Дыялог прыносіць карысць

Анатоль РОСТАЎ.

Сустрэчы з прававымі інспектарамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі традыцыйна праходзяць плённа, паколькі грамадзя-не маюць унікальную магчымасць атрымаць юрыдычную кансультацыю ад высакакласных спецыялістаў. Апошні па часе прыём у Жабінцы адбыўся напрыканцы снежня мінулага года і быў пабудаваны ў форме дыялогу.

Ён прайшоў у фізкультурна-аздараўленчай установе “Спартыўны комплекс “Бадзёрасць”. Ладзіла прыём прававы інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Кандрашова.
Таццяна Іванаўна патлумачыла, што галоўная задача падобных сустрэч – аказаць дапамогу ў вырашэнні пытанняў, звязаных з абаронай працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў грамадзян. Такая форма дыялогу мае перавагі ў параўнанні з юрыдычнымі кансультацыямі традыцыйнага фармату, паколькі праводзіцца непасрэдна на месцах і не патрабуе фінансавых выдаткаў за кампетэнтную дапамогу прафесійных правазнаўцаў.
Да абласнога спецыяліста звярнуліся васьмёра жабінкаўцаў, ад якіх паступіла 17 пытанняў, прычым не толькі асабістага, але й агульнага характару.
Між іншым, наведвальнікаў цікавілі змены, унесеныя ў Дэкрэт “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, і пашырэнне дзейнасці калектыўнага дагавора на працаўніка, які не з’яўляецца членам прафсаюза. Грамадзяне прасілі прававога інспектара патлумачыць пра льготы чарнобыльцам і кампенсацыю камандзіровачных расходаў.
Асобны клопат выклікалі праблемы, звязаныя з нюансамі працоўнай дзейнасці і адпачынку. Напрыклад, як аплачваецца праца замест работніка, што адсутнічае; аб занятку інваліда ІІІ групы і пераводзе на лёгкую працу; пра змены на працягу года графіка адпускоў (прынамсі, перанос пачатку адпачынку, па-
дзел яго на часткі); пра дадатковы водпуск за працу ў шкодных умовах і за ненармаваны рабочы дзень пры ўмовах занятасці ў аднаго наймальніка на дзвюх пасадах па 0,5 стаўкі кожная; аб аплаце пры закрыцці аб’екта на рамонт (пры прастоі) ды іншае.
Вядома, грамадзяне не абышлі ўвагай і праблемы санаторна-курортнага адпачынку, прынамсі, пацікавіліся, на якіх умовах можна набыць пуцёўкі ў санаторыі, у тым ліку прафсаюзныя, якія магчымасці для аздараўлення ў летнюю пару маюць дзеці.
У асобны блок неабходна выдзеліць пытанні, звязаныя з моладдзю. Напрыклад, тых, хто прыйшоў на сустрэчу, цікавіла, як кампенсуюцца сродкі, расходаваныя дзяржавай на атрыманне адукацыі; якія магчымасці ў маладога спецыяліста вярнуцца на ранейшае месца працы пасля войска; пра службу ў рэзерве; аб парадку заключэння кантракта з маладымі спецыялістамі.
Па кожнай праблеме, узнятай у час прыёму, жабінкаўцы атрымалі тлумачэнні. Адказы на пытанні, што патрабуюць дадатковага вывучэння, будуць дадзены ва ўстаноўленыя тэрміны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.