Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Вядомая ісціна: шчаслівы той дом, які поўніцца дзіцячымі галасамі і смехам. У сям’і Васіля і Таццяны Карнелюкоў са Старога Сяла сямёра дзяцей і пяцёра ўнукаў, іх бацькоўскае шчасце шматкратна памножана.
Таццяна Карнялюк (у дзявоцтве Кузьміч) карэнная старасілка. Тут нарадзілася і вырасла, у школу хадзіла, родны калгас на працу прыняў, дзе рупілася спачатку аператарам машыннага даення, потым – жывёлаводам. У Старым Сяле і другую палавінку сваю сустрэла. У гаспадарку на заробкі прыязджалі брыгады з Ратнаўскага раёна Украіны. Сярод хлопцаў Таццяна прыкмеціла спрытнага ды гаваркога Васіля Карнелюка, які ўжо адслужыў і быў за яе на тры гады старэйшы. У сваю чаргу і яму дзяўчына спадабалася: сціплая ды працавітая. Маладыя людзі пачалі сустракацца і неўзабаве загаварылі пра вяселле. Марш Мендэльсона прагучаў для іх у лютым 1994-га.
У тым жа годзе ў сям’і нарадзіўся першынец – сынок Валодзька, яшчэ праз год Таццяна і Васіль гушкалі Андрэйку.
Спачатку маладая сям’я жыла ў Таццяніных бацькоў, потым доўгі час у аднапакаёўцы, якую выдзеліў для іх, сваіх працаўнікоў, калгас “Беларусь”. Сюды з раддома прывезлі дзетак Юру і Аню. Тады шматдзетная сям’я Карнелюкоў атрымала прэзідэнцкі домік. У яго бусел наведваўся двойчы, прыносячы весткі аб нараджэнні Насці і Каці.
Дружна жылі Васіль і Таццяна, працавалі, гадавалі дзяцей, але марылі аб сваім уласным доме. Як вядома, калі моцна нечага хочаш, жаданне ажыццяўляецца. Дзякуючы дзяржаўнаму крэдытаванню за два гады быў пабудаваны прыгожы вялікі дом з белай цэглы, і Карнелюкі перайшлі туды жыць. Па прасторных пакоях там бегае цяпер малодшая дачушка Васіля і Таццяны Ксюша, якой у сакавіку будучага года споўніцца тры годзікі.
Пры размове запытала ў Таццяны Пятроўны, ці думала яна, што столькі дзетак будзе ў сям’і, ці планавалі?
– Мы з мужам самі са шматдзетных сем’яў, – адказала жанчына. – У маёй нас гадавалася пяцёра, у Васілёвай – дзявяцера. Мы таксама хацелі па прыкладзе бацькоў быць у гэтым статусе, толькі, як бачыце, у нашым выпадку атрымалася залатая сярэдзіна – сямёра дзетак.
Пра ўсіх мне расказала Таццяна Пятроўна. Старэйшы Уладзімір жанаты, жыве ў Ракітніцы. Ён – шматдзетны тата, мае сыночка і дзвюх дачушак, адна з якіх названа ў гонар бабулі – Танечкай. Змалку Валодзя меў цягу да тэхнікі, таму працуе аўтаслесарам у абласным цэнтры. У Андрэя таксама свая сям’я, якая абаснавалася тут, у Старым Сяле. Займаюць тую аднапакаёвую кватэру, у якой калісьці жылі бацькі. Андрэй багаты на двух сыночкаў. Атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, як і старэйшы брат, ездзіць на працу ў Брэст. Юра пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я. Кляшчова вярнуўся ў родную вёску і рупіцца ў ААТ “Азяты АГРА”. Хлопца мы не засталі дома: у той дзень праходзіў прызыўную камісію ў ваенкамаце. Ганначка – васьмікласніца Старасельскай адзінаццацігодкі. Першая маміна памочніца. Гэта ў яе абавязках чысціня і парадак у доме. Любімыя прадметы ў школе – руская і беларуская мовы і літаратуры ды біялогія.
Насця ходзіць у шосты клас. Ёй больш даспадобы царыца навук матэматыка ды фізкультура. Займаецца арыгамі – з паперы ў дзяўчынкі атрымліваюцца прыгожыя кветкі і цуда-птушкі. Другакласніца Каця адрозніваецца ад сваіх старэйшых сястрычак-шчабятушак: больш спакойная, ураўнаважаная. З вялікім задавальненнем ходзіць у школу, любіць вучыцца. Наглядае за малодшай сястрычкай і перад сном чытае ёй казкі. Разам дзяўчынкі наведваюць нядзельную школу Свята-Мікалаеўскай царквы ў Азятах. Ксенія парадавала нас дэкламаваннем вершаў, якіх на свой узрост ведае нямала. У яе выкананні прагучалі вядомыя радкі пра Таню, якая моцна плача, і бычка, які вось-вось упадзе, бо дошчачка канчаецца.
Я знайшла момант запытацца ў дзяцей пра маму, пакуль Таццяна Пятроўна надзявала ордэн Маці, які быў уручаны ёй у 2007 годзе. Толькі жанчына зачыніла дзверы, як з усіх бакоў пасыпалася: добрая, прыгожая, мілая, сучасная, справядлівая, самая лепшая і любімая. Дзеці расказалі, як весела ў сям’і адзначаюцца дні нараджэння, як разам сабіраюцца ўсе за святочным сталом на Раство і Вялікдзень, на Новы год і
8 Сакавіка, на іншыя святы і якую смакату гатуе тады мама. Усім даспадобы яе піца, запечаная курачка, пірагі ды булачкі.
Калі выйшлі ў двор, каб сфатаграфавацца, сустрэліся з гаспадаром – Васілём Трахімавічам. Ён якраз вярнуўся з райцэнтра, куды ездзіў па справах. Дзеці ўзрадаваліся, што тата паспеў, і шкадавалі, што на здымку не будзе Валодзі, бо ён на працы, і Юры, які затрымаўся ў ваенкамаце. На рукі да таты папрасілася Ксюша, да мамы прыгарнулася Кацярынка, старэйшыя дзеці сталі побач з бацькамі. Вось яна – вялікая, дружная і гасцінная сям’я Карнелюкоў, у гэтым мы ўпэўніліся, пабываўшы ў іх дома.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%