Каб мары дзяцей ажыццяўляліся


У межах акцыі “Нашы дзеці” з мэтай развіцця валанцёрскага руху і фарміравання талерантных адносін да дзяцей-інвалідаў вучні 6 “Б” класа сярэдняй школы № 1 Жабінкі з класным кіраўніком Юліяй Дусь, а таксама навучэнцы гарадскога ліцэя наведалі Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна.
Шасцікласнікі праінсцэ-ніравалі казку “Калабок” для выхаванцаў цэнтра і ўручылі прынесеныя з сабой падарункі. Многія ўпершыню пераступілі парог гэтай установы. Усім было цікава пазнаёміцца з дзецьмі, што тут вучацца, з умовамі, у якіх адбываецца навучанне. Школьнікаў уразіў сэнсарны пакой, масажны кабінет. Як высветлілася, многія навучэнцы цэнтра – равеснікі шасцікласнікаў, хоць і вучацца ў малодшых класах, а з некаторымі нават хадзілі ў адну групу ў дзіцячым садку. Юлія Дусь ад імя сваіх вучняў і сябе асабіста запрасіла навучэнцаў і педагогаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў госці ў першую гарадскую школу. Выказала спадзяванне, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі для яе класа.
Ліцэісты падчас першай сустрэчы прыйшлі ў карэкцыйны цэнтр з гульнёвай праграмай, якую правяла Дар’я Асіпук. У зале панавала добразычлівая, цёплая атмасфера. Усім было весела. Дзеці лёгка ўступалі ў кантакт, знаходзілі агульную мову. Старшакласнікі падарылі малодшым таварышам пластылін, альбомы для малявання і каляровую паперу, якія, безумоўна, паспрыяюць развіццю творчых здольнасцяў выхаванцаў цэнтра.
Падчас другой сустрэчы дырэктар ЦКРНіР Кацярына Лугаўская правяла для ліцэістаў экскурсію па ўстанове, расказала пра жыццё ў цэнтры. Юнакі і адзіная прадстаўніца прыгожай паловы Вольга Цупа задавалі шмат пытанняў, на якія атрымлівалі грунтоўныя адказы. Цікавіліся маладыя людзі і праблемамі, з якімі сутыкаюцца педагогі. Ліцэісты прапанавалі сваю дапамогу пры правядзенні розных мерапрыемстваў – канцэртаў, ранішнікаў… Тым больш, што пэўны вопыт у іх ужо ёсць: яны прымалі ўдзел у інклюзіўным фестывалі “Адной планеты дзеці”, што адбыўся першага снежня.
Днямі ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі стартавала новая акцыя – “Ажыццяві мару”. У холе будзе ўстаноўлена ялінка, упрыгожаная паштоўкамі, а ў іх – мроі-жаданні нашых навучэнцаў і выхавальнікаў: які падарунак кожны з іх хацеў бы атрымаць на Раство. І няхай гэтыя мары ажыццявяцца!
Людміла ЦУПА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.