Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Адны мараць пра жыццё ў вялікім горадзе, дзе шмат людзей і машын, высокія будынкі і прэстыжная работа, дзе адкрыты свет магчымасцяў. Іншыя жадаюць звязаць лёс з сельскай мясцовасцю, працаваць на зямлі, гадаваць дзетак на ўлонні прыроды. Сям’я Дзмітрыя і Марыны Данілюкоў паспрабавала і першы, і другі шлях, але ў рэшце рэшт памяняла беларускую сталіцу на вёску Багданы, што на Жабінкаўшчыне, і не пашкадавала пра гэта.
– Ідэя пасяліцца ў ціхай вёсцы і займацца справай па душы ўзнікла ў мяне прыкладна ў 25 гадоў, – прызнаўся Дзмітрый. – Мяне вабіла жыццё ў вясковым доміку, побач з прыродай, дзе можна трымаць гаспадарку, вырошчваць садавіну і гародніну. Я разумеў, што такія ўмовы будуць карысныя для будучых дзяцей, да таго ж жонка падтрымлівала мяне.
Маі героі пазнаёміліся ў 2008 годзе, а праз год згулялі вяселле. Маладыя людзі мелі вышэйшую адукацыю – Дзмітрый атрымаў тэхнічную спецыяльнасць у БДУІР, а Марына скончыла фізічны факультэт БДУ. Некаторы час мужчына выкладаў у родным універсітэце, потым 13 гадоў працаваў у сталіцы праграмістам. Яго жонка шчыравала ў Мінску настаўніцай фізікі і інфарматыкі. Нягледзячы на добры заробак, Дзіма не пакінуў сваёй мары, а прыклаў усе намаганні, каб яна спраўдзілася.
У 2010-м сям’я Данілюкоў папоўнілася хлопчыкамі-двайнятамі Артурам і Цімурам. З нараджэннем дзетак мае героі пакінулі сталіцу і нейкі час жылі на малой радзіме Марыны – у Смілавічах. Надоўга сям’я не затрымалася на Міншчыне і ўжо ў 2013 годзе распакоўвала рэчы ў вёсцы Багданы.
– Мае дзядуля і тата родам з Жабінкаўскага раёна – з Тамашак, – заўважыў галава сям’і. – Гэта побач з Багданамі, таму можна сказаць, што я вярнуўся на радзіму сваіх продкаў. Да таго ж нам падыходзіў такі невялічкі і спакойны населены пункт.
Увесь гэты час сям’я займаецца вырошчваннем экалагічна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі для сябе і на продаж. Дзмітрый з задавальненнем рупіцца ва ўласнай фермерскай гаспадарцы “ЦіАр-Агра” і апрацоўвае дзевяць гектараў зямлі. Акрамя гародніны вырошчвае шмат ягад: клубніцы, парэчкі, маліну, чарнаплодную рабіну (аронію), ажыны. У мінулым годзе пасадзіў сад пладовых дрэў. Марына дапамагае мужу і праводзіць час з дзеткамі – у 2016-м нарадзілася дачушка Дзіяна.
Данілюкі адзначаюць, што вырошчванне прадукцыі без дабаўлення розных хімічных сродкаў – справа няпростая, карпатлівая, патрабуюе шмат часу, пэўных ведаў і навыкаў. Дзмітрый чытае спецыялізаваную літаратуру, займаецца даследчай дзейнасцю, шукае новыя падыходы, намагаецца адрадзіць натуральную мікрафлору ў зямлі і знайсці сваю “формулу” для вырашэння задач у гэтай справе. Ёсць і паражэнні, і перамогі. Напрыклад, сёлета да пачатку кастрычніка мае героі мелі на градках грунтавыя памідоры.
Трымаюць Данілюкі і пэўную жыўнасць, якая дазваляе мець на стале натуральную здаровую ежу. Гэта кароўка Буня, парсючкі, козы, гусі і куры. Марына клапоціцца аб тым, каб у сям’і былі дамашнія малако, смятанка, сыр і тварог. Другакласнікі Артур і Цімур вельмі любяць маміны пірагі, розную выпечку. Хлопчыкі дапамагаюць бацькам, добра вучацца, а тата прывівае ім любоў да роднай мовы – у доме часта гучыць сакавітае беларускае слова.
Працоўны дзень маіх герояў пачынаецца з самага ранку. Прыемных клопатаў шмат: дзеткі, жыўнасць, фермерская гаспадарка. Мужчына шкадуе, што ў краіне так мала аднадумцаў, з якімі можна параіцца, абмяняцца вопытам. Ра-зам можна знайсці адказы на самыя складаныя пытанні. Прыкметна, што Дзмітрый і Марына шчыра любяць тое, чым займаюцца, і нават у ціхай маленькай вёсачцы гучна бруіць іх жыццёвая крыніца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%