Анатоль РОСТАЎ.
У сярэдзіне лістапада прайшло пасяджэнне раённага аб’яднання прафсаюзаў, у якім, акрамя лідараў прафесійных ячэек прадпрыемстваў і арганізацый Жабінкаўшчыны, удзельнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк і кіраўнік ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі.
Па ініцыятыве старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны Калыбскай былі ўнесены змены ў склад Савета: замест старшынь ячэек, што склалі свае паўнамоцтвы, былі ўведзены новаабраныя.
Асобна кіраўнік праф-саюзаў Жабінкаўшчыны засяродзілася на выкананні сумесных з сацыяльнымі партнёрамі планаў па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016–2020 гады. У сваёй справаздачы Ніна Уладзіміраўна, прынамсі, падкрэсліла: агульныя намаганні, супрацоўніцтва прыносяць плён, што адчуваюць працаўнікі на месцах. Гэта пашырае давер з боку работнікаў як да прафсаюзаў, так і да наймальнікаў.
У абмеркаванні даклада актыўна паўдзельнічалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан, кіраўнікі прафкама Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Аляксандр Шчасюк ды пярвічкі прафсаюзнай арганізацыі ПМК-19 Валянціна Ляўчук. Кожны з іх распавядаў пра ўзаемаадносіны паміж прафкамамі і наймальнікамі ў сваіх арганізацыях і прадпрыемствах, пра поспехі і складанасці, што часам узнікаюць у рабоце, перспектывы далейшай дзейнасці, якая ідзе на карысць усім бакам у спрадвечным трохкутніку наймальнік–работнік–прафсаюз.
Вельмі змястоўным было выступленне спецыяліста па маркетынгу санаторыя “Буг” Вольгі Данілюк. На прыкладзе сваёй медыцынскай установы, што ўваходзіць у сістэму Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Вольга Мікалаеўна падрабязна спынілася на пытаннях аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння сяброў прафесійных саюзаў і прадстаўнікоў іх сем’яў.
Па выніках пасяджэння былі прыняты адпаведныя пастановы.
Асобным запамінальным момантам сходу стала ўганараванне дыпломамі і сувенірамі пераможцаў і прызёраў конкурсу пярвічных прафсаюзных арганізацый, што праводзіўся сёлета на Жабінкаўшчыне з ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%