Гэта гісторыя здарылася сёлетняй зімой. А пачалася яна акурат на Стары новы год, 13 студзеня. Аляксандра М., якая пражывала разам са сваім грамадзянскім мужам, яго братам і іх маці ў Жыціні, прыбіралася ў той дзень у хаце. Наводзячы парадак у сценцы ў зале, жанчына знайшла керамічны чайнік, у якім знаходзіліся долары ЗША. Аляксандра ўзрадавалася такой знаходцы і вырашыла перш-наперш зрабіць сабе “падарунак” на Стары новы год. Яна прысвоіла 330 долараў, частку з якіх памяняла ў Жабінцы ў банку і купіла на іх прадукты харчавання, адзенне і біжутэрыю. Праз некаторы час, калі “зялёныя” скончыліся, Аляксандра ўзяла з чайніка яшчэ 400 долараў, абмяняла ў банку і паехала “шыкаваць” у Брэст, дзе прабыла два дні. Украдзеныя грошы патраціла на спіртныя напоі, ежу, забаўляльныя цэнтры. Пасля гэтага, вярнуўшыся ў Жыцінь, жанчына апусташыла запаветны чайнік яшчэ на 200 долараў ЗША і абмяняла іх на аўтобусным прыпынку ў жыцінца М. на амаль 400 беларускіх рублёў. За іх Аляксандра М. набыла прадукты харчавання для свайго дня нараджэння і шыкоўна адзначыла 20-годдзе.
Аднак, колькі вяровачцы не віцца, усё роўна канец будзе. У сярэдзіне лютага маці грамадзянскага мужа Аляксандры праверыла керамічны чайнік і выявіла, што ў ім не хапае 930 долараў. Яна паведаміла пра гэта жонцы сына і заявіла аб прапажы ў міліцыю. З паказанняў жанчыны на судзе стала вядома, што яе сын Аляксандр К. (брат сужыцеля Аляксандры М.) перыядычна ездзіць на заробкі ў Расійскую Федэрацыю, пры гэтым заробленыя грошы пераводзіць у долары ЗША і захоўвае іх у керамічным чайніку ў сценцы ў зале, дзе іх і знайшла Аляксандра М. Яна паквапілася на чужыя грошы, як ліса на мядзведзеў мёд у казцы, і пачала паціхеньку іх “прыхватызаваць”.
На судзе вінаватая поўнасцю прызнала сваю віну, чыстасардэчна раскаялася ў здзейсненым і часткова кампенсавала ўрон, нанесены брату сужыцеля.
Прааналізаваўшы сабраныя доказы, суд прыйшоў да высновы, што абвінавачаная здзейсніла тайны крадзеж маёмасці і яе дзеянні кваліфікуюцца паводле ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і назначыў Аляксандры М. пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на тэрмін адзін год з утрыманнем 10 працэнтаў з заробку ў даход дзяржавы, але не менш за адну базавую велічыню штомесячна.
З гэтай гісторыі ўсе яе ўдзельнікі павінны вынесці пэўныя высновы. Абвінавачаная Аляксандра М., што крадзены “мёд” не салодкі, а пацярпелы Аляксандр К., што чайнік – не надзейная схованка для “зялёных”. Лепшае месца захавання зберажэнняў – банк.
Таццяна ЖАРЫНАВА, памочнік пракурора раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%