Праграма – для маладых сем’яў
На працягу двух дзён праходзіў злёт маладых сем’яў “Вера. Надзея. Каханне” на базе туркомплексу “Белае возера”. 20 сямейных пар з Брэстчыны прынялі ўдзел у рознатэматычных і цікавых мерапрыемствах: выставе рушнікоў, абрадзе “ружовае вяселле”, наведалі Брэсцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, паспаборнічалі ў спартыўнай эстафеце, праявілі кулінарныя здольнасці ў конкурсе страў, сустракаліся з сямейным псіхолагам, дэманстравалі фота з самымі яскравымі момантамі свайго сямейнага жыцця.
Жабінкаўшчыну на злёце сёлета прадстаўляла сям’я Лугаўскіх з аграгарадка Ленінскі. У Мікалая і Кацярыны падрастаюць двое сыночкаў. Са злёту Лугаўскія вярнуліся з процьмай прыемных уражанняў, а таксама з дыпломам пераможцы ў намінацыі “Самая спартыўная сям’я”.
Прынялі ўдзел у першынстве
20-21 верасня ў горадзе над Бугам адбылося першынство Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы.
СДЮШАР Жабінкаўскага раёна на ім прадставілі восем спартсменаў. Трэція месцы па выніках першынства сярод лёгкаатлетаў 2004-2005 гадоў нараджэння занялі Павел Лучыц і Сяргей Свіціч, якія займаюцца ў трэнера Сяргея Адзінца. “Бронзу” Павел атрымаў па выніках двух відаў забегаў на 60 і 300 метраў, а таксама трайнога скачка з месца. Сяргей – пасля забегу на 60 метраў, скачка ў даўжыню з разбегу, а таксама трайнога з месца. Сярод 19 каманд лёгкаатлетаў Брэсцкай вобласці жабінкаўскія спартсмены заваявалі дзясятае агульнакаманднае месца.
Аперацыя “Арсенал”
На тэрыторыі Жабінкаўскага раёна з 2 па 6 кастрычніка праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Арсенал”. Будуць выяўляцца асобы, якія незаконна захоўваюць зброю, боепрыпасы. У цэнтры ўвагі таксама – умовы захоўвання зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, іх перавозка.
Да слова, на Брэстчыне сёлета канфіскавана 101 адзінка незарэгістраванай зброі, больш за 5 тысяч боепрыпасаў рознага калібру. 121 адзінку гэтай катэгорыі зброі грама-дзяне здалі добраахвотна. Зарэгістравана 75 незаконных дзеянняў у адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, вінаватыя асобы пакараны.
Нагадваем, што грамадзяне, якія добраахвотна здадуць зброю, вызваляюцца ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%