У ГОСЦІ ДА ПРЭЗІДЭНТА
Самых таленавітых дзяцей Беларусі запросяць на навагодняе свята ў Палац Незалежнасці, у якім плануецца ўдзел кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Кульмінацыяй акцыі “Нашы дзеці” па традыцыі стане галоўная ёлка краіны, свята пройдзе 28 снежня ў Палацы Рэспублікі. “А днём раней адбу-дзецца яшчэ адна сустрэча, якая, безумоўна, запомніцца яе ўдзельнікам назаўсёды. Пераможцаў школьных алімпіяд, юных наватараў і вынаходнікаў, выдатнікаў і самых актыўных пад Новы год запрашае ў госці Прэзідэнт – у Палац Незалежнасці, – сказалі ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. – Месца, дзе праходзяць лёсавызначальныя палітычныя перагаворы і саміты, значныя эканамічныя нарады і сустрэчы з сусветнымі лідарамі, у пераднавагоднія дні напоўніцца святочнай атмасферай і ўтульнасцю. Яркая праграма, падарункі і нефармальная сустрэча з беларускім лідарам стануць сапраўдным сюрпрызам для 250 вундэркіндаў».
Як было адзначана, у шчыльным прэзідэнцкім графіку заўсёды ёсць месца для сустрэч з моладдзю і душэўных размоў, бо менавіта ад яе залежыць, якой будзе наша краіна праз дзесяцігоддзі. На святочным навагоднім мерапрыемстве 27 снежня ў Палацы Незалежнасці дзеці змогуць падзяліцца новымі ідэямі і расказаць аб ужо ажыццёўленых праектах.
БРЭСЦКІЯ ЎЛАДЫ МАЮЦЬ НАМЕР
ВЯРНУЦЬ РАДЗІВІЛАЎСКУЮ БІБЛІЮ Ў ГОРАД
Гарадскія ўлады працуюць над вяртаннем Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі на радзіму, паведаміў журналістам старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук на адкрыцці памятнага знака Брэсцкай Бібліі.
“Мы не ўтойваем, што вядзём работу, каб вярнуць у Брэст поўнае выданне Брэсцкай Бібліі. У свеце цяпер налічваецца каля 70 экзэмпляраў у той ці іншай ступені захаванасці. Вядзём перагаворы з прыватнымі калекцыянерамі, каб грамадскі фонд, створаны да тысячагоддзя горада, выступіў заказчыкам або спонсарам гэтай унікальнай падзеі. Спадзяюся, у нас атрымаецца вярнуць Біблію ў аўтэнтычным стане. Робім для гэтага ўсё магчымае”, – сказаў Аляксандр Рагачук.
Паводле слоў мэра, выданне Бібліі ў 1563 годзе – адна са значных дат у гісторыі Брэста. Памятны знак у яе гонар устаноўлены ў цэнтральнай частцы горада, на скрыжаванні вуліц Пушкінскай і Кірава. Яго вышыня – 1,8 м. Масіўная бронзавая аснова нагадвае разгорнутую кнігу, на адной старонцы якой можна ўбачыць адбітак “Брэсцкая Біблія. 1563”, на другой – гравюру. Камень для пастамента спецыяльна прывезены з Карэліі. На выраб помніка накіравана Br80 тыс. Большую частку сродкаў выдзеліў бюджэт, больш за Br20 тыс. – уклад мецэнатаў.
“Зрабіць такі значны праект – вялікая радасць. Гэта мая першая манументальная работа. Памятны знак Брэсцкай Бібліі з’яўляецца сімвалам сілы чалавечай думкі, цягі да ведаў, асветы. Яе выданне – пераломны момант у гісторыі не толькі Брэста, а ўсёй краіны”, – лічыць аўтар праекта скульптар Антон Нічыпарук.
АБМЕЖАВАНЫ ЎВОЗ ПТУШКІ
З-ЗА ПТУШЫНАГА ГРЫПУ
Паводле дадзеных Міжнароднага эпізаатычнага бюро (МЭБ), на тэрыторыі правінцыі Флеваланд (Нідэрланды) зарэгістраваны новы выпадак захворвання птушак на высокапатагенны грып. У сувязі з гэтым з 17 снежня ўведзены часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з гэтага рэгіёна жывой птушкі, інкубацыйнага яйка, дзікіх, заапаркавых і цыркавых жывёл, мяса птушкі, яечнага парашку, меланжу, альбуміну і іншых харчовых прадуктаў перапрацоўкі курынага яйка, пуху і пер’я, кармоў і кармавых дабавак з птушкі, кармоў і кармавых дабавак расліннага паходжання, паляўнічых трафеяў (птушынай дзічыны), а таксама былога ва ўжыванні абсталявання для перавозкі птушкагадоўчай прадукцыі, утрымання, забою і разбірання птушкі. Усе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз у Беларусь з правінцыі Флеваланд (Нідэрланды) вышэйназваных тавараў адмяняюцца.
Акрамя таго, паводле інфармацыі МЭБ, на тэрыторыі рэгіёна Зямлі Луары (Францыя) зарэгістраваны новы выпадак захворвання птушак на нізкапатагенны грып. У сувязі з гэтым з 17 снежня ўведзены часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з гэтага рэгіёна вышэйназваных тавараў.
ЗМЕНЕНЫ ГРАФІК РАБОТЫ ЎСТАНОЎ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ
У Беларусі зменены графік работы ўстаноў аховы здароўя ў выхадныя і святочныя дні ў снежні 2017 года і студзені 2018-га. Бальнічныя арганізацыі 23 снежня і 20 студзеня будуць працаваць па графіку суботняга дня, 24 снежня – выхаднога дня, 25 снежня і 1 студзеня – святочнага дня, 2 студзеня – рабочага дня.
Работа амбулаторна-паліклінічных арганізацый, арганізацый пералівання крыві, санітарна-эпідэміялагічных арганізацый, аптэчных арганізацый і арганізацый медыцынскай тэхнікі 23 снежня і 2 студзеня будзе арганізавана па графіку работы суботняга дня, 24 снежня – выхаднога дня, 25 снежня і 1 студзеня – святочнага дня, 20 студзеня – рабочага дня.
У выхадныя і святочныя дні амбулаторна-паліклінічныя ўстановы, прыёмныя аддзяленні бальніц, траўматалагічныя пункты, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі будуць узмоцнены найбольш кваліфікаванымі спецыялістамі.
Па матэрыялах БелТА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%