Поўніцца хата водарам квасу мядовага

козич

Дар’я НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Завітала ў Малыя Сяхновічы да Козічаў. Гаспадара Васіля Васільевіча застала за любімай справай – у спецыяльнай “экіпіроўцы” ён завіхаўся каля вулляў. Пчалярствам займаецца з юнацтва, таму ведае ўсе яго прамудрасці, размова пра якія пайшла за кубачкам гарбаты з духмяным мёдам.
Усё пачалося з цікавай знаходкі, якая калісьці трапілася бацьку майго героя. Аднойчы на сваім полі Васіль Сямёнавіч абрабляў бульбу і заўважыў цэлы пчаліны рой. Насякомыя прытаіліся, сабраўшыся ў вялікі “клубок”. Мужчына беражліва зняў яго і прывёз дадому. З тых часоў працавітыя Козічы заўжды трымалі сваю пасеку. Але ж для майго героя пчалярства – гэта не проста справа для душы, з ім звязаны ўвесь працоўны шлях.
– У 1976-м я пасля арміі паступіў у Смілавіцкі зоаветэрынарны тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-пчаляра, – кажа Васіль Васільевіч. – Асабліва падабаліся практычныя заняткі, якія праходзілі ў вучэбнай гаспадарцы, да таго ж студэнты стажыраваліся ў пчолагадавальніках Брэста, Баранавічаў, Гродна. Дагэтуль памятаю цікавыя сустрэчы пад час вучобы з вядомым на ўсю краіну берасцейскім пчаляром Пятром Агаркавым.
У той час Васіль Козіч займаў у сваёй групе ганаровую пасаду старасты, а пасля заканчэння тэхнікума атрымаў дыплом “з адзнакай”. Аднак самыя цёплыя ўспаміны студэнцкіх гадоў звязаны з іншым. У сценах сваёй навучальнай установы Васіль Васільевіч сустрэў каханне на ўсё жыццё. Тады Таісія Мікалаеўна атрымлівала ў Смілавічах адукацыю агранома. З тых часоў яны ўжо ніколі не расставаліся – летам наступнага года адзначаць рубінавае вяселле.
Маладога спецыяліста Козіча накіравалі ў родны Жабінкаўскі раён, у калгас “Беларусь” у Азяты, дзе Васіль Васільевіч самастойна арганізаваў вялікую пасеку, у якой налічвалася 250 пчаліных сем’яў. Такая колькасць работы патрабавала лішніх рук – з цягам часу памочнікам майго героя стаў Пётр Мікіцюк. Васіль Васільевіч працаваў і зноў вучыўся. Ён без экзаменаў быў залічаны ва Усесаюзны сельскагаспадарчы інстытут завочнай адукацыі на зоаінжынерны факультэт у Маскве. У Азятах маладая сям’я пражыла чатыры гады, а пасля пераехала ў Жабінку, дзе Васіль Козіч стаў раённым заатэхнікам па пчалярстве. А ў 1995 годзе ён пачаў працаваць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, адкуль і выйшаў на заслужаны адпачынак.
– Затое з’явілася больш вольнага часу для пчол, – усміхаецца Васіль Васільевіч. – Перад выхадам на пенсію набылі домік у Малых Сяхновічах, дзе на прыродзе кожны заняўся любімай справай. Я завіхаюся каля вулляў, а вось уся гэтая прыгажосць на падворку, сапраўдны кветкавы рай – справа рук гаспадыні, якая з’яўляецца і маім натхняльнікам. Разам яшчэ працягваем рамонт дома – у жонкі столькі ідэй!
Пасека Козічаў зараз даходзіць да 20 пчаліных сем’яў. У асноўным гэта пчолы краінскай пароды, племянных матак каторай гаспадар набывае ў суседняй Польшчы. У кожную пару года пчолы патрабуюць пэўнага догляду.
Пасля зімоўкі Васіль Васільевіч вычышчае вуллі ад падмору, лечыць сваіх працавітых “падапечных”, папаўняе неабходны запас корму для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці і мікраклімату ў гняздзе. У канцы красавіка падстаўляе вашчыну. Да слова, Васіль Козіч самастойна вырабляе рамкі для вулляў.
У нашай мясцовасці з сакавіка пчолы пачынаюць насіць пылок, які ўтварае пяргу – корм для маладых пчолак. Час медазбору надыходзіць у маі. Васіль Васільевіч заўважае, што прадуктыўны радыус палёту насякомых складае два кіламетры. За дзень адна пчала робіць у сярэднім 10-12 вылетаў. Для больш эфектыўнай работы сваіх “падапечных” некаторыя пчаляры перавозяць пчол бліжэй да месцаў медазбору, што называецца качаваннем.
– Сезон медазбору пачынае цвіценне падбелу (мать-и-мачеха. – Заўвага аўтара), а заканчвае – верас, – расказвае Васіль Козіч. – У сярэднім адкачваю мёд два-тры разы на год. Гэтую “працэдуру” можна здзяйсняць тады, калі адна трэцяя сотаў будзе запячатана, але пажадана дачакацца, калі яны закрыюцца поўнасцю. Галоўнае, сачыць, каб мёд не закрышталізаваўся, што характэрна для рапсавага.
У канцы жніўня гаспадар рыхтуе сваіх пчолак да зімовага перыяду. Клопатаў шмат: апрацоўвае вуллі ад вараатозу, змяншае колькасць рамак у гняздзе, а таксама папаўняе медавы запас у пчаліных сем’ях для іх паўнацэннай зімоўкі. Васіль Козіч расказвае, што за сезон пчолы адной сям’і з’ядаюць да 90 кілаграмаў мёду, неабходнага для іх паўнавартаснай жыццядзейнасці.
З мёду гаспадар гатуе смачную медавуху розных відаў, мядовы квас (які давялося паспрабаваць і мне – сапраўды, смачны!), гаспадыня выпякае цудоўныя мядовікі і мядовае пячэнне, якое падабаецца ўнукам Марку і Давіду. З бацькоўскім мёдам любяць піць гарбату дочкі Дзіна і Іна. Для лячэння прастуды і зажыўлення ран хатнім дапамагае спіртавая настойка праполісу. Частуюць духмяным мёдам Козічы не толькі ўсю сям’ю, але і сваіх сяброў. Хаця Васіль Васільевіч пчаляр са стажам, ён не перастае ўдасканальвацца – чытае спецыяльную літаратуру, абменьваецца вопытам з аднадумцамі. Прызнаецца, што пчолы дораць энергію, маладосць і добры настрой.
На здымку: Васіль КОЗІЧ за любімай справай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.