Прафесійны і моладзевы саюзы – у адкрытым дыялогу

 

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

ШЧЫЛЬНЫЯ КАНТАКТЫ і шчыры дыялог паміж моладдзю і прафсаюзамі – прыкмета часу, у якім узаемная падтрымка дапамагае рухацца наперад, вырашаючы надзённыя задачы. Не сакрэт, што найбольш актыўную частку працаўнікоў ва ўсялякім калектыве складаюць тыя, каму яшчэ не споўніўся 31 год. Пра гэта неаднойчы падкрэслівалася ў час сумеснага пасяджэння старшынь саветаў моладзі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, маладзёжнага савета Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і актыву ГА “БРСМ”.
У працы прынялі ўдзел галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Святлана Лысенка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, першы сакратар райкама БРСМ Марыя Сянішына. Ніна Уладзіміраўна расказала пра ролю прафесійных саюзаў і вынікі анкетавання маладых спецыялістаў, што прыбылі летась на Жабінкаўшчыну. Марыя Сяргееўна, са свайго боку, пазнаёміла прысутных з асноўнымі напрамкамі дзейнасці моладзевага аб’яднання, якое яна ўзначальвае.
Вельмі змястоўным для ўдзельнікаў семінара стала наведванне вытворчых і бытавых памяшканняў камбікормавага завода, на базе якога ладзіўся семінар.
Экскурсію правяла намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Тамара Чапрасава (на здымку), якая распавяла пра арганізацыю працы з моладдзю, умовы, у якіх рупяцца і адпачываюць завадчане.
– Сярод 569 працаўнікоў – 165 маладыя людзі, – адзначыла Тамара Мікалаеўна. – Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт надаюць вялікую ўвагу выкананню калектыўнага дагавора, нормаў і патрабаванняў аховы працы, арганізацыі культурна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Каля дзесяці гадоў па васьмі відах спорту ладзіцца ўнутрызаводская спартакіяда. У яе рамках праводзіліся спаборніцтвы па спартыўнай рыбалцы на возеры Гута, што на Пружаншчыне. Былі арганізаваны водныя турыстычныя паходы па рэках не толькі Беларусі, але й суседніх краін. На заводзе абсталявана ўласная трэнажорная зала.
На прадпрыемстве маюцца пакоі для прыёму ежы, раздзявалкі, душавыя, пральня, майстэрня для рамонту спецадзення ды іншыя. Праведзена вучоба грамадскіх інспектараў па ахове працы. Сёмы год выдаецца заводская газета “Живкорм”.
У час пленарнага пасяджэння спецыялісты Цэнтра банкаўскіх паслуг № 109 ААТ “ААБ Беларусбанк” Іна Дрыч і Святлана Федзюковіч, якія былі запрошаны на сустрэчу, пазнаёмілі маладых людзей з умовамі размяшчэння ўкладаў, крэдытнай праграмай “Беларусбанка”, плацежнымі картамі, якія існуюць у сучаснасці.
Падводзячы рысу пад змястоўнай размовай, Ніна Калыбская адзначыла:
– Моладзеваму савету Жа-бінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыням саветаў моладзі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, актыву ГА “БРСМ” і ў далейшым неабходна старацца прыцягваць працоўную моладзь да ўдзелу ў рэалізацыі вытворчых задач, фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю, развіваць пазітыўныя ініцыятывы і творчую актыўнасць.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.