Аб выніках дзейнасці тэхнічнай інспекцыі працы Брэсцкага абласнога аб’яднання, абкамаў галіновых прафсаюзаў за 2017 год і задачах на сёлетні ішла размова на нарадзе, што ладзілася 24 студзеня ў горадзе над Бугам.
На мерапрыемства былі запрошаны больш за 250 чалавек. У іх ліку – тэхнічныя інспектары працы абласных арганізацый прафсаюзаў, старшыні раённых, гарадскіх аб’яднанняў, прафсаюзных пярвічак, спецыялісты па ахове працы прадпрыемстваў. У размове паўдзельнічалі супрацоўнікі пракуратуры, абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, санітарна-эпідэміялагічнай службы, галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Аляксандр Зайцаў.
Летась, як паведаміў галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Павел Фядотаў, выкананне заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах і арганізацыях Брэстчыны кантралявалі 15 штатных тэхінспектараў, якія правялі 145 планавых праверак і 903 маніторынгі. У выніку наймальнікам выдадзены 142 прадстаўленні, 147 даведак і 759 рэкамендацый на ліквідацыю 8685 парушэнняў, спынялася эксплуатацыя 175 адзінак абсталявання, што не адпавядалі патрабаванням бяспекі. Між іншым, тэхнічныя інспектары праверылі 119 сельскагаспадарчых арганізацый, 21 студэнцкі атрад і 24 дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.
Стварэнню бяспечных умоў на вытворчасці садзейнічалі і 1,9 тысячы грамадскіх камісій ды 11 з паловай тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы. Яны выяўлялі парушэнні і своечасова інфармавалі наймальнікаў пра неабходнасць прывядзення спраў у належны стан. Гэта спрыяла захаванню здароўя і жыцця працаўнікоў.
Як адзначалася на нарадзе, наладжана цеснае ўзаемадзеянне ў кантролі аховы працы паміж абласным аб’яднаннем прафсаюзаў і пракуратурай ды ўпраўленнем Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. Значны аспект такога супрацоўніцтва – аднаўленне парушаных правоў грамадзян, папярэджанне і прафілактыка падобных парушэнняў. Гэта адпавядае пагадненню, падпісанаму летась паміж Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі аб узаемадзеянні дзеля абароны канстытуцыйных правоў і гарантый работнікаў.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%