Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Студэнтку 4-га курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Насцю Сідорка англійская мова пакарыла сваім лексічным багаццем, кітайская – прыгажосцю пісьма. Праз першую дзяўчына бліжэй пазнае Захад, а праз другую адкрывае для сябе Усход. Насця паспяхова вучыцца – усе тры гады яна ў ліку выдатнікаў, займаецца перакладамі, перамагае ў творчых конкурсах, удзельнічае ў валанцёрскім руху і марыць пабываць у Паднябеснай.
Яшчэ ў школе, васьмікласніцай, Насця прачытала раман вядомай англійскай пісьменніцы Шарлоты Брантэ “Джэйн Эйр”. Кніга ўразіла. З тае пары дзяўчына стала цікавіцца англійскай літаратурай і Віктарыянскай эпохай – перыядам, калі з 1837 па 1901 год Вялікабрытаніяй правіла каралева Вікторыя. Тады ж з’явілася жаданне прачытаць любімы твор па-англійску, кнігу на мове арыгінала прывезла Насці ў падарунак старэйшая сястра Вольга. Паспрабавала – аказалася, складана. Было прынята рашэнне англійскую мову вывучаць паглыблена і больш дасканала. Для гэтага дзяўчына абрала філалагічны профіль у гарадскім ліцэі і пачала зай-
мацца з рэпетытарам. У канцы дзясятага класа Насця перачытвала любімыя моманты ў рамане ўжо па-англійску. Свой лёс яна вырашыла звязаць з замежнымі мовамі, таму пасля паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання павезла дакументы ў лінгвістычны ўніверсітэт у сталіцу і падала на перакладчыцкі факультэт. Цяпер Насця Сідорка ў кагорце лепшых студэнтаў і яго гонар. Англійская мова – асноўная, з другога курса вывучае кітайскую.
Дзяўчына паспяхова перакладае: двойчы станавілася пераможцай факультэцкага конкурсу перакладаў у намінацыі “Паэзія”, перакладала з англійскай. Была лепшай і ў конкурсе аратарскага майстэрства. Ён даволі складаны і мае некалькі этапаў. На першы – паэтычны – Насця падрыхтавала шэкспіраўскі санет № 90, на другі – празаічны – маналог Kellie Powell “Bargaining”, які прачытала пад музыку Рахманінава. У трэцім – сцэнічным – паказала свае акцёрскія здольнасці: разам з сябрам-студэнтам інсцэніравалі ўрывак з п’есы Ібсена “Лялечны дом”. Строгае і кампетэнтнае журы ацаніла цудоўнае вымаўленне і артыстызм выступоўцы – у выніку Насці прысудзілі першае месца.
Дзяўчына працавала і на кінафестывалі “Лістапад” – перакладала з англійскай мовы на рускую. Сёлета ў лютым прымала ўдзел у Міжнародным сімпозіуме літаратараў, прымеркаваным да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, які праходзіў у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы, – працавала ў секцыі перакладаў. У выніку дзякуючы Насці па-руску “загучалі” каля дзесяці кітайскіх вершаў рознага памеру, і пераклады былі высока ацэнены экспертамі.
Нягледзячы на занятасць, Насця займаецца валанцёрствам. Летась удзельнічала ў падрыхтоўцы навагодняга ранішніка для выхаванцаў SOS-дзіцячай вёскі ў Бараўлянах. Да гэтай дабрачыннай справы прыцягнула і замежных студэнтаў факультэта.
Удасканальваць веданне англійскай мовы дапамагаюць чытанне літаратуры, газет і часопісаў, прагляд кінафільмаў і, канечне, моўны асяродак. Так, гэтым летам Насця Сідорка мела магчымасць сустрэцца і пагутарыць на розныя тэмы са студэнтамі з Англіі і ЗША пад час знаходжання ў хрысціянскім лагеры на Магілёўшчыне.
Марыць дзяўчына пабываць і ў Паднябеснай, прайсці там стажыроўку, бліжэй пазнаёміцца са звычаямі і традыцыямі народа, мову якога вывучае. Да слова, яна здала міжнародны экзамен і дасягнула трэцяга ўзроўню ведання кітайскай мовы, зараз рыхтуецца да здачы іспытаў на чацвёрты. Яе вабіць прыгажосць іерогліфаў, тэхніку напісання якіх адшліфоўвае ў вольны час. Насця ўпэўнена ідзе да сваёй мэты – вывучыць складаную кітайскую мову і звязаць з ёю сваю будучыню.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%