У інспекцыях аховы жывёльнага і расліннага свету Брэсцкай вобласці падведзены вынікі работы за мінулы год.
Іх дзейнасць была накіравана на выяўленне найбольш значных, грубых і замаскіраваных парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ў сферы лесакарыстання, палявання і рыбалоўства.
Так, летась інспекцыямі Брэстчыны было выяўлена 1219 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Пры гэтым больш за трэць з іх былі звязаны з тым, што грамадзяне парушалі правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, шостая частка – з парушэннем у сферы паляўнічай гаспадаркі і палявання. 372 выпадкі выяўлены пры лесакарыстанні, з якіх 53 – парушэнні ўсталяванага парадку транспарціроўкі драўніны.
Па 55 фактах з прыкметамі крымі-нальных злачынстваў матэрыялы былі перададзены ў следчыя органы, па іх у мінулым годзе ўзбуджаны 52 крымінальныя справы.
У выніку выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікі інспекцыі ў мінулым годзе канфіскавалі ў парушальнікаў 906 рыбалоўных сетак, 184 іншыя прылады рыбалоўства, 84 адзінкі агнястрэльнай зброі (з іх 32 адзінкі былі не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку і знаходзіліся ў незаконным абароце), 12 іншых прылад палявання (петлі-сілкі, капканы). У парушальнікаў таксама канфіскавана і вернута ўласнікам каля 600 кг выкрадзенай сажалкавай рыбы, больш за 830 кг незаконна здабытай азёрна-рачной рыбы, 1010 кг незаконна здабытай дзічынна-мясной прадукцыі, а таксама выяўлена 1567 кубічных метраў незаконна нарыхтаванай драўніны.
За здзейсненыя летась правапарушэнні прыродаахоўнага заканадаўства рыбаловы і паляўнічыя, што спрабавалі абысці закон, ужо выплацілі ў казну дзяржавы 167 тысяч рублёў штрафных санкцый, а таксама больш за 190 тысяч рублёў у лік пагашэння шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, і кошту незаконна здабытай прадукцыі прыродакарыстання.
Таксама ў даход дзяржавы ў парушальнікаў канфіскаваны два аўтамабілі, сем маламерных суднаў, адзін лодкавы матор.
“Гэтая праца, праробленая калектывам з 30 інспектараў, будзе працягвацца і ў далейшым”, – падкрэслілі ў Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Пра парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства просім паведамляць на “гарачую лінію” абласной інспекцыі па тэлефоне (80162)20-70-00.
Дзмітрый КРЫВАБЛОЦКІ, намеснік начальніка абласной інспекцыі – начальнік аператыўнага аддзела аховы жывёльнага і расліннага свету.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%