Жаночае шчасце Валянціны Хоміч

Жаночае шчасце Валянціны Хоміч

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Кожную раніцу Валянціна Хоміч спяшаецца на работу ў той час, калі большасць гараджан яшчэ бачаць каляровыя сны. Яе працоўны дзень, як і іншых жывёлаводаў, пачынаецца а пятай гадзіне раніцы. На ферме “Падлессе” ААТ “Хмелева” яе прыходу з нецярпеннем чакаюць 305 дойных рагуль. Скаціна атрымлівае “сняданак” і выстройваецца ў чаргу на дойку.
– Зараз працаваць – любата, – расказвае Валянціна Сцяпанаўна. – Задача аператараў машыннага даення цяпер – падрыхтаваць вымя, сцадзіць першыя струмені малака, каб не прапусціць у агульны “кацёл” малако з мастытам, прымацаваць даільныя шклянкі на вымя, а потым зноў яго апрацаваць спецыяльнымі растворамі. Нашай сучаснай даільнай зале акурат два гады споўнілася. Жывёла спачатку палохалася станкоў, таго, што людзі падыходзяць да яе ззаду, а не збоку, як гэта было пры даенні ў малакаправод. А цяпер – нічога, прызвычаіліся. Стала лягчэй працаваць. Увіхаецца двойчы на дзень з трыма сотнямі дойных кароў Валянціна Хоміч разам з напарніцай Любоўю Кавальчук. Чатыры дні працуюць, пяты – выхадны. На падмену асноўным аператарам прыходзіць Жанна Крывалевіч.
Валянціна расказала, што ставіцца да сваёй работы вельмі акуратна і адказна. Яна любіць і шкадуе жывёл, ведае іх звычкі і характар. Напрыклад, адна пярэстая рагуля заўжды на дойку прыходзіць першая – нікога наперад сябе не прапусціць, другая, наадварот, “галантна” становіцца ў канцы чаргі і ідзе ў стойла самая апошняя. Ёсць сярод жывёл спакойныя і цярплівыя і наадварот – жвавыя і бойкія. Амаль палова статка – высоканадойныя каровы, даюць ад 16 да 24 кілаграмаў малака. Асабліва задаволена Валянціна Сцяпанаўна, што яно вельмі тлустае – 4,2-4,4 % (пры базіснай 3,6 %), а галоўнае, якаснае. Так, амаль 3 тоны малака адпраўляецца штодня з фермы на “Савушкавы прадукт” гатункам “экстра”. Пры даенні ў малакаправод такога выніку дабіцца амаль немагчыма.
– За 9 месяцаў надой на карову склаў 5869 кілаграмаў, – кажа загадчык фермы Галіна Лось. – Мы намагаемся збалансавана карміць скаціну і папаўняць статак рамонтнымі цялушкамі. А дзяўчаты клапоцяцца пра якасць даення. Вопыту ім не займаць, асабліва Валянціне Хоміч. Яна больш за дзясятак гадоў працавала цялятніцай і больш за шэсць – доіць рагуль. Каб на ўсіх фермах былі такія руплівіцы, як наша Валянціна!
Свой прафесіяналізм Валянціна Хоміч пацвердзіла сёлета ў абласным конкурсе сярод аператараў машыннага даення. Вярнулася з дыпломам удзельніцы і каштоўным падарункам. Да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК яе самаадданая і шчырая праца адзначана Граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
Прафесія аператара машыннага даення не самая лёгкая. Увогуле, у вёсцы мала лірызму і адпачынку. Аднак Валянціна – надзвычай шчыры і дабрадушны чалавек. Цеплыню яе рук адчуваюць не толькі “калгасныя” каровы, але і ўласная – агульная любіміца сям’і. Ёсць у хлеўчыку таксама свінні, птушка, а ў двары – сабака-вартаўнік. Клапоціцца Валянціна, каб у дабротным цагляным доме было ўтульна і камфортна ўсёй сям’і – мужу- механізатару, тром дзецям. Дачка Ганна ўжо амаль дарослая – вучыцца ў Брэсце на цырульніка. 16-гадовы Руслан
– студэнт Пружанскага сельгаскаледжа, атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-механіка. На тры гады маладзейшы Сцёпка – сямікласнік Хмелеўскай сярэдняй школы. Ён яшчэ не вызначыўся з будучай прафесіяй, затое ён першы мамін памочнік па хатняй гаспадарцы.
У вольныя гадзіны Валянціна любіць пачаставаць сям’ю смачненькім. Летам яе “аддушына” – гародчык і кветкі.
Нібыта ўсё ёсць для простага жаночага шчасця: дом, сям’я, праца, што прыносіць задавальненне. Чаго яшчэ жадаць?

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*