Каб быць медыкам, трэба мець асаблівы склад душы, лічыць галоўная медсястра Жабінкаўскай райбальніцы Наталля Спіцына. Бо часта даводзіцца праз сэрца прапускаць чужыя боль, пакуты…
Затое якая радасць агортвае, калі хвароба адпускае пацыента са сваіх каварных абдымкаў і ён пачынае ісці на папраўку! Першы крок не толькі для дзіцяці важны. Для таго, хто вяртаецца да нармальнага жыцця (а такіх шмат давялося пабачыць, асабліва як працавала ў хірургічным аддзяленні), ён не менш значны…
Яна ўся ў справах. Вось і дзеля нашай сустрэчы ледзь выгадала час: спяшалася ў Сцяпанкі, дзе павінна была праводзіць семінар у мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце. Ад яе чакаюць дапамогу – таму паўгадзіны – не болей! – і ў дарогу…
Медыцына для Наталлі Мікалаеўны – жыццёвая дарога, на якую ўпэўнена ступіла адразу пасля школы, адчуўшы да прафесіі прызванне. Акрамя таго, перад вачыма меўся добры прыклад: старэйшая сястра Валянціна пасля Гродзенскага медыцынскага інстытута ўжо праходзіла інтэрнатуру. Таму і паехала Наталля ў 1984 годзе ў Гародню – паступаць у медвучылішча (сённяшні каледж). Скончыла яго бліскуча, з адзнакаю.
Першае месца працы – за межамі Беларусі, але – у “Беларусі” (такую назву і сёння носіць вядомы санаторый у цудоўным літоўскім горадзе Друскінінкай). Праца захапіла з першага дня. У той час межы былі толькі на картах, паміж людзьмі іх проста не існавала. Канечне, адчуваўся прыбалтыйскі каларыт, іншы ўклад жыцця і ментальнасць, але ж санаторый – усесаюзнага падпарадкавання. Сюды прыязджалі дзеці з усяго СССР, і медыкам даводзілася клапаціцца, каб малыя папраўляліся. І вынікі былі цудоўныя. Усё ж на той час дыягностыка ды кантроль лячэння былі на вельмі высокім узроўні. Хапала пару месяцаў, на якія разлічваліся санаторныя пуцёўкі, каб дзеці, што пакутавалі на хваробы страўніка, вярталіся дамоў практычна здаровымі. Гэта надзвычай цешыла медсястру.
Затым чакала вяртанне ў Гродна, дзе Наталля Мікалаеўна ўладкавалася медсястрой у хірургічнае аддзяленне бальніцы, што працавала ад знакамітага прадпрыемства “Азот”. Восень 1991 года прынесла чарговыя змены ў асабістым жыцці. У кастрычніку пабралася шлюбам з Леанідам Валянцінавічам (паходзіў ён ажно з Адэскай вобласці). Маладая сям’я шукала кропку на карце, дзе “можна звіць гняздо і прарасці надзейна каранямі на доўгія гады, магчыма, назаўсёды”. І кропка хутка адшукалася. Ёю стала Жабінка. Выбар зрабіць было не складана, бо ў нашым горадзе ўжо жыла другая сястра Наталлі – Святлана Мікалаеўна Янусік, якая звязала свой лёс з педагагічнай працай.
А для Наталлі Спіцынай памятным застаўся той яркі лістапад, якім сустрэла яе Жабінка. І ліст-заяву з просьбаю прыняць на працу паклала медсястра перад тагачасным галоўным урачом Віктарам Аляксандравічам Санюком, і той адразу згадзіўся без ваганняў і даў наказ у добры шлях на новым месцы працы.
Вось ужо больш за чвэрць веку прысвечана гэтаму шляху. Прыемна бачыць вынікі спраў рук сваіх, чуць падзякі ад людзей, якім медработнікі дапамаглі пазбавіцца хваробы.
– Хірургія і педыятрыя – мае два асноўныя профілі ў медыцыне, – гаворыць Наталля Спіцына. – Спачатку ўладкавалася ў хірургічнае аддзяленне, затым перайшла ў педыятрычнае, нарэшце, як тая нітачка за іголачкай – зноў пачала працаваць у хірургіі на пасадзе старшай медсястры.
Наталля Мікалаеўна лічыць, што сваё прафесійнае станаўленне, перш-наперш у якасці медсястры, якая працуе з маленькімі, прайшла менавіта ў Жабінкаўскай райбальніцы. Бо ўпершыню ў практыцы сутыкнулася з цяжкімі хворымі, а дзіцячы боль адгукаецца ў сэрцы шматкроць… Ужо трынаццаць гадоў Наталля Спіцына – галоўная медсястра ЦРБ. Яна арганізуе працу работнікаў сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу ўсяго раёна. Таму і стараецца кожны свой дзень напаўняць карыснымі справамі. Не толькі таму, што так патрабуюць службовыя абавязкі, – на тое існуе і ўласнае перакананне: калі магчымасць ёсць дапамагчы, яе патрэбна скарыстаць абавязкова!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%