Стартаваў месячнік грамадскага кантролю

Як паведаміла ў рэдакцыю старшыня раённага аб’яднання Ніна Калыбская, да 31 снежня нацыянальны прафцэнтр праводзіць месячнік грамадскага кантролю за ўтрыманнем тэмпературнага режыму на працоўных месцах. Тэхнічныя інспектары працы правядуць рэйдавыя праверкі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Увага будзе надавацца выкананню заканадаўства пры рабоце ва ўмовах неспрыяльнага надвор’я, стану санітарна-бытавых памяшканняў і забеспячэнню працаўнікоў спецвопраткай.
Дарэчы, у Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі дзейнічае “гарачая лінія”. Гэта дазваляе аператыўна адсочваць недахопы і парушэнні правілаў аховы працы.

“Хронікі Ладамерыі”

Пад такой назвай ва Уладзіміры-Валынскім (Украіна) 30 лістапада і 1 снежня ладзілася міжнародная гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя, прымеркаваная да 1025-годдзя заснавання епіскапскай кафедры ў адным з найстаражытнейшых гарадоў Кіеўскай Русі, колішняй сталіцы Валынскага княства. Беларусь на навуковым фэсце прадстаўлялі краязнаўцы Юрый Барысюк з Кобрына і жабінкавец Анатоль Бензярук. Тэма, агучаная Анатолем Расціслававічам, выклікала зацікаўленасць у прысутных. Яна грунтавалася на малавядомых дакументах першай паловы ХVI стагоддзя, якія сведчаць пра валынскія і палескія вытокі знакамітага роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Матэрыялы канферэнцыі выдадзены асобнай кнігай.

Сталоўка для птушак

На календары – зіма. Для птушак і жывёл наступае няпросты час – выпрабаванне снегам і холадам, калі знайсці корм стане значна цяжэй.
Каб дапамагчы пярнатым перанесці зімоўку, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, адукацыі, спорту і турызму, раённая цэнтралізаваная клубная сістэма, райкам ГА “БРСМ” аб’яўляюць конкурс па вырабе кармушак “Сталовая для птушак”. Вы можаце зрабіць сваімі рукамі кармушку любога памеру (з дрэва, фанеры, пласмасы і інш.) і прынесці да 20 снежня па адрасе: г. Жабінка, вул. Кірава, 91 (каб. 9). Больш падрабязна па тэл. 23-2-33.
Вынікі конкурсу будуць падведзены падчас раённага свята навагодняй ёлкі “Зімовы фэст”. Пераможцы ў намінацыях “Цуд-сталоўка”, “Практычны твор”, “Прыз глядацкіх сімпатый” атрымаюць дыпломы і сувеніры. Кармушкі будуць развешаны ў гарадскім парку. Паспяшайцеся!

Лепшыя турысты –
у Ракітніцы

У другі снежаньскі дзень у Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі адбыўся штогадовы раённы конкурс “Турысцкая творчасць” сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 66 вучняў 5-10 класаў.
Праграма конкурсу складалася з этапаў: арыент-шоу, фігурнае кіраванне веласіпедам, вязка вузлоў, віктарына “Мая Жабінкаўшчына”. Для ўдзельнікаў спаборніцтва былі распрацаваны маршруты на тэрыторыі ўнутранага дворыка цэнтра творчасці.
Лепшымі сталі каманды Ракітніцкай, другой гарадской і Ленінскай сярэдніх школ. Дзеці, якія паказалі лепшыя вынікі, прымуць удзел ад Жабінкаўшчыны ў першынстве Брэсцкай вобласці па спартыўным арыентаванні ў зале.
Пажадаем юным турыстам, якія абараняюць гонар нашага раёна, паспяховага выступлення і яркіх перамог.

 

 

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*