Крысціна СЕМЯНЮК.
У канцы верасня ў Брэсце прайшоў семінар для журналістаў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі “Фінансавая пісьменнасць насельніцтва. Актуальныя аспекты банкаўскага заканадаўства”. Яго арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Разам з прадстаўнікамі СМІ вобласці ў мерапрыемстве прыняла ўдзел і газета “Сельская праўда”.
Адкрыў семінар уступным словам начальнік галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка па Брэсцкай вобласці Іван Пацоўскі. Іван Іванавіч адзначыў, што СМІ сёння ўносяць істотны ўклад у павышэнне фінансавай пісьменнасці насельніцтва, а таму журналісты і самі павінны валодаць актуальнай прававой і банкаўскай інфармацыяй. Менавіта з гэтай мэтай і праводзіўся ў чарговы раз падобны семінар.
З дакладам на тэму “Пра ўдзел СМІ ў рабоце па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва” выступіў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч. Ён расказаў, што рэгіянальныя выданні шырока асвятляюць на сваіх старонках фінансавую тэматыку. Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваюцца ў СМІ апошнім часам, – Указ № 240 “Пра дзяржаўную падтрымку грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”, правядзенне рэспубліканскай акцыі для дзяцей “Твае першыя фінансы”, правілы бяспечнага карыстання банкаўскімі карткамі.
Падчас семінара журналістаў пазнаёмілі з асноўнымі зменамі заканадаўчых актаў, што праводзяцца ў рамках дэдаларызацыі эканомікі, накірункамі крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ААТ “ААБ Беларусбанк”, адказалі на актуальныя пытанні па АІС “Разлік” (АРІП).
У завяршэнне Іван Пацоўскі выказаў спадзяванне, што падобныя семінары для СМІ будуць праводзіцца і далей, а ў выніку гэта станоўча паўплывае на агульны ўзровень фінансавай пісьменнасці насельніцтва вобласці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%