У чыстай замеці снягоў

Адрас трэці

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

На транспарце няпроста трапіць у Селішчы, асабліва як узімку бяруць вёсачку, што месціцца ў Сцяпанкаўскім сельсавеце, у белы свой палон снягі. Увесь вечар і ў начную пару зіма старанна майстравала глыбокія намёты. І хоць наступным днём блізкую дарогу пачысціла магутная сучасная тэхніка, да самой вёскі давялося дабірацца пешшу.

Час, калі тут было людна, даўно адышоў у гісторыю. Найпершая згадка пра паселішча сягае ў далёкі 1631 год. Спачатку гаспадарылі ў ім Кругельскія (Крагельскія), затым Касцюшкі-Сяхновіцкія ды іх нашчадкі – Эсткі.
Найбольш насельнікаў налічваліся напрыканцы ХІХ стагоддзя. Як праводзіўся ў 1897 годзе самы першы агульнарасійскі перапіс насельніцтва, налічвалася тут ажно 174 жыхары. Некаторыя прытрымліваліся каталіцтва, таму існавала і дамавая каплічка. Калі ў паселішчы было амаль два дзясяткі хат, населены пункт меў імя Селішча, цяпер, як вёска абязлюдзела і засталося ўсяго чатыры падворкі, з нейкай прычыны быў перайменаваны ў Селішчы.
Афіцыйна ў вёсцы прапісаны два чалавекі. Ды ў саміх Селішчах сустрэць іх не давялося.
Надзея Навумаўна Пашкевіч у снежні адсвяткавала свае 91-я
ўгодкі. Ладненька жыла на ўласнай сядзібе са сваім Бронекам – Браніславам Паўлавічам. Быццам у крыху перайначанай песні, “яна – праваслаўная, ён – каталік”. Сумесна – да мужавай смерці – працавалі на гаспадарцы. Хата Пашкевічаў і зараз стаіць на ўскрайку, першаю вітаецца з падарожным.
У ёй улетку пяцьдзясят дзявятага нарадзіўся і сын Надзеі ды Браніслава Уладзімір. З бацькоўскага невялічкага хутара ён выйшаў у вялікі свет. З дзяцінства меў мару пра мора і яе здзейсніў. У савецкія часы Уладзімір Пашкевіч скончыў мараходку, служыў на ваенна-марскім флоце. Лёс занёс ажно на Далёкі Усход. Як выйшоў у адстаўку, вярнуўся з ціхаакіянскага берага ў родную Беларусь. Сярод іншых мясцін найбольш цягнула на малую радзіму. Таму й пасяліўся ў рэшце рэшт у горадзе над Бугам, туды і маці забраў, каб да спачыну даглядаць роднага чалавека.
Старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама Мікалай Ягорчанкаў, пакуль бабулька жыла ў Селішчах, час ад часу наведваўся да яе. Аднаго разу, як ішла перапісная кампанія, пераступіўшы парог, папрасіў:
– Вы, Надзея Навумаўна, мяне не бойцеся, але ж, калі чужынцы завітаюць, проста так да сябе не пускайце.
– А я і не баюся, – адказала доўгажыхарка. – На роднай сялібе прырода ды Бог ахоўваюць.
Кіраўнік спраў сельвыканкама Ніна Макаранка згадвае Селішчы невялічкім кутком, дзе людзі жылі сваім, крыху адасобленым жыццём. Другі селішчанскі жыхар Іван Антонавіч Барысюк зараз перасяліўся да сястры ў Сакі. Нарадзіўся ў памятны дзень – 22 чэрвеня 1941 года. Разам з братам (якога ўжо няма сярод жывых) меў сялянскую закваску, трымаў багатую гаспадарку: цэлую атару (больш за паўсотні) авечак ды пяць рагуль. Неяк, гадоў дваццаць таму, узнікла ідэя перасяліць хутаран у больш перспектыўныя вёскі, каб зажылі селішчанцы сучасным жыццём. Ды Барысюкі катэгарычна запярэчылі:
– Навошта ад дзедаўскіх каранёў адрывацца? На сваё жыццё нікому не скардзіліся і далей не будзем. У нас усё ёсць! Бярэмя дроўцаў прынясем, печку пратопім – і сапраўдны Ташкент у хаце!
Адзін з самых старых дамоў у Селішчах – Лідзіі Васільеўны Мухі. Хата налічвае ўжо больш за дзевяць дзясяткаў гадоў. Але ж гаспадыня гасцей ля парога не сустрэне: вось ужо два гады мінула, як пайшла яна ў лепшы свет. Нягледзячы ні на што, да апошняга дня захоўвала жвавасць ды працалюбства. Адчувала, што час яе набліжаецца, таму, каб было каму па гаспадарцы ўпраўляцца ды прахам не пайшло нажытае, дазволіла пасяліцца на сялібе Івану Сальнікаву. Той пераехаў з далёкіх краёў і зараз наглядае за Мухінай хатай.
Акрамя пералічаных, жылі ў Селішчах раней Будзько, Карнелюкі, Пасюкі. Мабыць, самы трагічны лёс сярод жыхароў выпаў на долю Марыі Рыгораўны Пасюк (у дзявоцтве – Данілюк), якая нарадзілася 13 жніўня 1928 года ў Драмлёве. У трагічны вераснёўскі дзень, калі каты ўчынілі расправу над мірным сялом, Марыя выпадкова аказалася ў Жыціні. Да самага скону ёй давялося насіць успамін пра вёску, спаленую з жывымі людзьмі, пра дзень, калі ў адно імгненне стала сіратою…
На здымку: у пачатку Селішчаў хаваецца ў глыбокіх снягах Пашкевічава хата. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.