Ніколі не кажы “ніколі”

Гэтую крылатую фразу бессмяротнага агента 007 заўжды патрэбна памятаць тым, хто набраў пазык, а вяртаць іх не спяшаецца. Вядома ж, пазычаў чужое, а аддаваць даводзіцца сваё… Так, жыхар Падлесся раней заяўляў па-заліхвацку: “Не плаціў ніколі і не збіраюся!” У выніку застаўся часова без аўтамашыны, канфіскаванай за даўгі. Прычым, чалавек не самы бедны. Бо калі ўсё ж часткова разлічыўся, адно аўто яму вярнулі, а вось другое праваахоўнікі перадалі на рэалізацыю, каб вярнуць грошы юрыдычнай асобе, што зачакалася грашовых сродкаў ад несумленнага пазычальніка. Да таго ж, мужчына доўгі час трымаў “кругавую абарону”: судовыя выканаўцы не маглі нават патрапіць на ягоны ўчастак, які ахоўвалі сабакі. Толькі калі завіталі да неплацельшчыка разам з прадстаўнікамі раённага аддзела Дэпартамента аховы, вароты “чароўным” чынам адамкнуліся.
Гэта частка няпростай працы, якую літаральна штодня даводзіцца выконваць спецыялістам аддзела прымусовага выканання. Разам з інспектарам дарожна-паставой службы Юрыем Навасадам і вядучым рэферэнтам аддзела прымусовага выканання Раманам Кузняцом аўтары гэтай нататкі пабывалі ў чарговым рэйдзе, які пачаўся са “знаёмства” са згаданым жыхаром Падлесся. Затым рэйд працягнуўся на дарозе.
Для выяўлення парушальнікаў дзяржаўтаінспектар спыняў вадзіцеляў, а судовы выканаўца прабіваў аўтамабілістаў па электроннай базе: правяраліся не толькі стан машын, але і самі грамадзяне, іх дакументы.
Хапіла гадзіны, каб выявіліся парушальнікі. Так, прадстаўнік ДАІ склаў два пратаколы на тых, хто аднёсся абыякава да праходжання тэхагляду.
Мэта сумеснага мерапрыемства (а яно мела і прафілактычнае значэнне) выканана. Падобныя рэйды будуць праводзіцца і ў далейшым. Таму не раім злосным парушальнікам супакойвацца і забыць слова “ніколі”. Бо аднойчы плаціць усё ж давядзецца…
У сваю чаргу, у Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць: штраф за парушэнне Правілаў дарожнага руху патрэбна аплаціць не пазней за месяц са дня ўступлення ў законную сілу пастановы аб спагнанні. Да канца года ДАІ будзе арыентавана на праверкі транспарту, якім перавозяцца пасажыры і грузы. Акрамя таго, будзе правярацца наяўнасць адзнакі аб праходжанні тэхагляду і тэхнічнага стану транспартных сродкаў перад выездам на лінію. Што ж, паважаныя аўтааматары, “уедзем” у новы год без непрыемных прыгод!
Аляксандр КРУК, судовы выканаўца АПВ, Анатоль БЕНЗЯРУК, карэспандэнт “СП”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.