Здзітаўскай Свята-Мікіцкай царкве 28 верасня споўнілася 515 гадоў. З гэтай нагоды прыход наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які правёў святочную літургію ў саслужэнні настаяцеляў царкоўных прыходаў Жабінкаўскага дабрачыння, сакратара епархіі протаіерэя Пятра Рамановіча, у прысутнасці многіх вернікаў Здзітаўскага прыхода і шматлікіх гасцей з другіх прыходаў.
Уладыку Іаана з хлебам, соллю і кветкамі сустракалі царкоўны стараста Андрэй Варанчук і сястра-гаспадыня Надзея Панасюк. На прыступках царквы архіепіскапа Іаана віталі навучэнцы нядзельнай школы. У зваротнай прамове Уладыка блаславіў дзетак на вучобу. У царкве высокага госця вітаў настаяцель храма протаіерэй Стэфан Гапанюк. Пачалася ўрачыстая святочная літургія.
Пасля службы святары і вернікі пад царкоўны звон прайшлі хрэсным ходам вакол старажытнага храма. Надвор’е стаяла цудоўнае, быццам нябесныя сілы радаваліся разам з усімі вернікамі.
Архіепіскап Іаан выступіў перад прысутнымі з пропаведдзю, пасля гэтага ўручыў граматы вернікам, што зрабілі шмат, каб царква стала больш прывабнай. У храме праведзены касметычны рамонт: пафарбаваны дах, сцены, вокны, дзверы. Прыбрана прылягаючая тэрыторыя, пасаджана шмат кветак уздоўж алеі. Нямала жывых кветак было пастаўлена ў царкве ля абразоў.
Апошні капітальны рамонт храма быў праведзены паўтара века назад – у 1863-1864 гадах тагачасным настаяцелем Фёдарам Васільевічам Бегаловічам. Тады ахвяравальнікам выступіў рэдактар газеты “Дзень”, вядомы расійскі пісьменнік Іван Сяргеевіч Аксакаў.
На сучасны момант царкве зноў патрабуецца капітальнае аднаўленне. Неабходна зрабіць падмурак пад сцены, пакласці ізаляцыю фундамента, замяніць вокны, паставіць вадасцёкі.
Прыходскіх сродкаў на гэтыя работы няма, таму запрашаем ахвяравальнікаў прыняць удзел у рамонце храма, каб наша Свята-Мікіцкая царква яшчэ шмат часу паслужыла Богу і людзям.
Міхаіл КУЗІЧ, прыхаджанін Свята-Мікіцкай царквы ў Здзітаве.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%