справаздачным годам. Надой малака на адну карову давесці да 5500 кг, павялічыць узровень таварнасці да 90 %
і рэалізацыю малака гатункам “экстра” да 50 % па выніках бягучага года. Гэта дазволіць нам павялічыць аб’ём выручкі ад рэалізацыі малака да 50 % і атрымаць дадаткова каля 1 млн. рублёў.
Росту прадуктыўнасці дойнага статка можна дасягнуць шляхам зніжэння захворвання пагалоўя жывёл, выканання тэхналогіі даення, кармлення, умоў утрымання жывёл. Неабходна забяспечыць строгі кантроль за рацыянальным выкарыстаннем кармоў, увесь час падтрымліваць у кароўніках і малочных блоках мікраклімат і зоагігіену.
Плануем павялічыць таксама аб’ём вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Так, ураджай збожжавых і зернебабовых культур без уліку кукурузы павінен скласці 7090 тон. Нягледзячы на нядрэнныя вынікі вытворчасці цукровых буракоў, ёсць рэзервы яе нарошчвання шляхам павелічэння ўраджайнасці. Мінімум на 15 % плануецца яе павышэнне ў бягучым годзе (470 ц/га).
У сувязі з тым, што паслугі іншых арганізацый у наш час каштуюць дорага, у канцы мінулага года мы набылі самаходны апырсквальнік “Раса”, які дазволіць уласнымі сіламі апрацоўваць пасевы азімых культур, а таксама плошчы запланаванай вясновай сяўбы і эканоміць на адсутнасці неабходнасці прыцягнення паслуг іншых арганізацый.
Такім чынам, рэзервы па скарачэнні выдаткаў і па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі ў ААТ “Мацеевічы” маюцца. Ад таго, якія вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці мы пакажам, будзе залежаць і рост заработнай платы, бо яна сёння цалкам прывязана да росту прадукцыйнасці працы.
Барыс ПАРАФЯНЮК, дырэктар ААТ “ХМЕЛЕВА”:
– Наша гаспадарка за мінулы год атрымала 7 мільёнаў 656 тысяч рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (119,7 %
да 2016 года). Папярэдні прыбытак 887 тыс. руб. (129,5 % да мінулага года). Сярэднямесячная заработная плата за справаздачны год склала 622 рублі (у 2016-м – 543,1 руб.) – гэта вельмі важны паказчык.
На адну фуражную карову атрымалі 6466 кілаграмаў, а валавая вытворчасць малака летась склала 8703 тоны.
За мінулы год перапрацоўчым прадпрыемствам рэалізавана 7821 тона малака (+771 тона да 2016 года). Таварнасць яго склала 89,9 %. Гатункам “экстра” і вышэйшым рэалізавана 100 % малака. На жаль, на 7,6 працэнтнага пункта знізілася рэалізацыя “экстрай”.
Сутыкнуліся мы летась і з іншымі праблемамі. Выгадавалі скаціны 681,3 тон (мінус 11,9 т, ці 98,3 % да ўзроўню 2016 года). Пагалоўе скаціны на пачатак бягучага года налічвае 4732 галавы (мінус 249 галоў, ці 95 % да мінулагодняга ўзроўню). Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе БРЖ на вырошчванні і адкорме склалі 669 грамаў. Захаванасць маладняку ў гаспадарцы 89 %. Летась атрымалі прыплоду 1380 галоў (мінус 388 галоў). Нарыхтавалі травяністых кармоў 32,23 ц
кармавых адзінак.
Безумоўна, мы не сядзелі, склаўшы рукі, сутыкаючыся з вышэйназванымі праблемамі. Калі скаціна пачала моцна хварэць, выклікалі спецыялістаў, праводзілі даследаванні, лячылі жывёлу. Сёння ў ААТ “Хмелева” шмат робіцца для выпраўлення сітуацыі: на кожнай ферме створаны групы па ўзнаўленні пагалоўя скаціны, усё ўзята на ўлік і пад кантроль. Да слова, павялічылася эфектыўнасць асемянення. У студзені атрымалі 73 цяляці прыплоду, за першае паўгоддзе плануем атрымаць 815 цялят.
Павел ЗАГРАЙ, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”:
– Вынікі дзейнасці прадпрыемства ў 2017 годзе паказваюць, што яно працягвае дынамічна развівацца. Так, у параўнанні 2016-м, аб’ём рэалізацыі паслуг вырас на 500 тыс. рублёў і склаў 6,7 млн. рублёў. У цэлым прадпрыемства скончыла год са станоўчым фінансавым вынікам, чысты прыбытак склаў 12 тыс. рублёў.
Летась былі выкананы неабходныя работы па бягучым рамонце жыллёвага фонду на суму 2 млн. рублёў. Таксама завершаны капітальны рамонт жылых дамоў на вул. Цэнтральная, 17, вул. Пушкіна, 5, вул. Цітова, 8. Асвоена ўсяго 740 тыс. рублёў, у тым ліку 380 тыс. – сродкі раённага бюджэту, 360 тыс. – сродкі насельніцтва.
За мінулы год Жабінкаўская ЖКГ выканала заданні па даведзеных планава-разліковых коштах па водазабеспячэнні, водаадвядзенні, цеплазабеспячэнні, тэхабслугоўванні. Некаторыя паказчыкі не ўдалося выканаць: узровень страт і няўлічаных расходаў вады склаў 17,7 % пры плане 12 %; удзельны расход электраэнергіі на пад’ём і падачу вады – 479 кВт/тыс.адз. (план – 454); удзельны расход электраэнергіі на перапампоўку і ачыстку сцёкавых вод – 369 кВт/тыс.адз. пры плане 292.
Што тычыцца абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі, то страты па дадзеным накірунку за мінулы год склалі 39 тыс. рублёў. З 1 лютага бягучага года функцыі па іх зборы і вывазе перададзены Брэсцкаму смеццеперапрацоўчаму заводу.
Нягледзячы на намаганні нашых працаўнікоў, у дзейнасці прадпрыемства маюцца недахопы, якія выклікаюць нараканні грамадзян (хаця працэнт колькасці іх зваротаў знізіўся). Таму галоўныя задачы для нас: паляпшэнне работы прадпрыемства па аказанні насельніцтву высакаякасных паслуг, умацаванне вытворчай дысцыпліны і адказнасці за выконваемую працу, забеспячэнне максімальнай занятасці працаўнікоў у адпаведнасці з іх кваліфікацыяй і годнай аплатай працы.
Запісала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.