Чым багаты маталяне – жабінкаўцам толькі сніцца

 Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Ужо не адзін год жабінкаўцы спяць і бачаць, каб арганізаваць у сябе нарэшце нейкі адметны фестываль абласнога ці нават рэспубліканскага маштабу. Аднак пакуль мы марым, суседзі даўно гэта маюць і развіваюць. Прыкладаў шмат, адзін з іх – “Мотальскія прысмакі”, якія ўжо ў восьмы раз ладзіліся 12–13 жніўня на Янаўшчыне.
Гадоў дзесяць таму, як толькі выспела ідэя фальклорна-кулінарнага фестывалю ў старадаўнім Моталі, ён быў раённым. За гэты час смачная ды песенная імпрэза набыла шырокую вядомасць у краіне і за яе межамі, узнялася на абласную прыступку і дацягнулася да міжнароднага ўзроўню.
Як жа сёлета адфестывалілі?
Дабрацца да Моталя – няпростая задача, калі не маеш уласнага транспарту. Аднак двухдзённае мерапрыемства сабрала прыкладна столькі ж гасцей, як нядаўняе 200-годдзе Жабінкі. Вось што значыць вядомасць і прадчуванне свята! Наколькі ж яно спраўдзілася?
Мне давялося пабываць на фэсце ўпершыню, таму агульнае ўражанне было станоўчым. Але ж некаторыя з тых, хто не першы раз завітаў у фестывальны Моталь, трохі насы варацілі, бо міжволі параўноўвалі з ранейшымі часамі, калі цэнтральнай часткай імпрэзы было не фаершоу, шматмоўныя спевы альбо гандаль, а кулінарнае спаборніцтва хлебасольных маталянак з бясплатнымі дэгустацыямі. Гэта і лагічна, як не забывацца, што галоўнае слова ў назве – “прысмакі”.
Сёлета ж “правілі баль” спевакі і танцоры, найперш з Украіны, Польшчы, Літвы і Расіі. Увогуле, так бы мовіць, міжнародны складнік нярэдка пераважаў над айчынным, паляшуцкім. Госці з Вільні ў 35-градусную спёку на велічэзных патэльнях увішна гатавалі каўбаскі, збіраючы натоўпы жадаючых падсілкавацца, узбекі гандлявалі шматлікімі спецыямі, а кітайцы ладзілі бясплатна (увогуле, прадстаўнікі з Паднябеснай былі адзінымі, хто не прасіў ні рубля, ні юаня) чайную цырымонію ды вучылі кары

стацца палачкамі, ужываючы народныя стравы, папулярныя за Вялікай Кітайскай сцяной.
І ўсё ж вопыт маталян жабінкаўцам варта мець на ўвазе, калі мы вырашым нарэшце, што і Жабінцы не хапае 

 

маштабнага фэсту абласнога, рэспубліканскага або планетарнага “разліву”. А вопыт гэты, на наш погляд, мае пяць важных складнікаў: актыўнае прасоўванне ўсяго свайго, янаўскага, на ўсялякіх узроўнях; падтрымка сувязяў з суайчыннікамі, якія даўно з’ехалі ў дальнія краі, але дасюль адчуваюць настальгію пры словах “Янава (Іванава)” ды “Моталь”; надзвычай шырокая рэклама свайго свята; крэатыўнасць у афармленні; смелы погляд у будучыню.
Усё гэта дадае прывабнасці Іванаўскаму раёну. І тады адно свята магнітам пачынае прыцягваць наступнае. Таму й было агучана з гонарам на “Мотальскіх прысмаках-2017”:
– Сёлета Дзень пісьменства з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прымае старажытны Полацк. А ў 2018 годзе чакаем усіх на Дні пісьменства ў Іванаве!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.