Сёння раёнка завяршае публікацыю кароткіх біяграфій навукоўцаў, паяднаных лёсамі з жабінкаўскай зямлёй.
Заканчэнне.
Пачатак у №№ 73, 81, 89.
СНІТКО Галіна Мікалаеўна [нар. 1971,
в. Азяты], навуковы супра-цоўнік БрДУ імя А.С. Пушкіна, зараз начальнік вучэбнага аддзела Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў, падручнікаў і метадычак для школ.
ТРАФІМУК Андрэй Аляксеевіч [16.08.1911,
в. Федзькавічы, – 24.03.1999, г. Новасібірск, Расія], доктар геолага-мінералігічных навук, акадэмік, прафесар, Герой Сацыялістычнай Працы (1944), кавалер шасці ордэнаў Леніна (1944, 1948, 1967, 1975, 1981, 1986), ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна “За заслугі перад Айчынай” ІV ступені, узнагароджаны васьмю медалямі.
Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, заслужаны дзеяч навукі Якуцкай АССР, Башкірскай АССР, Бурацкай АССР. Ганаровы нафтавік Міннафтапрама СССР, ганаровы разведчык недраў, ганаровы работнік газавай прамысловасці СССР, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, ганаровы член Расійскай экалагічнай акадэміі.
У 1946 і 1950 гадах станавіўся лаўрэатам Сталінскіх прэмій СССР І катэгорыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, прэміі імя
А.П. Карпінскага. Аўтар звыш 500 навуковых прац.
Ганаровы грамадзянін горада Новасібірска (1983). У 2000 годзе Андрэю Трафімуку пасмяротна прысвоена званне “Грамадзянін ХХ стагоддзя Новасібірскай вобласці”. У яго гонар на будынку Аб’яднанага інстытута нафтагазавай геалогіі і геафізікі ўсталявана мемарыяльная дошка. Імя Андрэя Трафімука носіць інстытут геалогіі, геафізікі і мінералогіі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук.
ТРЭМБІЦКІ Антоній Вікенцій [1764, маёнтак Плошча, што некалі месціўся паміж Жабінкай і Маціевічамі, – 1842, маёнтак Ломна пад Варшавай], грамадскі і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, дэпутат Вялікага Сойма (1790), мемуарыст. Першы па часе нараджэнец Жабінкаўшчыны, які займаўся навуковай дзейнасцю, распрацаваў новыя тэхналогіі развіцця сельскай гаспадаркі, вучоны-аграрый.
ЦЫБУЛЯ Канстанцін Рыгоравіч [нар. 12.06.1970,
в. Малыя Сяхновічы], кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Інстытута прыкладной геафізікі Росгідрамета ў Маскве. Паводле рашэння Савета РАН па космасе ад 3 ліпеня 2014 г., Канстанцін Цыбуля ўведзены ў склад секцыі “Сонечна-Зямныя сувязі”, якая дзейнічае пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта РАН Анатоля Петруковіча.
ЦЫБУЛЯ Леў Арцем’евіч [нар. 26.11.1934, хут. Антанін каля в. Арэпічы], кандыдат геолага-мінералагічных навук (1970), навуковы супрацоўнік Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі Беларусі, затым старшы навукоўны супрацоўнік, загадчык лабараторыі геалогіі і карысных выкапняў Геалагічнага інстытута Кольскага навуковага цэнтра РАН. Удзельнічаў у экспедыцыях Мурманскага марскога біялагічнага інстытута і тэрытарыяльнага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і кантролі асяродку ў морах Паўночна-Ледавітага акіяна. Аўтар звыш 80 навуковых прац, у тым ліку: “Новае ў вывучэнні мінеральна-сыравінных рэсурсаў Мурманскай вобласці (нафтагазаноснасць Баранцавамарскога шэльфа)” (1989) і “Цеплавое поле Баранцавамарскога рэгіёна” (1992).
ЦЫБУЛЯ Мікалай Арцем’евіч [19.02.1928, хут. Антанін каля в. Арэпічы – 25.06.2013, в. Арэпічы], кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры аўтамеханікі і тэлемеханікі на чыгуначным транспарце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта шляхоў зносін. Меў 19 патэнтаў на рацыяналізатарскія вынаходніцтвы, аўтар метадычкі “Уладкаванне чыгуначнай аўтаматыкі і тэлемеханікі” (2003).
ШОРАХ Рыгор Паўлавіч [3.03.1930, в. Налезнікі – 26.04.2013, г. Мінск], прафесар (1980), доктар медыцынскіх навук (1975), загадчык кафедры неадкладнай хірургіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя СССР” (1988), меў званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” (1998), абраны дзейсным акадэмікам Беларускай акадэміі медыцынскіх навук (1999). Узначальваў праўленне таварыства хірургаў Мінска, загадваў кафедрай прыкладной хірургіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. 23 сакавіка 1993 года стаў першым айчынным хірургам, што выканаў лапараскапічную халецыстытэктамію пры вострым халецыстыце. Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку чатырох манаграфій, васьмі вынаходніцтваў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%