На Ганаровай дошцы Міністэрства

Сёлета Ганаровая дошка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь папоўнілася імем, якое ведаюць многія жабінкаўцы. Гэтак адзначана праца начальніка аддзела прымусовага выканання Ірыны Тэадаровіч. У органы юстыцыі Ірына Генадзьеўна прыйшла чвэрць стагоддзя таму. За гэты час дасягнула пасады начальніка АПВ – галоўнага судовага выканаўцы Жабінкаўскага раёна. Дзейнасць аддзела, якім Ірына Тэадаровіч кіруе больш за тры гады, заўсёды знаходзіцца на добрым рахунку ў вобласці. Ірына Генадзьеўна актыўна ўдзельнічае ў прававым выхаванні жыхароў раёна, арганізуе шматлікія семінары-нарады, прыёмы, на якіх тлумачыць нормы дзеючага заканадаўства краіны, выступае з лекцыямі і публікацыямі ў СМІ, у тым ліку на старонках “Сельскай праўды”.

Хто сабраў найбольшы “ўраджай” лайкаў?

18 кастрычніка падведзены вынікі конкурсу “Я і мама ў аб’ектыве”, які да Дня маці арганізаваў РК ГА “БРСМ”. Тройку лідараў вызначыла галасаванне, якое праходзіла з 13 па 17 кастрычніка ў групе “Моладзь Жабінкаўшчыны” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Першае месца ў фотаконкурсе заняла Аксана Бяльчук з сынам Антошкам, сабраўшы найбольшы “ўраджай” лайкаў – 420. На другім месцы – Дар’я Ніканчук з матуляй Алёнай Адамаўнай, у якіх больш за 370 галасоў. Завяршае тройку прызёраў Вольга Судас з сыночкам Даніілам, набраўшы больш за 300 лайкаў. Віншуем пераможцаў! Для іх РК ГА “БРСМ” падрыхтаваў граматы і падарункі.

З акцыяй – у госці да школьнікаў

У рамках другога этапу рэспубліканскай акцыі “Моладзь за бяспеку” спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС Ганна Усцьянчык наведалася ў Ленінскую і Хмелеўскую адзінаццацігодкі, а таксама ў Жабінкаўскую школу-інтэрнат. Для хлопчыкаў і дзяўчынак яна падрыхтавала шмат прыемных сюрпрызаў.
Ганна Анатольеўна расказала навучэнцам пра Беларус-кую моладзевую арганізацыю выратавальнікаў-пажарных, пазнаёміла з яе дзейнасцю. З дапамогай відэароліка ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат новага пра гэтую нялёгкую і адказную прафесію, пра дзейнасць МНС. Таксама хлопчыкаў і дзяўчынак уразіў фільм “Пражыць адно жыццё – выратаваць тысячы”. Супрацоўнік РАНС зацікавіла вучняў прэзентацыяй часопіса “Юны выратавальнік” і мабільнага дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач”, які многія з іх захацелі ўстанавіць сабе на тэлефон.
Акрамя таго, у сярэдзіне кастрычніка ў раёне прайшоў трэці этап акцыі “Моладзь за бяспеку”, прымеркаваны да Дня маці.

Сумныя ахвяры вады

Купальны сезон даўно завяршыўся, аднак вада працягвае збіраць сумныя ахвяры. Так, на мінулым тыдні гора прыйшло адразу ў дзве жабінкаўскія сям’і. Трое маладых людзей адпачывалі на ўлонні прыроды на ўзбярэжжы Мухаўца. Прыемны тон сустрэчы надавала гарэлка. Першы з кампаніі адправіўся дадому, за ім паспяшаўся другі, а трэці, 25-гадовы жыхар райцэнтра, пераблытаў накірунак і зваліўся з берага ў ваду. Затуманены алкаголем, не змог самастойна выбрацца і патануў.
У суботу выпадак з трагічным фіналам адбыўся на возеры Візжар. Жыхар аграгарадка Пелішча разам з сябрам займаўся падводнай начной рыбалкай. Калі 49-гадовы рыбак зноў даў нырца і доўга не з’яўляўся на паверхні, занепакоены сябар выклікаў адпаведныя службы. На жаль, сябра дасталі з вады ўжо нежывога. Прычына яго гібелі вызначаецца.

Віноўнік “засвяціўся” на камеры

18 кастрычніка ў Жабінкаўскі РАУС звярнулася грамадзянка, якая працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка. Яна паведаміла пра выкраданне з гандлёвага павільёна на рынку, што на вуліцы Леніна, мабільнага тэлефона коштам 167,5 рубля. Аддзел крымінальнага вышуку хутка выявіў, што крадзеж здзейсніў 61-гадовы непрацуючы жыхар вёскі Вужа Капыльскага раёна Мінскай вобласці, які нават не здагадваўся, што “засвяціўся” на камеры відэаназірання. Узбуджана крымінальная справа.

Гасцямі поўніцца музей

На працягу кастрычніка ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі паспяхова праходзяць музейна-педагагічныя заняткі “Бабулін куфар”, на якіх ужо пабывалі вучні другой гарадской, а таксама Крыўлянскай і Якаўчыцкай адзінаццацігодак. Актыўна наведваюць музей і брэсцкія школьнікі. Днямі тут пабывалі навучэнцы 12-й і 28-й школ горада над Бугам.

Я б у міліцыю пайшоў. На экскурсію

Вучні трэцяй гарадской школы наведалі Жабінкаўскі РАУС. Экскурсію для школьнікаў правёў намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Яўген Самускевіч. Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў дзяжурнай часці, рабочых кабінетах супрацоўнікаў, пазнаёміліся з асаблівасцямі і новымі метадамі аховы правапарадку ў горадзе.
Участковы інспектар па справах непаўнагадовых Аляксандра Сівухіна патлумачыла школьнікам, якое пакаранне прадугледжана за здзяйсненне правапарушэнняў і злачынстваў.
У заключнай частцы дзеці паглядзелі цікавы фільм пра нялёгкія будні супрацоўнікаў Жабінкаўскага РАУС.

У цэнтры ўвагі людзіз праблемамі зроку

З 15 кастрычніка па 15 лістапада Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” праводзіць у Брэсце і Брэсцкай вобласці месячнік “Чалавек з белым кіем”. Асноўная яго мэта – прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да дзейнасці арганізацыі і яе сяброў, да праблем інвалідаў па зроку.
У межах месячніка праходзіць рэспубліканская акцыя ГА “БелТІЗ” “На прыёме ў выканкаме: грамадзянін з белым кіем”. Для работнікаў адміністрацыі райвыканкама будзе праведзены семінар-трэнінг па этыкеце зносін з невідушчымі людзьмі.
Сябры Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” прымуць удзел у мерапрыемстве, прысвечаным 120-годдзю ўтварэння школы сляпых у Беларусі, якое адбудзецца на базе спецшколы-інтэрната.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.