Усмешкаю, бы сонцам, сагравае

Гэты фотаздымак 40-гадовай даўніны беражліва захоўваецца ў райбібліятэцы. На ім – маладзенькія гаспадыні чытальні, што месцілася тады на вуліцы Піянерскай. У цэнтры – самая невялічкая расточкам ды надзвычай жыццярадасная Таня Карасёва (у будучым – Таццяна Уладзіміраўна Данілюк), з якою пашчасціла шмат гадоў працаваць разам.
Некалі 20-гадовай дзяўчынай прыехала яна ў Жабінку. З нашым горадам нара-джэнка Браншчыны назаўжды паяднаная лёсам. Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума ўладкавалася ў дзіцячую бібліятэку, а затым стала загадчыкам аддзела абслугоўвання, адначасова завочна вучылася ў сталічным Інстытуце культуры. Калі ўтварылася цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Таццяна Уладзіміраўна ўзначаліла метадычны аддзел.
У гэтага дзіўнага чалавека – асаблівая душэўная цеплыня, і людзі з удзячнасцю адчуваюць яе сонечнасць, цягнуцца да прыгожай усмешкі. Яе вытрымка, тактоўнасць, уменне патлумачыць задачы і павесці за сабою людзей – вельмі карысныя якасці душы. Асаблівыя клопат і падтрымку, што грунтаваліся на сяброўскіх адносінах, адчувалі з боку Таццяны Данілюк вясковыя бібліятэкары. Заўсёды кампетэнтная, разумная, тактоўная, яна аказвала ім метадычную і проста чалавечую падтрымку. Надзвычай цікава арганізоўвала вучобу, навукова-практычныя заняткі, з любоўю праводзіла мерапрыемствы. А якія сцэнарыі пісала! Гэта быў яе сапраўдны канёк. Была актыўнаю і ў літаратурна-прапагандысцкай групе, што ахоплівала чытачоў розных узростаў і прафесій (даводзілася выступаць і перад школьнікамі, міліцыянерамі, завадчанамі, супрацоўнікамі дыстанцыі пуці ды іншымі аматарамі кнігі).
Бібліятэкары дасюль успамінаюць абласны семінар на базе нашага раёна, што праводзіўся пры непасрэдным удзеле загадчыка метадычнага аддзела і атрымаў высокую ацэнку. Таццяна Уладзіміраўна стаяла ля вытокаў краязнаўчай дзейнасці бібліятэк. Яе заўсёды вызначала вялікая цяга да ведаў і кніжнага свету, шматлікіх навін, на якія багатыя і малая радзіма, і ўся Беларусь. Таццяна Данілюк падказвала іншым, што важнае адбываецца ў свеце, як гэта можна прымяніць на справе. Пра такіх людзей гавораць: заўжды трымае руку на пульсе часу і жыцця. Дзякуючы ўсяму вышэйсказанаму Таццяна Уладзіміраўна змагла паспяхова працягваць дзейнасць і ў аддзеле ідэалогіі райвыканкама, куды была запрошана працаваць на памежжы вякоў. І на новай для сябе пасадзе Таццяна Данілюк дзейнічала аддана і кампетэнтна. У тым ліку была актыўным няштатным карэспандэнтам “Сельскай праўды”.
Аднак не толькі ў працы працякае наша жыццё. Яшчэ – яна выдатная маці, што выгадавала добрых дзяцей – Ірыну і Паўла (дачка стала шчаслівым матуліным працягам на бібліятэчнай ніве). А тыя падаравалі бабулі цудоўных унучак. Дасюль Таццяна Уладзіміраўна даражыць сяброўствам з былымі калегамі, яна – сярод актыўных удзельнікаў клуба “Суразмоўнік”, бо ў душы назаўсёды засталася бібліятэкарам. Размаўляеш з Таццянай, нібыта з родным чалавекам, што адгукнецца, як чулае рэха, на твае словы, прыйдзе на дапамогу, нават калі і не просіш. Бо глыбінямі сваёй трапяткой душы адчувае, калі чалавеку патрабуецца падтрымка.
Сёння ў Таццяны Данілюк – прыгожае свята. Упэўнены, шмат добрых слоў прагучыць у яе адрас ад родных, блізкіх. Да гэтага мора віншаванняў хочацца дадаць і ручаёк ад былых супрацоўнікаў і журналістаў “СП”: няхай ваша ўсмешка і надалей, нібыта сонцам, сагравае нас, дарагая Таццяна Уладзіміраўна. Бо ад добрага настрою ўсім становіцца ласкава ў жыцці.
Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.