Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
З 2016 года Святлана Сяркова працуе ў Жабінкаўскім раёне электрычных сетак філіяла “Брэсцкія электрычныя сеткі” РУП “Брэстэнерга”. Да гэтага на працягу дванаццаці гадоў рупілася ў іншых арганізацыях раёна.
Родам Святлана з Мацеевічаў. Тут скончыла дзевяцігодку. Атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымала ў Якаўчыцкай школе, у ім было ўсяго чатыры чацвёркі, астатнія – пяцёркі. Ужо ў старэйшых класах дзяўчына вызначылася з будучай прафесіяй і не ўтойвала, што хоча быць эканамістам. Яна паспяхова здала экзамены і паступіла ў Мінскі тэхнікум прадпрымальніцтва (цяпер каледж) на спецыяльнасць “Банкаўская справа” (кваліфікацыя “Эканаміст”). Праз два гады дыпламаваным спецыялістам прыехала на малую радзіму. Свой працоўны шлях Святлана пачала ў рыбгасе “Сакалова” на пасадзе галоўнага эканаміста. Тут рупілася восем гадоў. Складала бізнес-планы, калькуляцыі на рыбу, вяла аплату працы, фарміравала цэны, лічыла затраты на вытворчасць і многае іншае.
Падчас работы ў рыбгасе яна вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і паступіла завочна ў Калінінградскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Водныя біярэсурсы і аквакультура”. Дасюль памятае свой першы палёт на самалёце, калі ляцела з Мінска ў Калінінград на вучобу. І так усе пяць гадоў: 40 хвілін – і ты на месцы, пакуль не атрымала дыплом бакалаўра і не стала кваліфікаваным рыбаводам-эколагам. Незабыўныя ўражанні пакінуў і сам Калінінград, яго архітэктура, славутасці.
Пасля рыбгаса “Сакалова” быў вопыт работы галоўным бухгалтарам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.
Год таму Святлана Сяркова прыйшла на працу ў Жабінкаўскі РЭС, яе прынялі на пасаду кантралёра. Здымала паказчыкі электралічыльнікаў на вызначаным участку, куды ўваходзілі такія населеныя пункты, як Старое Сяло, Азяты, Бараны, Баранцы, Сычова, Мацеевічы, Вялікія Сяхновічы і пэўныя вуліцы горада.
З красавіка бягучага года Святлана – тэхнік Жабінкаўскага раёна электрасетак. У яе абавязках вядзенне тэхнічнай дакументацыі, складанне справаздачнасці, абход электраліній і многае іншае. Працуе ў цеснай узаемасувязі з галоўным інжынерам Мікалаем Пасюком і інжынерам па эксплуатацыі Дзмітрыем Лахам.
З прыходам у Жабінкаўскі РЭС Святлана стала прадаўжальніцай сямейнай дынастыі. Некалі на працягу многіх гадоў электраманцёрам аператыўна-выязной брыгады тут рупіўся яе бацька Мікалай Федарук, а таксама дзядзька Аляксандр Марчук, які быў электраманцёрам размеркавальных сетак.
У 2005 годзе Святлана змяніла прозвішча Федарук на Сяркову: разам з мужам Вадзімам стварылі сям’ю. З тае пары шмат радасцяў і прыемных хвілін перажылі, і самыя хвалюючыя з іх – нара-джэнне дачкі і сына. Цяпер дачушцы Юліі 11 гадоў. Яна зай-маецца маляваннем, асвойвае гітару, наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Мяккая цацка”. Дзевяцігадовы сынок Максім таксама мае талент да малявання, іграе на баяне. Зараз у Сярковых агульныя клопаты – будаўніцтва дома, куды хочуць хутчэй перайсці, каб дружна, разам даглядаць сад, агарод і на сваім падворку адзначаць сямейныя святы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%