Акцябрат чакаюць цікавыя справы

 

Наталля ВАЛОШКА.
Акцябрацкая сям’я трэцяй гарадской адзінаццацігодкі папоўнілася новымі сябрамі. Больш чым шасці дзясяткам другакласнікаў ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны акцябрацкія значкі.
А папярэднічалі гэтаму цікавыя заданні, складаныя пытанні для другакласнікаў, з якімі яны справіліся на выдатна. Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў цікавым падарожжы з мноствам выпрабаванняў, якія для малодшых сяброў падрыхтавалі старэйшыя таварышы-піянеры. Акцябратам давялося прадэманстраваць сваё веданне роднага краю і мовы, адгадаць шмат мудрагелістых загадак і казак, расказаць, чым яны дапамагаюць бацькам дома і па гаспадарцы.
Прысутныя на свяце мамы, таты, бабулі і дзядулі пераканаліся, што іх дзеці і ўнукі дружныя, актыўныя, вясёлыя, спартыўныя, знаходлівыя і старанныя.
Дзяўчаткі і хлапчукі прыгадалі пяць правілаў акцябрат, а таксама ўрачыста паабяцалі быць вернымі паслядоўнікамі піянерскіх традыцый, старанна вучыцца, не пакідаць сяброў у бядзе, быць чэснымі і справядлівымі, любіць сваю Радзіму.
Пасля гэтага намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Кулагіна, педагог-арганізатар Юлія Канапліцкая, класныя кіраўнікі 2“А”, “Б” і “В” класаў Валянціна Якімук, Тамара Куцішка і Ганна Клімчук разам з актывам піянерскай дружыны школы ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам акцябрацкія значкі. Прагучалі пажаданні поспехаў ды настойлівасці і абяцанне, што акцябрат чакаюць цікавыя справы.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.