Многія лічаць каросту хваробай мінулага. Таму добрапрыстойныя грамадзяне, якія знайшлі ў сябе на целе дзіўную сып, нават не падазраюць, што з’яўляюцца носьбітамі карослівага кляшча.
Між тым, захваральнасць на каросту ў апошні час рэзка ўзрасла, не выключэннем стаў і наш Жабінкаўскі раён, дзе штогод рэгіструецца дадзенае захворванне.
Пры з’яўленні першых жа насцярожваючых сімптомаў трэба паспяшацца да ўрача, бо кароста – хвароба не толькі непрыемная, але і заразная. Гэта паразітычная скурная хвароба, для якой характэрныя сып на скуры, інтэнсіўны начны сверб, раздзіранне і ўтварэнне карослівых хадоў. Узбуджальнікам каросты лічыцца карослівы клешч, які можа жыць без прысутнасці чалавека ад трох да пяці дзён. У большасці выпадкаў заражэнне абумоўлена цесным кантактам з хворым, аднак каростай можна заразіцца і праз рэчы хворага чалавека (адзенне, пасцельную бялізну, ручнік, мачалку). Сярод дзяцей распаўсюджванне гэтай інфекцыі магчыма пры сумесным выкарыстанні цацак. Перадача захворвання ад аднаго чалавека да іншага адбываецца з-за скучанасці насельніцтва, антысанітарнага становішча, бязладнага палавога жыцця.
Першыя сімптомы каросты могуць з’явіцца ўжо праз некалькі гадзін пасля кантакту з хворым чалавекам ці рэчамі, якімі ён карыстаўся. Але часцей гэта адбываецца праз 5-7 дзён. Як правіла, дадзенае захворванне можна выявіць ужо пасля вывучэння сімптомаў. Аднак для пацвярджэння дыягназу выкарыстоўваюць таксама мікраскапічнае даследаванне.
Каб не захварэць на каросту, выконвайце наступныя правілы:
1. Не карыстайцеся чужым адзеннем, ручнікамі, мачалкамі, іншымі прадметамі.
2. Не ўступайце ў выпадковыя палавыя сувязі.
3. Захоўвайце асабістую гігіену.
4. Калі вы прымаеце ад іншых людзей рэчы, якія былі ва ўжыванні, абавязкова памыйце іх пры тэмпературы не менш за 55 градусаў і ў далейшым прагладзьце прасам.
Іна БАЙЦУН, памочнік урача-эпідэміёлага Жабінкаўскага райЦГЭ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%