За надзейнасць жабінкаўскіх дарог!

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.

У апошнюю нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаюць свята ўсе тыя, чый прафесійны шлях адлічваецца кіламетрамі дарог. Пагадзіцеся, сёння ўжо немагчыма ўявіць наша жыццё без аўтамабіляў, якія дазваляюць дамчацца за лічаныя гадзіны да аддаленых месцаў. А хуткасць напрамую залежыць ад якасці дарог. Пра дзейнасць філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ
№ 103, якое сочыць за станам дарожнага пакрыцця ў раёне, расказаў яго начальнік Яўген Хамюк.

На прадпрыемстве сёння працуе 67 чалавек. Гэта галоўным чынам вадзіцелі аўтамабіля, пагрузчыка, трактарысты, машыністы аўтагрэйдара, экскаватара і дарожныя рабочыя. Таксама ў ДРБУ № 103 працуюць механікі, майстры, інжынеры, бухгалтары, токар, кладаўшчык, прыбіральшчыца, маляр, электрагазазваршчык, слесар-электрык і вартаўнікі. Увесь гэты невялікі, але зладжаны й добра арганізаваны калектыў і забяспечвае надзейнасць жабінкаўскіх дарог.
Аб’ём дарожных работ, выкананых ДРБУ № 103 сёлета, склаў 1670,1 тысячы рублёў, што на 300 тысяч больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. Значна павялічыліся паказчыкі рэнтабельнасці продажаў і рэалізаванай прадукцыі. Вырасла і сярэднямесячная заработная плата супрацоўнікаў, тэмп яе росту склаў амаль 120 %.
Яўген Хамюк расказаў, якія буйныя праекты рэалізавала прадпрыемства сёлета. Як і многія іншыя арганізацыі, ДРБУ № 103 прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы аграгарадка Ленінскі да раённага свята “Дажынкі”. Быў праведзены рамонт гравійных вуліц, змянілася дарожнае пакрыццё на вуліцы Леніна, акультураны пешаходныя дарожкі. На працягу года выканана рэканструкцыя 12 аўтобусных прыпынкаў на ўчастку Ківацічы – Мацясы – Агароднікі – Жабінка. Апроч таго, для зручнасці мясцовых жыхароў і дачнікаў паміж Здзітавам і Новымі Дворамі пракладзена велапешаходная дарожка. Працаўнікі ДРБУ № 103 паклапаціліся і аб бягучым рамонце гравійных дарог на ўчастках Булькова – Задзерць, Бусні – Ленінскі, Жабінка – Рачкі – Тэльмы, а таксама транспартнай развязкі ў раёне вёскі Рагозна праз трасу М1. І гэта далёка не поўны спіс зробленага ў бягучым годзе.
Дарэчы, у ДРБУ № 103 практычна ўсё гатова да надыходу халадоў. Распрацаваны планы ўтрымання дарог у асенне-зімовы перыяд. На балансе прадпрыемства 9 снегаачышчальных машын і 4 адзінкі пескараскідвальнай тэхнікі.
Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка былі адзначаны лепшыя работнікі ДРБУ № 103. Механік Віктар Галавейка ўзнагароджаны дыпломам ад КУП “Брэстаблдарбуд” як лепшы лінейны спецыяліст. Ганаровыя граматы ад брэсцкага прадпрыемства атрымалі таксама трактарыст Аляксандр Мельнічэнка і вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Старыкевіч. У сувязі з прафесійным святам за сумленную працу ў справе будавання, рамонту і ўтрымання дарог вадзіцелі аўтамабіля Аляксандр Старыкевіч і Мікалай Залеўскі, вадзіцелі пагрузчыка Аляксандр Голях і Уладзімір Яшчук, дарожны рабочы Віктар Муха і трактарыст Аляксандр Мельнічэнка атрымалі званне “Лепшы па прафесіі”. Яны занесены на Дошку гонару прадпрыемства і ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі. Вадзіцель пагрузчыка Уладзімір Яшчук адзначаны граматай Жабінкаўскага райвыканкама.
Дарэчы, майстэрства нашых дарожнікаў адзначылі і брэсцкія калегі. Да канца 2017 года і ў наступным прадпрыемства будзе працаваць у Брэсцкім раёне на аб’екце Вычулкі –
Ямна. Застаецца пажадаць калектыву ДРБУ № 103 прафесійнага развіцця і прыбытковых праектаў.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.