Пытанні школьнага харчавання застаюцца адкрытымі

Праверкі Камітэта дзяржкантролю, праведзеныя ў мінулым годзе, выявілі шэраг праблем у арганізацыі харчавання школьнікаў Брэстчыны.

Амаль год спецыялісты дзяржкантролю вывучалі якасць і бяспеку харчавання дзяцей у школах Брэсцкай вобласці. У пераліку выяўленых парушэнняў – пратэрмінаваная прадукцыя, бедны рацыён, непразрыстасць грашовага звароту, нерацыянальнае расходаванне бюджэтных сродкаў і шэраг іншых праблем.
Існавала і традыцыя збораў з бацькоў грошай на харчаванне – “бацькоўская даплата”. Прычым, некаторыя школы і прадпрыемствы, якія займаюцца гэтым пытаннем, аддавалі перавагу наяўным сродкам.
Прадпрыемствы грамадскага харчавання атрымлівалі праз адміністрацыі школ фактычна ўнесеную бацькамі і законнымі прадстаўнікамі “даплату” да ўстаноўленых грашовых нормаў расходаў за харчаванне на кожнага навучэнца. Яна павінна была насіць выключна добраахвотны характар, але фактычна даводзілася да бацькоў школьнікаў як абавязковае патрабаванне. Педагогі вымушаны былі ўсімі спосабамі забяспечыць прымусовы збор грошай.
Пры гэтым у многіх буфетах і школьных сталовых не было не тое што тэрміналаў, а нават касавых апаратаў. Узнікалі і справядлівыя нараканні бацькоў і іх хваляванні, што бескантрольны абарот грошай стварае перадумовы для карупцыі.
Паўсюднай праблемай у вобласці было невыкананне натуральных нормаў харчавання, дапускаліся парушэнні парадку фарміравання цэн пры арганізацыі харчавання школьнікаў.
Не абышлося і без парушэнняў санітарных нормаў. Матэрыяльна-тэхнічная база сталовых у большасці аб’ектаў грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі патрабуе мадэрнізацыі. Напрыклад, на харчаблоках асобных адукацыйных устаноў выкарыстоўвалася абсталяванне, уведзенае ў эксплуатацыю ў лютым 1975 года.
Выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю і пракуратурай вобласці недахопы і сістэмныя памылкі ў рабоце па арганізацыі харчавання з’явіліся каталізатарам актыўных дзеянняў органаў улады і кіравання па навядзенні парадку ў гэтай сферы, свайго роду пасылам да арганізацыі работы ў рамках прававога поля.
Нягледзячы на наяўныя недахопы, выяўленыя падчас праверак, ужо прыняты пэўныя меры па іх ухіленні, аднак асобныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй харчавання навучэнцаў, яшчэ не вырашаны. Гэта працяглы працэс, і адбывацца ён будзе паэтапна.
Але вынікі ўжо бачныя: не спаганяецца так званая “бацькоўская даплата” пры аднаразовым харчаванні, усталяваны касавыя апараты ў школьных сталовых і буфетах, актыўна ўкараняецца сістэма безнаяўных плацяжоў АРІП. Ды і з выкананнем натуральных нормаў ёсць пэўны прагрэс.
Па выніках выяўленых парушэнняў прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 51 фізічная асоба на суму 4,7 тыс. руб., да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 60 работнікаў, да юрыдычных асоб прыменены адміністрацыйныя штрафы на агульную суму 169,1 тыс. руб., узбуджана адна крымінальная справа. Органамі пракуратуры Брэсцкай вобласці ўнесена 18 актаў пракурорскага рэагавання.
Застаецца спадзявацца на тое, што будуць зроблены правільныя высновы, і работа, якая праводзіцца, дасць свае вынікі, дзеці будуць атрымліваць здаровае і рацыянальнае харчаванне, эканомна будуць расходавацца як бюджэтныя сродкі, так і грошы бацькоў.
Пытанне, тым не менш, застаецца адкрытым – кантроль у сферы харчавання прадоўжыцца і сёлета.
Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.